Хронікі рэпрэсій за 27 снежня: Каля 10 чалавек чакаюць суду за «атрыманне замежнай дапамогі»
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1506 дзён, Дзяніс — 1386.
***
У лістападзе і снежні па ўсёй Беларусі адбыліся чарговыя масавыя затрыманні былых палітвязняў, а таксама сваякоў і блізкіх палітзняволеных. Супрацоўнікі КДБ ладзілі ператрусы і допыты ў межах крымінальных спраў, а супраць некаторых затрыманых па выніку склалі пратаколы за «атрыманне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці» (паводле Дэкрэта № 7 у рэдакцыі ад 08.11.2021 г.).
Справы затрыманых разглядалі ў снежні, таксама суды пройдуць у студзені 2025 года, піша «Вясна». Таксама вядома, што некалькі чалавек пасля затрымання перавялі ў СІЗА ў межах крымінальных спраў. На пачатку 2024 года пад пераслед за дапамогу ад ініцыятывы «INeedHelpBY» трапілі больш за 300 чалавек, паведамляюць праваабаронцы.
***
У Гродзенскай вобласці ў 2024 годзе за «распаўсюд экстрэмізму» (арт.19.11 КаАП) асудзілі 1 557 чалавек, піша ТГ-канал «Grodno_grab».
За «парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў» (арт.24.23 КаАП) асудзілі 36 грамадзян. Праваабаронцы адзначаюць, што «ўдзелам у несанкцыянаваных мерапрыемствах» таксама лічыцца размяшчэнне «незарэгістраванай сімволікі» (бчб-сцяг ці герб з «Пагоняй») у агульнадаступных месцах — на аўто, вокнах, вопратцы, чахлах мабільных тэлефонаў або асабістых рэчах.
За «здзек з дзяржаўных сімвалаў» (арт.370 Крымінальнага кодэкса) у Гродзенскай вобласці за 2023 год распачата 18 крымінальных спраў. З іх 15 «здзекаў» нібыта «здзейсненыя з выкарыстаннем Інтэрнэту».
***
Завочны працэс над Антонам Матолькам — стваральнікам Telegram-каналаў «Матолькапамагі» і «Беларускі Гаюн» – пройдзе ў Гродзенскім абласным судзе, піша «Салідарнасць».
Блогера абвінавачваюць адразу па 13-ці артыкулах КК, уключаючы «змову з мэтай захопу ўлады», «дыскрэдытацыю Беларусі», «арганізацыю масавых беспарадкаў», «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання»,« здраду дзяржаве», «абразу» Лукашэнкі.
Сам Антон знаходзіцца па-за межамі Беларусі, у бяспецы, з лета 2020-га.
***
Віцебскаму лекару, збітаму сілавікамі, далі чатыры гады калоніі, паведамляе ТГ-канал «Віцебск, я гуляю!». Аляксандра Рандарэнку судзілі па артыкулах аб «распальванні варожасці» і «рэабілітацыі нацызму» (ч.1 арт.130 і ч.1 арт.130-1 КК).
Прэс-служба Віцебскага абласнога суда паведаміла вердыкт: 4 гады калоніі і канфіскацыя тэлефона «Apple iPhone 12 Pro».
Увесну Аляксандр быў затрыманы пасля ўдзелу ў чат-рулетцы, збіты сілавікамі і пяць разоў падвергнуты адміністрацыйнаму пераследу.
***
Затрыманага ў Беларусі ў верасні грамадзяніна Японіі Масатосі Наканісі пачнуць судзіць 10 студзеня, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Справу японца ў Мінскім гарадскім судзе пачне разглядаць суддзя Анжэла Касцюкевіч.
Масатосі Наканісі абвінавачваюць па артыкуле аб «агентурнай дзейнасці» (арт.358-1 КК). Як расказвалася ў сюжэце на дзяржканале «Беларусь 1», мужчына збіраў інфармацыю, якую «збіраўся перадаць» у спецслужбу «Кока Коан Іінкай». «Куратарам» быў Масанаі Сато — былы муж яго малодшай сястры.
Аўтары сюжэту на канале сцвярджалі, што Масатосі ездзіў у памежныя з Украінай населеныя пункты і здымаў інфраструктуру: дарогі, масты, вакзалы, вайсковыя аб'екты, чыгуначныя шляхі. Сцвярджаецца, што ўсяго ён зрабіў 9 тысяч здымкаў.
***
На дырэктара школы замежных моў «Streamline» завялі крымінальную справу праз «жульніцтва з падаткамі». Пра гэта паведаміў гаворыцца ў сюжэце тэлеканала «Першы інфармацыйны» і аналагічным на тэлеканале АНТ, піша «Медыязона».
У сюжэце заявілі, што Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ўстанавіў «факты грашовых махінацый». Нібыта дырэктар кампаніі, «падносячы сваю дзейнасць як некамерцыйную, незаконна карыстаўся падатковымі льготамі».
«У якасці асноўнай мэты дзейнасці ўстановы з'яўлялася атрыманне прыбытку. Такім чынам, кампанія фактычна з'яўлялася камерцыйнай арганізацыяй і не магла карыстацца льготамі па ПДВ і падатку на прыбытак. Сума нявыплачаных падаткаў за кошт неправамернага выкарыстання льгот склала больш за 17 мільёнаў рублёў», — заявіў у сюжэце намеснік начальніка УДФР КДК Мінскай вобласці і Мінска Валерый Шчарбун.
На тэлеканале «Першы інфармацыйны» заявілі, што заснавальнік і дырэктар Эдуард Цалюк выехаў у Польшчу, пакінуўшы работнікаў з «даўгамі па зарплаце».
«Атрымаўшы звыш 95 млн. рублёў выручкі, уласнік "Streamline" за 13 гадоў заплаціў менш за 60 тысяч рублёў падаткаў», — гаворыцца ў сюжэтах дзяржТБ.
Як кажа намеснік начальніка аддзела ўпраўлення працэсуальнага кантролю УСК па горадзе Мінску Юрый Андросік, у 2012 годзе дырэктар разам з жонкай «распрацавалі некалькі спосабаў вываду грошай» з разліковых рахункаў, у тым ліку ў выглядзе выдачы беспрацэнтных пазык. За 12 гадоў агульная сума пазык склала больш за 29 млн. рублёў. Грошы сужэнцы нібыта трацілі на набыццё зямельнага ўчастка і аб'ектаў нерухомасці, а частка сродкаў знаходзілася за мяжой — у прыватнасці, у Літве.
Сцвярджаецца, што сам Цалюк «выехаў у Польшчу, кінуўшы школу, а работнікаў, як аказалася, пакінуў з даўгамі па зарплаце». На яго завялі крымінальную справу. Нумар артыкула, па якім завялі крымінальную справу, не называецца.
Паведамляецца, што з выкладчыкамі школы замежных моў днямі зроблены поўны разлік за кошт наяўных актываў кампаніі, на якія быў накладзены арышт. Ідзе працэс вяртання грошай кліентам.
17 кастрычніка школа замежных моў «Streamline» падала заяву на ліквідацыю.
На пачатку кастрычніка ў кампанію прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі ДФР. Пасля гэтага адключылі ўнутраныя серверы, платформу для кіравання бізнэсам і заблакавалі рахункі. Журналісты паспрабавалі звязацца з дырэктарам школы Эдуардам Цалюком, але ён не выйшаў на сувязь: тэлефон недаступны, мэсэнджары адключаныя.
«Streamline» — адна з найбуйнейшых школ замежных моў у Беларусі. У ёй працавала больш за 300 выкладчыкаў, а штогод установа навучала больш за 10 тысяч студэнтаў.
***
У Мінску пачаўся працэс над урачом з 17-гадовым стажам, піша «Салідарнасць».
Працэс над хірургам Ліліяй Качан пачаўся ў Мінскім гарадскім судзе. Абвінавачанні — «Удзел у пратэстах» (ч.1 арт.342 КК) і «Заклікі да санкцый або іншых захадаў, накіраваных на прычыненне шкоды Беларусі» (ч.3 арт.361 КК).
Ёй пагражае да дванаццаці гадоў калоніі са штрафам.
Ліліі Качан 41 год, яна з Мінска. Скончыла БДМУ ў 2007 годзе.
У 2012-м жанчына скончыла ардынатуру па спецыяльнасці «Хірургія». Працавала ў 10-й гарадской клінічнай бальніцы ў Мінску, а таксама ў «Нардзіне». Мае больш за 17 гадоў стажу як лекар.
***
МУС абнавіла інфармацыю пра «экстрэмісцкае фарміраванне» Kyky.org, вынікае са спісу фарміраванняў на сайце МУС.
У графе «Удзельнікі фарміравання» з'явілася інфармацыя пра Аляксандру Раманаву і Глеба Сямёнава.
Абнавілася і апісанне фарміравання. Цяпер фарміраванне вызначаецца як «група грамадзян з ліку кіраўнікоў, адміністратараў і актыўных удзельнікаў супольнасці сэрвісу для стварэння і прагляду кароткіх відэа Tik-Tok "kykyorg", канала відэахостынгу YouTube "Зусім KYKY" і персанальнай старонкі сацыяльнай сеткі Instagram "publishersasha"».
Выданне было прызнаные «экстрэмісцкім фарміраваннем» яшчэ ў траўні 2022 года, аднак за гэты час сайт спыніў працу. Тады ў спіс сацсетак Kyky.org трапіў і тэлеграм-канал грамадзянскай ініцыятывы «Наш Дом», асобна прызнанай «экстрэмісцкім фарміраваннем» 4 мая. Цяпер гэтую інфармацыю прыбралі, паведамляе «Медыязона».
Таксама, паводле інфармацыі «Медыязоны», суд Калінкавіцкага раёна прызнаў «экстрэмісцкім» ютуб-канал «ELGAR», які расказваў, як пазбегнуць службы ў войску.
На канал падпісаныя каля 2 000 чалавек. Пракуратура піша, што больш за ўсё іх збянтэжылі ролікі па ўхіленні ад тэрміновай службы па медыцынскіх падставах: «Як адкасіць ад войска па дурцы?», «Як адкасіць ад войска 2024. Найлепшы метад», «...як я адкасіў».
«Размешчаная інфармацыя прыніжала значэнне забеспячэння бяспекі грамадства і дзяржавы, выканання грамадзянамі канстытуцыйнага абавязку па абароне Рэспублікі Беларусь і падрывала ў грамадстве, у тым ліку ў прызыўнікоў, пачуццё патрыятызму», — паведамляюць у ведамстве.
На думку пракурораў, большасць ролікаў на гэтым канале «мела экстрэмісцкую скіраванасць і была адрасавана нявызначанаму і неабмежаванаму колу асоб, што здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».
***
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ дзесяць чалавек:
Ганна Кміт, Андрэй Селянінаў, Яўген Нікалаевіч, Дзмітрый Лях, Дзмітрый Чарнуха, Аляксандр Крупнікаў, Дзмітрый Глушчанка, Сяргей Чэкель, Уладзімір Апановіч, Арцём Пуценіч.
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Максіма Знака — 695 дзён, Мікалая Статкевіча — 689 дзён, Ігара Лосіка — 680 дзён, Віктара Бабарыкі — 618 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 548 дзён, Уладзіміра Гундара — 511 дзён, Аляксандра Арановіча — 206 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1253 чалавекі.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1405 чалавек. Сярод іх — 171 жанчына і 3 непаўнагадовых. 24 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.