Хронікі рэпрэсій за 26 снежня: У Брэсце сілавікі стралялі па машыне мужчыны, падазраванага ў «экстрэмізме»
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 26 снежня.
ГУБАЗіК і спецназ у Брэсце зладзілі страляніну па аўтамабілю мужчыны, якога падазравалі ў «экстрэмізме» — мужчына паранены.
Супраць яго распачата крымінальная справа за гвалт альбо пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
Прэс-служба МУС заявіла, што дома ў брэстаўчаніна знайшлі светлашумавыя гранаты і слоічак з рэчывам, якое падобна на порах.
Суд за «тысячу каментароў» пра Лукашэнку
Дальнабойшчыка з Мінска пачалі судзіць за «тысячу каментароў» пра Лукашэнку, суддзяў і сілавікоў.
Дзмітрыю Сончыку 40 гадоў. Ён мінчук. Вядома, што Сончык доўгі час працаваў кіроўцам, апошнім часам — дальнабойшчыкам. Дзмітрый захапляецца мотаспортам, а яшчэ радыёаматарствам.
«Пакаяльным відэа» з Сончыкам выйшла 7 траўня — яго затрымалі па вяртанні з-за мяжы. Яму закідалі каментары ў тэлеграме — казалі, што ён пакінуў іх больш за тысячу.
Працэс над Дзмітрыем пачаўся сёння ў судзе Партызанскага раёна Мінска. Яго судзяць па трох артыкулах — «абраза суддзі» (арт. 391 КК), «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) і «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Працэс узначальвае суддзя Вольга Царык.
Траіх жыхароў Жодзіна змясцілі ў СІЗА. Па версіі КДБ, яны маюць дачыненне да ініцыятывы «письмо.бeл»
У сярэдзіне лістапада ў Жодзіне затрымалі Аляксандра Мазура, Паўла Каранюхіна і былога палітвязня Аляксандра Лыкшына. У гэты ж час прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт ініцыятывы «письмо.бeл», а таксама старонкі яе ў сацсетках. Яшчэ праз месяц КДБ прызнаў ініцыятыву «экстрэмісцкім фармаваннем». Паводле ведамства, Мазур, Каранюхін і Лыкшын маюць дачыненне да «письмо.бeл».
Па інфармацыі «Вясны», цяпер мужчыны знаходзяцца ў СІЗА, іх абвінавачваюць паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).
Пачаліся суды над дырэктарам сеткі «Мацярык» і стэндаперам
26 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска пачаўся суд над Аляксандрам Аполькам — дырэктарам сеткі будаўнічых крам «Мацярык». Яму інкрымінуецца «народны» артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі — «актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Працэс будзе ўзначальваць суддзя Іна Сівец.
Апольку затрымалі ў жніўні. На «пакаяльным відэа» яго прымусілі назваць свой заробак, а праўладныя тэлеграм-каналы назвалі мужчыну «незадаволеным буржуем».
«Мацярык» — гэта сетка будаўнічых гіпермаркетаў, якая складаецца з пяці крам у чатырох гарадах Беларусі — Мінску, Брэсце, Гродна і Віцебску.
Таксама сёння ў судзе Савецкага раёна Мінска 26 снежня пачалі судзіць 33-гадовага шоўмена Сцяпана Манкевіча. Яму інкрымінуецца артыкул 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Працэс узначальвае суддзя Сяргей Шаціла.
Сцяпан — беларускі комік. Адвучыўся на псіхолага ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, працаваў вядучым на «Радыус ФМ». Апошнія гады быў вядомы як стэндапер, таксама займаўся правядзеннем вяселляў.
Суды за замежную дапамогу
- Сёння другі раз была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці Валерыя Дзяцук, маці палітвязня Сяргея Дзяцука. На яе было накладзена спагнанне па Дэкрэту № 7 (рэдакцыя ад 08.11.2021 г.). Пастанову суду выносіў суддзя, вядомы палітычнымі прысудамі, Дрэбезаў Дзяніс.
Вынікі адміністрацыйнага спагнання пакуль невядомы. Нагадаем, што 23 снежня ў тым жа судзе Валерыя Дзяцук ужо была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці па Дэкрэту № 7.
- За атрыманне замежнай бязвыплатнай дапамогі судзяць жонку экс-палітвязня з Наваполацка Ніну Харашкевіч. Суддзя Зінаіда Балаболава.
Ніна — жонка Яўгена Харашкевіча, які быў асуджаны па трох палітычных артыкулах на 4 гады. Выйшаў пасля адседкі ў жніўні гэтага года. Пакуль малады мужчына сядзеў у СІЗА, у яго нарадзілася дачка Мілана.
- Па адміністрацыйнай справе за «атрыманне замежнай дапамогі» будуць судзіць каталіцкую верніцу з Шуміліна.
Заўтра ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебска пройдзе суд над Веранікай Кабылковай, педагогам-псіхолагіняй з Шуміліна. Яе абвінавачваюць па Дэкрэце №7.
Яе муж Арцём трапіў пад пераслед год таму — сілавікі тады затрымалі яго за падпіскі, але не змаглі запісаць «пакаяльны» ролік. Вядома, што тады Арцёма аштрафавалі на 555 рублёў.
Вянчанне Арцёма і Веранікі ладзіў кс. Анджэй Юхневіч, які зараз знаходзіцца за кратамі і суд над якім таксама пачнецца заўтра.
Мінчука, які «абразіў» Лукашэнку на пікеце па зборы подпісаў, прысудзілі да 1,5 гадоў калоніі
Мінчука, які «абразіў» Аляксандра Лукашэнку на пікеце па зборы подпісаў у лістападзе, прысудзілі да 1,5 гадоў калоніі, пра гэта піша прэс-служба Вярхоўнага суда, паведамляе mediazonaby.com..
Як гаворыцца ў паведамленні ведамства, судзілі яго па артыкуле аб абразе Лукашэнкі (артыкул 368 КК), адзначаецца, што адбываць тэрмін ён будзе ў калоніі строгага рэжыму.
Па версіі абвінавачвання, мінчанін 15 лістапада 2024 года на вуліцы Маякоўскага падышоў да групы людзей, якія збіраюць подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты на выбарах.г
У прысутнасці ініцыятыўнай групы, ён «усведамляючы публічны і зневажальны характар выказванняў, з мэтай прычынення шкоды, наўмысна выказаў каментар, у якім утрымліваецца негатыўная ацэнка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А.Г., выяўленая ў непрыстойнай форме».
У анархапартызана Сяргея Раманава праблемы са здароўем
Стала вядома, што Сяргей Раманаў быў пераведзены ў Ваўкавыск. Прычыны невядомыя. Таксама паступаюць сігналы, што ў анархапартызана з'явіліся сур'ёзныя праблемы са здароўем.
Нагадаем, у ноч на 29 кастрычніка 2020 года Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Дубоўскага, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Разановіча затрымалі пры перасячэнні беларуска-ўкраінскай мяжы. Іх прызналі вінаватымі ў акце тэрарызму, незаконным абароце зброі і яе перамяшчэнні праз мяжу.
22 снежня 2021 яны былі асуджаныя на вялікія тэрміны: Ігар Аліневіч — 20 гадоў, Дзмітрый Дубоўскі — 18 гадоў, Дзмітрый Разановіч — 19 гадоў, Сяргей Раманаў — 20 гадоў.
Новы малюнак Сяргея.
Адрас для лістоў:
Раманаў Сяргей Аляксандравіч
Гродзенская вобласць, Ваўкавыскі р-н, 231900, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118, ПК № 11.
У Наваполацкай ПК-1-новы парадак прыёму перадач і арганізацыі кароткатэрміновых спатканняў
Сваякі асуджаных, якія прыехалі на КС да васьмі раніцы, як гэта было раней, сутыкнуліся з тым, што вымушаныя чакаць да 12 гадзін дня. Як паведамілі супрацоўнікі калоніі, у снежні ўведзеныя новыя правілы: з раніцы яны займаюцца толькі грамадзянамі, якія прыехалі на працяглыя спатканні, і толькі потым усімі астатнімі.
Пры гэтым важна, што дакументы на кароткатэрміновае спатканне трэба падаць строга да 12 гадзін дня. Пазней афармленне забаронена. З 12:00 пачынаецца прыём рэжымных перадач, а з 12:30 запускаюць тых, хто прыехаў на кароткатэрміновае спатканне. Само спатканне доўжыцца строга да 15 гадзін 45 хвілін.
Беларусы сабралі больш за 25000 еўра на калядныя падарункі дзецям палітвязняў
Сабраныя сродкі будуць накіраваны на падарункі: кожнае дзіця атрымае па €100, каб навагоднія святы сталі больш цёплымі і радаснымі.
Звярнуцца па дапамогу могуць члены сем'яў палітвязняў, у якіх ёсць дзеці да 16 гадоў уключна і нехта з бацькоў (ці абодва) знаходзяцца (больш за 3 месяцы), альбо знаходзіліся раней у зняволенні (таксама больш за 3 месяцы).
Падтрымаць акцыю па спасылцы.
Беларусы Масквы даслалі лісты беларускім палітвязням
Заказныя лісты з віншаваннямі з Калядамі і надыходзячым Новым годам павінны атрымаць Валерыя Касцюгова, Алена Раманаўскене і Павел Севярынец.
Паведамленні аб атрыманні заказных лістоў беларусам Масквы прыйшлі ад Марыны Золатавай і Алеся Бяляцкага, а Дзяніс Івашын даслаў беларусам ліст з прывітаннем!г