«Клопат пра эканамічны росквіт не ўваходзіць у сферу службовых абавязкаў красаўцаў»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» спрабуе патлумачыць «красаўцам», што іх прэміі і заробкі наўпрост залежаць ад таго, колькі чалавек у Беларусі працуе. А вось працоўных становіцца ўсё менш, менавіта дзякуючы «красаўцам». Канешне, наўрад ці яны гэта зразумеюць, але…

_belarus_ekanomika_pradpryemstva_zavod_impartazamjaszczenne_2024_fota_novy_czas__4_.jpg

Некаторыя экстрэмісты пішуць, што з людзей, якія ўжо заплацілі выкуп КДБ, губазікі і пракуратура патрабуюць новы. Што само па сабе лагічна. Шантажысты ніколі не спыняюцца, калі могуць сабе гэта дазволіць. Але я цяпер не пра гэта.

Кажуць, што прынамсі некаторым, у каго просяць выкуп, пракуроры здзіўляюцца, што тыя не з'ехалі з краіны пасля першага разу. І я вось успомніў пра ўсе гэтыя гісторыі пра чысткі па палітычных матывах. У банках, на заводах, шахтах і ўсякіх іншых стратэгічных месцах, дзе хранічна не хапае людзей.

Вось з краіны з'ехала паўмільёна чалавек. Эканоміцы — толькі афіцыйна, — не хапае 170 тысяч рабочых рук. Дайшло да таго, што сёй-той паскардзіўся Пуціну, што людзі ад яго бягуць, а працаваць няма каму. І сапраўды ж няма каму. Гэта ж насамрэч цяпер, можна сказаць, галоўная пагроза беларускаму росквіту. І месцамі нават эканамічнай стабільнасці.

І вось, здавалася б, калі табе не хапае людзей, то можа неяк варта да людзей ставіцца мякчэй, а на пытанні глядзець шырэй. Я нават не кажу пра «спыніць генацыд беларускага народа». Я кажу пра тое, каб неяк вось не звальняць людзей, якія калісьці падпісаліся за Ціханоўскую. Або ў дваццатым годзе былі падпісаны на тут.бай. Не таму, што ў дваццатым годзе гэта было законна. А проста з практычных меркаванняў. Каб было каму працаваць.

Але ж звальняюць. І не толькі па тых падставах, якія я табе толькі што пералічыў, але яшчэ па многіх іншых. І, што характэрна, яны ж не прытарможваюць, а зусім наадварот. Калі раней звальнялі грамадзян з сумнеўнай палітычнай лаяльнасцю, то цяпер узяліся за тых, у каго сумніўны лад думак.

Глядзіце таксама

Таму што адстаўныя красаўцы пайшлі на спецыяльныя пасады ў рэальным сектары эканомікі, і ім там трэба чымсьці заняцца. А заняцца яны могуць чым хочуць, таму што нікога больш галоўнага за красаўцаў ў рэальнай эканоміцы цяпер няма. І меркаваннямі пра тое, што калі ўсіх звольніць, то працаваць будзе няма каму, і росквіт скончыцца — красаўцаў жа не пераканаеш. 

Клопат пра эканамічны росквіт не ўваходзіць у сферу іх службовых абавязкаў. У красаўцаў па жыцці іншыя інтарэсы. Ім прэміі не за росквіт плацяць. А лагічныя сувязі паміж выплатай прэмій і росквітам занадта складаныя, каб іх можна было ўлічыць у выніковым пратаколе. 

А папулярна патлумачыць ім гэтыя лагічныя ўзаемасувязі няма каму, таму што страшна. У цяперашніх абставінах свае лагічныя ўзаемасувязі лепш трымаць пры сабе.

Вось разумныя людзі цяпер кажуць пра розныя рызыкі для беларускага росквіту. І правільна кажуць. Яны ж разумныя людзі. Але мне нешта раптам падумалася, што ніякая інфляцыя, ніякі спад вытворчасці ў Расіі і нават ніякія санкцыі не могуць зрабіць росквіту больш балюча, чым могуць зрабіць красаўцы, запушчаныя ў рэальны сектар эканомікі. 

Таму што яны ж будуць выпраўляць гэтыя праблемы, кіруючыся сваёй пратакольнай самасвядомасцю. А спыніць красаўцаў няма каму. Самасвядомасць гаранта стабільнасці нічым не адрозніваецца ад самасвядомасці яго красаўцаў. І нават калі б гарант, раптам, захацеў бы красаўцаў прытармазіць, я не ўпэўнены, што ён у стане гэта зрабіць.

Таму што ў адносінах да гаранта і яго красаўцаў шмат што змянілася з тых часоў, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.