Літва забараніла ўезд усіх легкавых аўтамабіляў з Беларусі

3-га красавіка ў Літве набыла моц урадавая забарона на ўезд легкавых аўтамабіляў з Расіі і Беларусі. Пасажыры з Латвіі і Польшчы змогуць перамяшчацца праз два памежныя пераходы, паведамляе «Свабода».

2a988eb4_691a_438a_bc17_b627ff7338eb_w1023_r1_s.jpg

«Пасля поўначы з Расіі і Беларусі ў Літву не дазваляецца ўезд ні праз адзін кантрольны пункт. На грузавы транспарт гэта не распаўсюджваецца», — адзначыў у каментары агенцтву BNS прадстаўнік службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедрус Мішуціс.

Дагэтуль пакідалася такая магчымасць для літоўскіх грамадзянаў, якія перасоўваліся транзітам праз Беларусь і Расію, грамадзян з відам на жыхарства ці дазволам на працу ў Літве, і хто ехаў на пахаванне сваякоў.

Цяпер уезд у Літву на легкавых аўтамабілях дазволены толькі праз памежныя пункты Калварыя-Будзіск з Польшчай і Салачай-Грэнцтале на мяжы з Латвіяй. Скарыстацца такой магчымасцю могуць толькі грамадзяне Літвы, іншаземцы, якія едуць транзітам праз краіну, і іншаземцы, якія маюць від на жыхарства або дазвол на працу ў Літве.

Пацвярджаецца, што грузавы транспарт па-ранейшаму можа перамяшчацца праз абсталяваныя пункты памежнага кантролю без аніякіх абмежаванняў, у тым ліку з беларускага боку.

Каранцін у звязку з каронавірусам ўведзены ў Літве папярэдне да 13 красавіка. Аднак вялікая імавернасць таго, што тэрмін падоўжаць.