Літоўскі дэпутат: «Беларусь — ключ ад вайны»

Літоўскі дэпутат Вальдэмар Тамашэўскі, які раней уваходзіў у дэлегацыю па сувязях з Беларуссю, лічыць, што толькі праз дыялог з Лукашэнкам можна пазбегнуць глабальнай вайны.

_litva_vilnja_horad_fota_novy_czas__3__logo.jpg

Даць Беларусі больш незалежнасці

— Вы неаднаразова выступалі за добрасуседскія адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Ці прытрымліваецеся вы па-ранейшаму такога меркавання і як ацэньваеце палітыку (літоўскага) урада ў дачыненні да Беларусі на сённяшні дзень?

— Я выступаў за добрасуседскія адносіны з Беларуссю і беларускім народам, а не з адным чалавекам, — гаворыць Вальдэмар Тамашэўскі ў інтэрв'ю lrt.lt. — А. Лукашэнка — прэзідэнт, і яго нельга аддзяліць. Калі хтосьці думае, што гэта можна зрабіць, то ён альбо наіўны, альбо некампетэнтны, альбо проста хлусіць. Беларусь — наш блізкі сусед культурна, гістарычна, лінгвістычна.

Нагадаю, што наша сталіца знаходзіцца ўсяго ў 30 км ад мяжы з гэтай краінай. Там жывуць нашы сем'і. Магчыма, сям'і Ландсбергісаў (міністра замежных спраў Літвы Габрыэлюса Ландсбергіса. — Заўв. рэд.) гэта абыякава, бо яны родам з Каўнаскага краю. Мы знаходзімся на лініі патэнцыйнага канфлікту. Нам трэба знізіць напружанасць, а не наадварот. Мы ўмешваемся ў некаторыя выбары ў Беларусі. У Кітаі таксама няма выбараў, але мы не разрываем адносіны з гэтай краінай. Гэта неразумна, нават па-дурному, і вельмі небяспечна для нас.

— Аднак ці з'яўляецца Лукашэнка тым, з кім можна наладзіць дыялог?

— Больш няма з кім. Давайце не будзем займацца палітыкай жаданняў Ландсбергіса. Мы павінны быць рэалістамі. Цяпер гаварыць злёгку пазнавата, але толькі злёгку. Калі пачнецца глабальная вайна, гэта будзе канец, нішто яе не спыніць. Яе яшчэ можна спыніць сёння. Як адказны палітык, я не магу маўчаць. У нас няма ніякіх адносінаў з Расіяй. Ключ, які можа абараніць нас ад вайны — гэта Беларусь. Нават Олаф Шольц ужо кажа, што неабходна актывізаваць дыпламатычныя намаганні, каб спыніць вайну Расіі супраць Украіны.

Калі Беларусь стане больш незалежнай, а ёй трэба даць такую магчымасць, то рызыка вайны для нас адразу ж зменшыцца ў дзесяць разоў.

Знешняя палітыка павінна ў першую чаргу служыць дабрабыту нашых грамадзян.

— Якім вы бачыце шлях да спынення вайны ва Украіне?

— Агулам я лічу, што вайну трэба спыніць як мага хутчэй шляхам перамоў і пошуку кампрамісу. Калі мы пасылаем зброю, давайце думаць, што ад гэтай зброі могуць загінуць нявінныя людзі. Добрыя хрысціяне будуць шукаць чацвёрты, пяты, шосты спосаб дапамагчы і спыніць усё гэта. Уладзімір Пуцін, безумоўна, нясе адказнасць за гэтую вайну, нават калі яна была справакаваная. Ён вінаваты, таму што нанёс удар і ўжыў сілу. Віна больш на баку Пуціна, але не толькі на ім.

Я схільны падтрымліваць такіх мудрых кіраўнікоў, як Віктар Орбан і, апошнім часам, Шольц. У чым віна палякаў, якіх ва Украіне каля 200 000, што іх сыны павінны паміраць за тэрыторыю, на якой украінцы нават не жывуць, а 90% жыхароў гэтых тэрыторый — рускія, якія хочуць быць часткай іншай дзяржавы? Гэтая вайна доўжыцца ўжо два з паловай гады, але ніхто не наважваецца сказаць пра гэта ўслых.

— А як наконт падтрымкі Украіны? У якім кірунку вы прапануеце яе аказваць?

— Многае тут не ў нашай уладзе, таму што дапамога аказваецца на аснове альянсу (NATO.Заўв. рэд.). Я думаю, што пасля выбараў у ЗША, магчыма, гэтая вайна скончыцца. Тады нам спатрэбіцца эканамічная дапамога для аднаўлення краіны. Што тычыцца ваеннай дапамогі, то я думаю, што алеем пажар не патушыш.

«Спробы» дыялогу

Нагадаем, напрыканцы верасня так званы міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заклікаў Літву «перагрузіць двухбаковыя адносіны» і «вярнуцца да нармальнага раўнапраўнага дыялога і эканамічнага супрацоўніцтва».

Адпаведныя прапановы ён выказаў у публікацыі, размешчанай у дзяржаўным выданні sb.by:

«Беларуска-літоўскія адносіны на цяперашнім этапе, на наш шчыры жаль, перажываюць найгоршы перыяд за ўсю гісторыю двухбаковага супрацоўніцтва. Зрабіўшы стаўку ў 2020 годзе на дзяржаўны пераварот у нашай дзяржаве, афіцыйная Вільня развязала недальнабачную гібрыдную вайну супраць беларускай дзяржавы і народа, з якім літоўцы стагоддзямі жылі ў дружбе і ўзаемаразуменні», — адзначаецца ў артыкуле Рыжанкова.

Таму напярэдадні выбараў у літоўскі Сейм чыноўнік заклікаў літоўскі народ як сапраўднага носьбіта суверэнітэту сваёй краіны «рацыянальна разабрацца ў сітуацыі і сказаць сваё важкае слова ў абарону цывілізаванага дыялога са сваімі суседзямі».

«Гэта дазволіць ужо ў найбліжэйшай будучыні нівеляваць усе негатыўныя моманты, якія прынесла нашым народам недарэчнае, навязанае вашымі палітыкамі супрацьстаянне з беларусамі», — заявіў Максім Рыжанкоў.

Літоўскія ўлады адказалі на адыёзную заяву кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства. Паводле заявы літоўскага МЗС, для гэтага нармалізацыі адносінаў паміж Літвой і Беларуссю неабходна, каб рэжым Лукашэнкі вызваліў усіх палітвязняў, кампенсаваў нанесеную ім шкоду і ўсім жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад рэпрэсій, і правёў судовы пераслед вінаватых у гвалце і зверствах.

«Рэжым, які кіруе Беларуссю, працягвае рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці краіны, утрымлівае больш за 1300 палітычных зняволеных у жорсткіх умовах, працягвае аказваць падтрымку Расіі ў яе незаконнай агрэсіі супраць Украіны, дапамагае ёй абыходзіць заходнія санкцыі, ажыццяўляе дэзінфармацыю і гібрыдныя атакі на суседнія краіны», — гаворыцца ў каментары.

На думку МЗС Літвы, Мінск таксама павінен правесці ў краіне свабодныя і справядлівыя выбары, узяць на сябе адказнасць за рэпрэсіі і выплаціць кампенсацыі пацярпелым не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне. Літоўскія дыпламаты заявілі, што Літва працягне дамагацца міжнароднай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі і ўзмацнення жорсткасці санкцый, і заклікалі міжнародных партнёраў пашырыць санкцыі і ўзмацніць палітычны ціск.

«Пакуль працягваецца гэтая незаконная, агрэсіўная дзейнасць рэжыму, якая парушае правы чалавека і міжнароднае права, санкцыі супраць гэтага рэжыму павінны быць пашыраныя, а Лукашэнка і яго прыхільнікі павінны быць прыцягнутыя да адказнасці», — заявілі ў літоўскім МЗС.