«Вільня стала родным горадам». Гісторыя беларускай мастачкі, якая з'ехала з Беларусі праз пераслед

Чым больш часу праходзіць пасля 2020 года, чым больш людзі асядаюць у эміграцыі, тым менш шанцаў, што яны вернуцца — а значыць, трэба будаваць жыццё там, дзе яны ёсць. Напрыклад, у Літве.

На віленскіх вуліцах. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

На віленскіх вуліцах. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Боль — гэта галоўны рухавік мастака для яго мастацтва. Так лічыць Святлана Петушкова — мастачка, якая разам з мужам у 2020 годзе ўцякла з Беларусі праз палітычны пераслед. Цяпер муж і жонка жывуць і працуюць у Вільні.

«Першы мой праект у Літве — гэта была выстава, — гаворыць мастачка. — Гэта быў пратэсны праект, які называўся "27". Ён быў пра 27 гадоў рэжыму беларускага. І гэтую выставу я рабіла ў Лукішкскай турме. І ўвогуле, з гэтай выставы і адкрыўся комплекс Лукішкскай турмы як культурнага цэнтра. І тады на маёй выставе былі і Святлана Ціханоўская, і Інгрыда Шыманіце, і Вітаўтас Ландсбергіс».

«Пасля гэтага мы рабілі праект з Музеем энергетыкі і тэхнікі і Міністэрствам культуры Літвы, — працягвае Святлана Петушкова. — Мы рабілі копію першага друкаванага станка Гутэнберга. Але мы рабілі яго не проста так, а таму што мы самі з мужам з'яўляемся майстрамі друкаванай графікі. І калі мы жылі ў Беларусі, мы заснавалі "Беларускі дом графікі". Гэта было адзінае ў Беларусі месца, куды ўсе мастакі маглі прыйсці і зрабіць літаграфію, напрыклад, або папрацаваць у іншых друкаваных тэхніках. Таму мы палічылі: хто, акрамя нас, зможа зрабіць копію станка Гутэнберга ў Літве?»

Паводле слоў Святланы, гэты праект быў вельмі важны не толькі для аўтараў, але і для Літвы: станок пара беларускіх мастакоў аднавіла да года іх земляка Францыска Скарыны, пачынальніка кнігадрукавання ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 2022-м споўнілася роўна 500 гадоў з дня заснавання першай друкарні ва Усходняй Еўропе, якая з'явілася ў Вільні, піша lrt.lt.

А як Вільня прыняла Святлану з мужам?

«Першы год быў вельмі цяжкі, але я думаю, так ва ўсіх эмігрантаў адбываецца. Была дэпрэсія, хацелася вярнуцца дадому і сядзець у турме, напрыклад. Цяпер, вядома, ужо не так, але першы час я ішла па Вільні, яна была вельмі прыгожай, але мяне нават раздражняла гэта. У галаве праносілася: "О, такі прыгожы дом стаіць, ненавіджу!" Ну, праўда, вельмі хацелася вярнуцца дадому, хацелася чагосьці свайго, роднага. Цяпер Вільня для мяне ўжо стала родным горадам. Я яе люблю. Яна маленькая, але вельмі разнастайная. Тут значна больш магчымасцей як для мастакоў, так і для любых іншых людзей. Я лічу, што значна больш магчымасцей, чым у Мінску. Таму я вельмі рада, што жыву ў Літве».

Апошнія некалькі гадоў мігранты ў Літве сутыкаюцца з мноствам цяжкасцей. Для большасці ад'езд быў раптоўным, непадрыхтаваным, таму толькі некаторыя могуць адчуваць сябе ўпэўнена. Многія аказаліся і матэрыяльна, і маральна не гатовымі да пераезду. А творчым мігрантам трэба яшчэ і працягваць ствараць мастацтва!


Глядзіце таксама

«Я магу сказаць, што, у прынцыпе, мая творчасць вельмі моцна змянілася ў Літве, таму што ў Беларусі мы займаліся трошкі іншымі рэчамі – больш традыцыйным мастацтвам, больш ілюстрацыйным, можна сказаць. Цяпер я ў сваім мастацтве ў асноўным сканцэнтраваная на тым, каб даследаваць Літву, бо я жыву ў гэтай краіне, я хачу даведацца пра яе больш. Я разумею, што, хутчэй за ўсё, не вярнуся дадому, таму што я не ведаю, як хутка там нешта зменіцца, і відавочна, што вельмі няхутка. Таму я прыняла для сябе рашэнне жыць тут і цяпер, не думаць пра мінулае, не ўспамінаць мінулае, а думаць пра будучыню. І вось цяпер у маім мастацтве асноўны лейтматыў — гэта Літва. І гэта вельмі цікава, таму што я адкрываю для сябе шмат новага», — кажа Святлана.

Вывучэнне Літвы

Але адаптацыя да новага асяроддзя — гэта не толькі змена творчасці, але і асабісты рост. Вучоба ў мясцовых ВНУ становіцца важным крокам на шляху да самарэалізацыі і прафесійнага развіцця. Святлана расказала пра вучобу ў Віленскай мастацкай акадэміі.

«Сёлета я скончыла першы курс магістратуры Віленскай мастацкай акадэміі, — усміхаецца Святлана. — Я вучуся на графіцы. Чаму я вырашыла вучыцца ў магістратуры? Магчыма, таму што ў мяне быў невялікі творчы крызіс. Я не ведала, як развівацца далей, і я зразумела, што адзінае правільнае рашэнне для мяне — пайсці вучыцца, таму што толькі падчас вучобы я змагу адкрыць для сябе нешта новае. Я прыняла рашэнне паступаць, і я паступіла. Гэта было нялёгка, таму што графіка, на самой справе, усюды ў свеце лічыцца адной з самых складаных спецыяльнасцей для паступлення. Але мне пашанцавала: я атрымала нацыянальную стыпендыю Літвы (іх было ўсяго 10 на ўсе Літву), так што aš šaunuolė! І так, мне вельмі падабаецца вучыцца ў літоўскай акадэміі. Гэта вельмі моцна адрозніваецца ад вучобы ў беларускай акадэміі. І мне так гэта падабаецца, што я б хацела вучыцца даўжэй. І я думаю, што, хутчэй за ўсё, пасля магістратуры я пайду далей у дактарантуру».


Глядзіце таксама

Мінулым летам у арт-прасторы «Галерэя GODÒ» прайшла персанальная выстава мастачкі «Артэфакты». Святлана Петушкова лічыць, што для таго, каб інтэгравацца ў сучасны кантэкст мясцовай культуры, ёй неабходна раскрыць гістарычныя пласты літоўскай культурнай ідэнтычнасці і перадаць іх праз свой асабісты досвед. Акультурацыя замежнікаў у Літве — асноўная тэма даследавання Святланы ў магістратуры.

«На гэтай выставе прадстаўленыя працы з некалькіх маіх праектаў, — распказвае мастачка. — Тут ёсць частка магістарскага праекта. Мой магістарскі праект складаецца з некалькіх частак. У мінулым семестры я даследавала артэфакты, якія захоўваюцца пад зямлёй — я брала пробы грунту. У гэтым семестры я даследую тое, што знаходзіцца на зямлі. Праца над праектам была на самой справе вельмі цікавай, таму што мы з мужам шмат падарожнічалі па Літве, — мы садзіліся ў машыну, ехалі ў нейкае невідавочнае месца па нейкіх маленькіх дарогах. Як правіла, усе ездзяць па адной трасе — Вільня-Каўнас-Клайпеда, а мы спецыяльна ездзілі ў нейкія маленькія гарады, і я збірала ўсякія "штукі", якія я проста знаходзіла. Зразумела, што не ўсюды я нешта знаходзіла. Часам гэтыя "штукі" былі вельмі простыя — напрыклад, камяні або цэгла. Часам мне шанцавала, і я знаходзіла нейкі сапраўдны артэфакт. І ў тых месцах, дзе я знаходзіла гэтыя аб'екты, я іх фатаграфавала сярэднефарматнай камерай на плёнку. І потым, па вяртанні ў Вільню, друкавала гэтыя фотаздымкі на аб'екты. Тэхніку для гэтага праекта я выбрала традыцыйную — срэбраную фатаграфію. То-бок, гэта тая самая фатаграфія, якую нашы бацькі друкавалі ў ваннай праз фотапавелічальнік. Гэта тое самае, толькі я выкарыстоўваю вадкую фотаэмульсію і друкую на аб'екты. Такім чынам, я як бы збіраю мазаіку Літвы для сябе па кавалачках. Я збіраю Літву, каб больш пра яе даведацца».

Цалкам прачытаць інтэрв'ю са Святланай і больш даведацца пра яе творчасцьможна тут.