Ілюзія «лібералізацыі» і ўзмацненне рэпрэсій. Сацыёлагі — пра тэндэнцыі 2024 года
Аніякага «пацяплення», як можа падацца на фоне памілаванняў палітвязняў, у краіне няма. Наадварот — рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца.
Галоўнай асаблівасцю гэтага года з пункту гледжання палітычных рэпрэсій стала серыя памілаванняў, дзякуючы якім на волі апынуліся больш за 200 палітычных зняволеных.
Працэс пачаўся 20 чэрвеня, калі ў рамках абмену палоннымі паміж Украінай і Расіяй дадому вярнуліся пяцёра грамадзян Украіны, затрыманых у Беларусі. Пазней, 3 ліпеня, былі памілаваныя 18 беларусак і беларусаў, 16 жніўня і 4 верасня — па 30, 16 верасня — 37, 7 лістапада — 31, 20 лістапада — 32, а 9 снежня на волі апынуліся яшчэ 29 палітвязняў. Усяго — больш за 200 чалавек. Пры захаванні такіх тэмпаў, не варта выключаць яшчэ адно памілаванне да Новага года, піша Генадзь Коршунаў для «Цэнтра новых ідэй».
На жаль, гэтая серыя вызваленняў не гаворыць пра змякчэнне рэжыму і яго пераход у менш рэпрэсіўную «форму».
Па-першае, палітзняволеныя, якія выйшлі на волю, застаюцца пад шчыльным каўпаком сілавікоў з немалой верагоднасцю трапіць за краты зноў (як у выпадку з Андрэем Толчыным). Па-другое, улады ўзмацняюць ціск на асуджаных па палітычных матывах, дадаючы ім новыя тэрміны або робяць больш жорсткімі іх пакаранні. Нарэшце, пасля летняй «перадышкі» ў дынаміцы рэпрэсій зноў назіраецца ўздым, які супадае па часе з фінішам таго, што можна назваць «спецыяльнай электаральнай аперацыяй».
Пра восеньскі рост узроўню рэпрэсій гавораць і праваабаронцы, і эвакуацыйная служба «BYSOL», і вядомыя нам лічбы па паказчыках рэпрэсій. Пры гэтым мы разумеем, што інфармацыю пра рэпрэсіі, якія ідуць у краіне, у поўным аб'ёме на сённяшні дзень атрымаць немагчыма.
Але інфармацыі дастаткова, каб убачыць існуючыя тэндэнцыі.
Параўнанне вядомых на сённяшні дзень сярэднямесячных даных за 2024 год паказвае на новы ўсплёск рэпрэсій.
Так, у прыватнасці, на працягу ўсяго года штомесяц расла колькасць ліквідаваных арганізацый грамадзянскай супольнасці і колькасць крымінальных спраў па палітычных матывах.
У другім паўгоддзі таксама павялічылася колькасць людзей, якіх занеслі ў «тэрарыстычны» і «экстрэмісцкі» спісы. Тады ж яшчэ больш рэгулярнымі сталі «хапуны»: верасень — па датычных да праекта «Адукаванка», кастрычнік-лістапад — па актывістах і ўдзельніках дваровых чатаў 2020-га, яшчэ лістапад — па сваяках палітвязняў і тых, хто ўжо адседзеў «палітычныя» тэрміны. І гэта не лічачы тых, хто ідзе ў пастаянным рэжыме «візітаў» сілавікоў да прадстаўнікоў «нядобранадзейнага» кантынгенту, альбо іх выклікі на «гутаркі» да сілавікоў з патрабаваннямі падпісаць паперы аб «недапушчальнасці экстрэмісцкіх дзеянняў».
Агулам з 10 даступных цяпер для аналізу пазіцый, якія вымяраюць узровень рэпрэсій па розных напрамках, 7 паказваюць рост у бягучым квартале:
Паказчыкі сярэднямесячнай дынамікі за квартал адносна папярэдняга квартала*
* У табліцы не прыводзяцца даныя па колькасці затрыманых, бо гэтыя даныя за апошнія тры месяцы 2024-га з'явяцца не раней за другую палову 2025-га.
** Даныя за чацвёрты квартал 2024-га прыводзяцца па сярэдніх паказчыках за кастрычнік і лістапад.
*** Пад «хапунамі» маюцца на ўвазе аднаразовыя і адносна масавыя рэпрэсіўныя мерапрыемствы (ператрусы, затрыманні, арышты), якія ажыццяўляюцца пераважна ў адным населеным пункце (пра дынаміку «хапуноў» 2020-2023 гадоў можна прачытаць тут).
*** Інфармацыя пра ўнясенне грамадзян у «тэрарыстычны спіс» не з'яўлялася ў адкрытым доступе з лютага па чэрвень 2024-га. Абноўлены 28 чэрвеня «тэрарыстычны спі»с утрымліваў на 35 пазіцый больш, чым у лютым. Прадстаўленыя ў табліцы даныя за першы і другі кварталы гэтага года змадэляваныя зыходзячы з здагадкі, што ўнясенне людзей у гэты спіс адбывалася раўнамерна.
Відавочна, што напярэдадні так званых «выбараў» рэжым Лукашэнкі істотна павялічыў сілу рэпрэсіўнага ціску на беларускае грамадства. Аднак улады, здаецца, імкнуцца «камуфляваць» гэты ціск. На гэта паказваюць наступныя моманты:
- па-першае, зніклі «пакаяльныя відэа» з затрыманымі па палітычных матывах;
- па-другое, вярнулася практыка правядзення судовых пасяджэнняў у раённых аддзяленнях унутраных спраў без іх унясення ў расклад працы саміх судоў;
- па-трэцяе, вырасла колькасць адмоў у выдачы копій судовых пратаколаў і пастаноў;
- па-чацвёртае, адбываецца сістэматычнае запалохванне запрошаных на «гутаркі» ў КДБ актывістаў, каб не дапусціць трапляння інфармацыі пра такія «гутаркі» ў медыя.
Калі ўсё гэта сумясціць з амаль рэгулярнымі памілаваннямі ў другой палове года і допускам бацькі да Марыі Калеснікавай, то ў наяўнасці імкненне рэжыму стварыць нейкую ілюзію свайго прагрэсу ў бок... «лібералізацыі»?
Але лічбы ўпарта паказваюць, што рэжым застаецца ранейшым. Акрамя рэпрэсій (і, верагодна, прапаганды), ва ўладаў няма дзейсных інструментаў «узаемадзеяння» з грамадствам.
І, як гэта было заўсёды ў найноўшай гісторыі Беларусі, перад выбарамі рэжым выкарыстоўвае рэпрэсіі напоўніцу.