Хронікі рэпрэсій за 24 снежня: Дзяніс Івашын зноў у ШІЗА
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 24 снежня.
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1503 дні, Дзяніс — 1383.
* * *
У судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска адзначылася імя Антона Віктаравіча Русаковіча. Мужчыну ставяць у віну ч. 2 арт.19.11 КаАП РБ. Поўнае супадзенне прозвішча і імя выяўляецца з данымі капітана ўнутранай службы Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, інспектара сектара маркетынгу і дагаворнай працы цэнтра маркетынгу, дагаворнай працы і рэчавага забеспячэння ўстановы.
У 2020-м мужчына ўзнагароджваўся Граматай кіравання, у 2023-м — нагрудным знакам МНС «Выдатнік».
* * *
За «экстрэмізм» асудзілі хлопца, які калісьці запускаў кампанію па віншаванні ветэранаў.
Нікадзім Бельскі родам з Валожына, але жыве ў польскім Чэнстахове, калі верыць ягоным сацсеткам. Здаецца, днямі ён ехаў у госці ў Беларусь і на мяжы трапіў пад увагу сілавікоў. Імя Нікадзіма Бельскага сёння з'явілася ў судзе Верхнядзвінскага раёна з абвінавачваннем у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт. 19.11 КаАП). Апошняя актыўнасць маладога чалавека ў сацсетках заўважаная 22 снежня.
У 2013 годзе Бельскі натхніў моладзь адпраўляць паштоўкі ветэранам з нагоды 9 траўня. Акцыя асвятлялася на ўзроўні ўсёй краіны.
Бацькі Нікадзіма — зоаваланцёры, займаюцца дапамогай бяздомным жывёлам, трымаюць у Валожыне зоагатэль і таксама былі героямі цэнтральнай прэсы.
* * *
Праваабаронцы назвалі новыя імёны палітвязняў. Гэта: Арцём Янкін, Аляксандр Кірэеў, Дзмітрый Белановіч, Яўген Аношын, Максім Мыслівец, Міхаіл Герасімчык, Юрый Бялькевіч, Дзмітрый Сончык, Мікалай Дземчанка, Алёна Кіянічэнка, Андрэй Куніцкі, Сяргей Мядзведзеў, Тамара Патоцкая. Цяпер у Беларусі па версіі«Вясны» ў зняволенні налічваецца 1305 палітвязняў.
Ініцыятыва «Dissidentby» налічвае ў Беларусі 1411 палітычных зняволеных.
* * *
Палітвязня, журналіста, аўтара «Новага Часу» Дзяніса Івашына зноў змясцілі ў ШІЗА. Пра гэта напісала яго жонка Вольга.
«Я адцягвала сёняшнюю публікацыю, каб праверыць інфармацыю пра тое, што Дзяніс Івашын зноўку зьмешчаны ў ШЫЗА. І вось гэтая сумная навіна, на жаль, пацьвердзілася. Прычына, як звычайна, выдуманая, галоўная задача была — чарговы раз кінуць Дзяніса ў адзіночку дзеля большых катаваньняў. Зь якое даты і па якую, мы пакуль дакладна ня ведаем. Калі лічыць першым днём наступны за тым, зь якога нам дайшла ранейшая карэспандэнцыя ад нашага ваяра, то атрымліваецца, што сёньня ўжо максымальна могуць быць 11 содні ШЫЗА».
Раней Дзяніса ўжо пераводзілі ў ШІЗА ў жніўні і кастрычніку.
* * *
Суд Ленінскага раёна Мінска 20 снежня 2024 года вынес прысуд у справе ў дачыненні да 39-гадовага мінчука, якога судзілі за абразу Лукашэнкі.
Інцыдэнт адбыўся 15 лістапада на вуліцы Маякоўскага, дзе ініцыятыўная група збірала подпісы за вылучэнне Лукашэнкі. У матэрыялах суда пазначана, што мінчук публічна, у прысутнасці некалькіх чалавек, выказаў негатыўны каментар пра Лукашэнку, выкарыстоўваючы непрыстойную форму. Суд адзначыў, што дзеянні абвінавачанага насілі наўмысны характар, накіраваны на публічнае прыніжэнне гонару і годнасці Лукашэнкі. Суд прызнаў мужчыну вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі строгага рэжыму.
* * *
24 снежня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы стэндап-коміка Славы Камісаранкі. Яго буду судзіць завочна.
Аўтара жарту пра «чык-чырыка» абвінавачваюць у «паклёпе на Лукашэнку» (ч.2 арт. 367 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) і «распальванні варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Справу разглядае суддзя Анастасія Папко. Коміку пагражае да пяці гадоў калоніі завочна і буйны штраф.
* * *
Чарговае папаўненне ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод «экстрэмістаў» цяпер:
- Instagram-старонка Вольгі Гарбуновай
- Telegram-канал «Пульс Ленина-19» (аўтар — экс-дыпламат Павел Мацукевіч);
- Instagram-старонкі «reform.nеws», «zhyveteka»;
- старонкі ў «Х» «Mandalorac», «amaralny pryhazun».
- Telegram-каналы і чаты «Беларускі аўтаполк», «Кіберпартызаны BY»;
- Старонкі ў Х «Будзьма беларусамі!», «Свабода ART»;
- Instagram-Старонка «franclesha», «egor55m», «venger1991», «bellarusnews», «belantalya», «bmasupolka», «bialorusini.wpolsce»;
- Facebook-старонкі «Lichtar_by», «Alina Koushyk», «Георгій Рой»;
- Youtube-канал «Пра Віцебск»;
- Сайт, сацсеткі і лагатып праекта «Grodno.іп / навіны і афіша Гродна».
- Відэаролікі «Слово не воробей... зиганёшь и споймаешь», «viktorija_tarasevich_psy»;
- Старонкі ў TikTok «BFG», «denroy86», «ЦАРЬ», «viteblyanka», «БНР», «tsybulka_life», «Patriot Belarus», «pozirk_online», «Беларусь выборы 2020», «Народный Депутат», «Вольны змагар».