Літва і беларусы: ад гасціннасці да высылкі
Палітыка літоўскіх уладаў у дачыненні да беларусаў з кожным годам мяняецца — і не ў лепшы бок. Стаўленне да тых, хто вымушаны быў уцякаць ад пераследу ў суседнюю краіну, пагаршаецца яшчэ і праз дыскусіі пра «ліцвінізм», што штучна падаграюцца знутры і звонку.
За апошнія паўгода цэнтры беларускай суполкі ў Вільні зазналі вандалізм шэсць разоў, сярод іх — музей, рэстаран і сувенірная крама. Літоўскія СМІ разважаюць пра беларускі імперыялізм і спробы ўсходняга суседа прысвоіць Вільню. Некаторых беларусаў высылаюць з краіны як «пагрозу нацыянальнай бяспецы». Можа падацца, што ў Літве кіпіць міжэтнічны канфлікт, пра які яшчэ пяць гадоў таму ніхто не чуў. Адкуль ён узяўся і ці існуе насамрэч?
Раніцай 28 ліпеня Дзмітрый і Вольга Фурманавы, як звычайна, прыйшлі адчыняць сваю крамку беларускіх сувеніраў на цеснай вулачцы ў цэнтры старой Вільні.
Месца люднае, таму Вольга не моцна здзівілася разбітаму акну. «Падумалі, гэта таму што тут бараў шмат, магчыма, хтосьці пагарэзіў», — кажа яна «Бі-бі-сі».
Але потым муж і жонка заўважылі на сцяне надпіс «Вяртайцеся дадому, беларускія свінні».
«Да Літвы прэтэнзій няма»
Тэарэтычна можна было б выказаць здагадку, што ў краіне NATO за 30 кіламетраў ад беларускай мяжы хтосьці з мясцовых не вельмі рады беларусам праз падазрэнні ў сувязях з рэжымам Лукашэнкі.
Але гісторыя Дзмітрыя і Вольгі — класічны шлях палітычных уцекачоў.
Яны пераехалі ў Вільню пасля выбараў 2020 года, на абодвух у Беларусі былі заведзеныя крымінальныя справы. Дзмітрыя затрымалі ў Гродне на Савецкай плошчы, калі ён збіраў подпісы за кандыдатку ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую.
Вольга і бацькі Дзмітрыя зладзілі галадоўку, дзесяць дзён спалі на вуліцы проста ля ўваходу ў СІЗА. Вольга з'ехала ў Вільню ў 2020 годзе, Зміцер — адразу пасля выхаду з турмы, праз паўтара года пасля затрымання.
«Я думаю, менавіта гэтая акцыя Волі з бацькамі паўплывала на такі маленькі тэрмін», — кажа Дзмітрый.
Цяпер сувенірная крама, што пацярпела ад вандалаў у цэнтры Вільні, — асноўная крыніца даходу для сям'і з грудным дзіцем.
«Менавіта да Літвы, да літоўцаў прэтэнзій няма. Мы думаем, што гэта не Літва, гэта, хутчэй за ўсё, з боку [Аляксандра] Лукашэнкі правакацыя, каб пасварыць, наадварот, беларусаў і літоўцаў», — кажа Вольга.
«Можа, нехта проста хуліганіў...»
З тых часоў прайшло пяць месяцаў, на працягу якіх нападам вандалаў падвергліся яшчэ пяць будынкаў, звязаных з беларускай супольнасцю.
3 верасня былі разбітыя вокны музея Івана Луцкевіча ў Вільні. 26 кастрычніка ў тым жа будынку невядомыя падпалілі дзверы і аблілі чырвонай фарбай беларускі мурал. І зноў пад падазрэнні трапілі мясцовыя бары.
«Першы раз падумалі [...] ну, ці мала што, ведаеце, тут такі раён, хто заўгодна можа зайсці, можа, проста хтосьці хуліганіў. Другі раз [...] тут яшчэ было напісана, кшталту, беларусы, прыбірайцеся прэч. [...] Ужо было як бы больш зразумела», — кажа Яўген Кепул, валанцёр цэнтра.
Хто стаіць за гэтымі нападамі, Яўген дакладна не ведае, але думае, што гэта «спецыяльна навучаныя людзі», якія «нагнятаюць абстаноўку».
«Гэта выгадна Крамлю ў першую чаргу, — кажа ён. — Іх мэта — агульная дэстабілізацыя сітуацыі ў краінах Еўропы і, так бы мовіць, распальванне нацыянальнай і міжнацыянальнай, міждзяржаўнай варожасці».
4 верасня невядомыя стрэлілі ў вокны памяшкання, дзе праводзіла службы беларуская царква. 5 лістапада надпіс «Літва для літоўцаў» з'явіўся на сцяне суседняга будынка, у якім знаходзіцца беларуская рэстарацыя «Карчма 1863».
5 верасня надпіс «Беларускім паразітам тут не месца» пакінулі каля брамы цэнтра дапамогі беларускім і ўкраінскім уцекачам «Дапамога».
«Людзі, якія прайшлі турмы»
«Дапамога» — гэта трохпавярховы будынак плошчай 700 квадратных метраў на ўскрайку Вільні. Вакол — індустрыяльныя аб'екты, мінакоў амаль няма. Зайсці туды выпадкова вандалы наўрад ці маглі.
Дом належыць сям'і Наталлі Колесавай, яна пераехала ў Літву з Беларусі 24 гады таму. Наталля таксама думае, што за вандалізмам стаяць рэжымы суседніх краін, якія, імаверна, наймаюць кагосьці ў Літве. Яна кажа, што ў Беларусі ў яе арыштаваная маёмасць і даўно заведзеная крымінальная справа праз дапамогу суайчыннікам, уцекачам у ЕС.
Пасля выбараў 2020 года, калі Літва адкрыла гуманітарны калідор для палітычных уцекачоў, Наталля пачала размяшчаць іх у пустых праз пандэмію памяшканнях сямейных гатэляў. Сярод іх — будынак, які яна называе «беларускім палацам».
«Тут на трэцім паверсе адначасова жывуць каля 20 чалавек, другі паверх — для мерапрыемстваў, унізе — склад з гуманітарнай дапамогай і кухня. У любы час можна прыйсці выпіць гарбаты, адчуць нейкую блізкасць», — кажа яна.
Наталля паказвае памяшканні з камінам і ляпнінай на столях, гаворыць, што дом калісьці належаў цыганскаму барону. Журналісты «Бі-бі-сі» прыйшлі проста перад монаспектаклем пра эміграцыю — такія мерапрыемствы традыцыйна збіраюць у «палацы» публіку.
На кухні хтосьці наразае бутэрброды, хтосьці раздае цукеркі, усе па чарзе прапануюць гарбату. На другім паверсе, у зале з беларускімі сцягамі і гістарычнымі фотаздымкамі, хтосьці расстаўляе крэслы для спектакля. У гасцёўні з камінам госці з Варшавы знаёмяцца з землякамі з Брэста.
«Гэта людзі, якія перажылі турмы», — гаворыць Наталля. Паводле яе слоў, праз арганізацыю прайшлі больш за дзве тысячы чалавек: хтосьці прыходзіць выпіць гарбаты, камусьці трэба недзе ночыць, камусьці патрэбна дапамога з дакументамі. Шанцуе не ўсім.
Наглядчык «палаца» — доктар навук, працягвае Наталля, у Беларусі ён адседзеў 11 гадоў. Яму дазволілі жыць у Літве.
Ёсць хлопец з асаблівасцямі развіцця, інвалід, адседзеў два гады ў калоніі строгага рэжыму за ўдзел у пратэстах, дзе «кідаў каменьчыкі». Ён таксама пакуль жыве ў Літве.
Была адна дзяўчына з лесбійскай пары, якую Літва палічыла пагрозай нацыянальнай бяспецы. Ёй давялося з'ехаць у Польшчу.
«Такой лёгкай легалізацыі для беларусаў, як пасля 2020 года, не было ніколі (...) У 2020-м годзе літоўцы жылі беларусамі», — кажа Наталля.
Цяпер, праз амаль тры гады пасля пачатку вайны і амаль чатыры пасля пратэстаў у Беларусі, прыкладна 30% «кліентаў» шэлтара атрымліваюць адмовы, кажа яна. Асноўная прычына — пагроза нацыянальнай бяспецы.
«Патрыёт да мозгу касцей»
Самы гучны выпадак у чарадзе адмоў — гісторыя Васіля Верамейчыка, які цяпер знаходзіцца дзесьці ў беларускай турме і, паводле слоў яго жонкі Яўгеніі, можа атрымаць вышэйшую меру пакарання. Іншымі словамі, яму пагражае смерць.
«Я на Літву вельмі злая праз усю сітуацыю, праз тое, што яны працягваюць рабіць з беларусамі, — кажа яна. — Глядзіце, у РФ увялі таўро "замежнага агента". У Беларусі ёсць таўро "экстрэмізму". Літва ўзяла таўро — "пагроза нацыянальнай бяспецы". І пад гэта падводзяць самыя абсурдныя кейсы».
«Бі-бі-сі» сустрэлася з Яўгеніяй у яе дома, у адным са спальных раёнаў Вільні. Яна жыве з дачкой і сібірскай коткай, працуе аддалена ў IT і марыць вярнуцца дадому.
З Васілём яны пазнаёміліся яшчэ ў школе, потым ён паступіў у Вайсковую акадэмію, шэсць гадоў адслужыў у беларускім войску. Яна не пярэчыла.
«Вася заўсёды быў вельмі патрыятычным. І, напэўна, праз узрост неяк рамантызаваў беларускае войска. Ён верыў, што гэта тое, што можа дапамагчы нам вызваліцца ад нейкага... не ведаю... расійскага ўплыву», — расказвае Яўгенія.
Потым, паводле яе слоў, Васіль расчараваўся і зразумеў, што беларускае войска — гэта «не тое месца, якое будзе дзесьці кагосьці калісьці ратаваць». Пасля выбараў 2020 года Яўгенія была двойчы затрыманая і атрымала дзве адміністрацыйныя справы, Васіль`— дзве крымінальныя справы.
Ён паспеў з'ехаць ва Украіну, але неўзабаве пачалася вялікая вайна з Расіяй.
«Вася вельмі шкадаваў, што ў 2014 годзе служыў у беларускім войску. Не было ў яго магчымасці апынуцца на Данбасе. Але ён заўсёды гаварыў, што, калі яны (войска РФ. — Заўв. рэд.) дойдуць да Кіева, ён абавязкова будзе там», — згадвае Яўгенія.
Ужо ў 2022 годзе, паводле слоў жонкі, Васіль удзельнічаў у вызваленні Кіеўскай вобласці (Буча, Ірпень) у складзе палка Кастуся Каліноўскага, сфармаванага пераважна з беларускіх добраахвотнікаў. Там ён быў кантужаны, потым ваяваў у Мікалаеўскай вобласці. А потым унутры палка адбыўся канфлікт.
«Ён расказваў, што спіць з гранатай пад падушкай, таму што вельмі баяўся кіраўніцтва палка», — згадвае Яўгенія.
«Хацеў вярнуцца на вайну»
Аляксандр Клачко, былы добраахвотнік палка Каліноўскага, пазнаёміўся з Васілём на базе брыгады «Азоў» у Кіеве. «Я ўдзельнічаў з ім у першым сваім баявым выхадзе. Для мяне гэта было штурм. Акупацыя вёскі Лазавая на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей. І ў нас нават фотаздымак сумесны ёсць. Мы там у адным акопе сядзім», — кажа ён.
Менавіта падчас штурму вёскі Лазавая, паводле слоў Аляксандра, у палку Каліноўскага пачаўся канфлікт: камандаванне палка дало загад адмовіцца ад удзелу ў аперацыі, а ўкраінскае камандаванне разлічвала на падтрымку беларусаў. Васіль пайшоў.
За гэтым эпізодам, паводле слоў Аляксандра, рушылі ўслед іншыя, адносіны Васіля з былым кіраўніцтвам палка канчаткова сапсаваліся. Аднак летам гэтага года кіраўніцтва палка змянілася, і цяпер былыя калегі актыўна спрабуюць дапамагчы Верамейчыку.
«Васіль Верамейчык лічыў, што менавіта гэты канфлікт з былым кіраўніцтвам палка Каліноўскага адыграў вось гэты злы такі жарт з тым, што потым, калі ён хацеў вярнуцца ва Украіну на вайну, [яму] было адмоўлена ва ўездзе», — кажа Аляксандр.
Пра забарону на ўезд ва Украіну Васіль даведаўся ўжо ў Літве, куды прыехаў да жонкі і дачкі. Там ён падаў дакументы на ВНЖ па ўз'яднання сям'і.
«Вася сваім жыццём гатовы быў ахвяраваць, каб спыніць гэтую вайну», — гаворыць Яўгенія.
Праз дзесяць месяцаў прыйшла адмова. Літоўскія ўлады палічылі Васіля «пагрозай нацыянальнай бяспецы» праз службу ў беларускім войску. Так ён аказаўся жыхаром Грузіі, а Яўгенія засталася ў Літве.
З Грузіі Васіль паехаў у адпачынак на Шры-Ланку, сустрэўся з сям'ёй, а потым вырашыў пажыць у В'етнаме, таму што «туды былі танныя квіткі». У В'етнаме яго затрымалі мясцовыя спецслужбы.
Яўгенія кажа, што з В'етнама Васіля перавезлі ў Маскву, адтуль — у Беларусь, дзе полк Каліноўскага прызнаны «тэрарыстычнай арганізацыяй». Нанятага сям'ёй адваката да яго не пускаюць, артыкулы, па якіх Васіля абвінавачваюць, жонцы невядомыя: «Але калі казаць мовай юрыспрудэнцыі, то наогул уся гэтая гісторыя падыходзіць пад самую вышэйшую меру пакарання Беларусі. Гэта смяротнае пакаранне».
«Нібыта ваяваў за Украіну»
«Выпадак з Васілём Верамейчыкам паказвае [...] сітуацыю з беларускімі ветэранамі і іх сем'ямі. Фактычна, сістэмнай падтрымкі нас няма», — адзначае Аляксандр Клачко.
Ён сам якраз цяпер чакае дакументы ў Літве і кажа, што ў выпадку вяртання ў Беларусь яму пагражае каля 25 гадоў турмы па дзесяці крымінальных справах. А ў Літве ён не мае права ні на працу, ні на медыцынскае абслугоўванне — нягледзячы на раненні і інваліднасць «праз Бахмут».
Журналісты «Бі-бі-сі» размаўлялі з Аляксандрам на адной з плошчаў Вільні, дзе беларусы кожны тыдзень праводзяць пікеты і спрабуюць дагрукацца да мясцовых уладаў.
Якраз цяпер у Літве пачынае працу новы ўрад, кіраўнік якога Гінтаўтас Палуцкас яшчэ ў ноч выбараў гаварыў «Бі-бі-сі», што падыход да ўцекачоў з Беларусі павінен быць перагледжаны.
«Мы як дзяржава, як грамадства, заклікаем беларусаў, якія бягуць ад рэжыму, прыехаць у Літву. Не ўсе, хто прыехаў, з'яўляюцца палітычнымі ўцекачамі. Некаторыя — проста эканамічныя мігранты, якія прыехалі ў Літву ў пошуках магчымасцей. І гэта нядрэнна, таму што яны робяць унёсак у нашу эканоміку, — гаварыў Палуцкас. — Адной з памылак цяперашняга (ужо былога. — Заўв. рэд.) урада была спроба змяніць умовы».
Паводле яго слоў, пагроза для нацыянальнай бяспекі існуе, але яе можна было б ліквідаваць за кошт больш дбайных праверак. Гэтыя праверкі і ствараюць праблемы для многіх беларусаў, аднак у Літве лічаць, што без іх краіна была б занадта ўразлівая для правакацый і сабатажаў.
Рашэнне ў дачыненні да Верамейчыка ён лічыць правільным:
«Там, зразумела, шмат дэталяў, і яны класіфікаваны. Ён (Верамейчык) нібыта ваяваў на баку Украіны супраць Расіі. Але гэта таксама, ведаеце... Як былы выведнік і як любы, хто цікавіцца гэтай сферай, а цяпер працуе ў гэтай сферы ў якасці старшыні камітэта [па нацбяспецы], я б сказаў, што гэта было б добрай маскіроўкай. Ідэальны. [...] Мы павінны дакладна разумець, што... гэта менавіта тое, што маглі б зрабіць расійскія ці беларускія агенты, гэта быў бы разумны прыём».
Цалкам прачытаць артыкул пра дыскрымінацыю беларусаў у Літвеможна тут.