Лідару "ГейБеларусі" Сяргею Андросенку адмовілі ў палітычным прытулку ў Швецыі
Старшыня Праваабарончага праекта "ГейБеларусь" і арганізатар Мінскіх гей-прайдаў Сяргей Андросенка з'ехаў з Беларусі ў чэрвені 2013 года пасля перыяду пераследу з боку беларускай міліцыі.
Некаторы час ЛГБТ-актывіст пражыў у Малдове, Сербіі, Польшчы і Літве. Калі стала зразумела, што сітуацыя для вяртання актывіста не палепшылася і рызыка пераследу застаецца, Сяргей Андросенка разам са сваім партнёрам вырашылі папрасіць палітычны прытулак у Швецыі.
Міграцыйныя ўлады Швецыі (Migrationsverket) у сваёй адмове аб палітычным прытулку прызналі, што Андросенка з'яўляецца вядомым беларускім ЛГБТ-праваабаронцам, які неаднаразова станавіўся ахвярай пераследу, дыскрымінацыі, псіхалагічнага ціску і фізічнага гвалту, тым не менш, яму было вырашана адмовіць у наданні палітычнага прытулку. Міграцыйныя ўлады Швецыі палічылі, што Сяргей Андросенка пры несправядлівым і негуманным абыходжанні на радзіме зможа самастойна абараніць свае правы у беларускіх судах, міліцыі і пракуратуры.
Апеляцыйны Міграцыйны суд Швецыі нават не прыняў да разгляду заяву беларускага актывіста. Не дапамаглі яму і лісты падтрымкі ад шэрагу няўрадавых і праваабарончых арганізацый, уключаючы вядомую шведскую арганізацыю Civil Rights Defenders.
Рашэнне Апеляцыйнага Міграцыйнага суда Швецыі не разглядаць справу лідара "ГейБеларусі" прыпала якраз на перыяд пацяплення швецка-беларускіх адносін і назначэнне новым паслом Швецыі ў Беларусі сп. Мартына Оберга. Нагадаем, у Беларусі не было шведскага амбасадара ад жніўня 2012 года, калі паміж краінамі здарыўся дыпламатычны канфлікт.
Для даведкі нагадаем, што ў перыяд са студзеня па чэрвень 2013 года на допыты ў міліцыю было выклікана каля сотні беларускіх ЛГБТ-актывістаў, супрацоўнікаў забаўляльных ЛГБТ-устаноў і арганізацый, якія працуюць з ЛГБТ. Сярод апытаных — больш за палову былі чальцы арганізацыі, якую ачольваў Андросенка. Шмат пытанняў было пра крыніцы фінансавання "ГейБеларусі" і асобу лідара незарэгістраванай арганізацыі, якую Андросенка ачольваў ад студзеня 2009 года. Міліцыя неаднаразова прыходзіла дахаты да Сяргея Андросенкі, а таксама да яго бацькоў, спрабавала пранікнуць у офіс арганізацыі. У выніку арганізацыя засталася без офіса, а гаспадары кватэры, дзе жыў актывіст, пасля званку з міліцыі выселілі яго. У Андросенкі двойчы за паўгоддзе канфіскоўвалі пашпарт агульным тэрмінам на 3 месяцы, у адзін з разоў з пашпартнага стала яго забралі ў ваенкамат, мяркуючы, што ён ухіляецца ад вайсковай службы.
Пры перасячэнні беларускай мяжы, акрамя поўных асабістых даглядаў у актывіста праглядалі і змесціва ноўтбука. Калі Сяргей Андросенка разам са сваім партнёрам паспрабавалі ўкрыцца на нейкі час у Брэсце, ужо назаўтра ў кватэру прыйшла міліцыя з мэтай перапісаць пашпартныя дадзеныя ўсіх, хто у ёй знаходзіцца.
Вядомы мінскі гей-клуб "Клуб 6_А" напярэдадні 10-годдзя сваёй працы быў зачынены, у гэтым клубе доўгі час працаваў Андросенка, а таксама шчыльна з ім супрацоўнічаў. Калі актывіст тайна выехаў з Беларусі, ягоных калег яшчэ цягам года працягвалі выклікаць у Міністэрства ўнутраных спраў у якасці сведак. Таксама гэты перыяд адзначыўся шматлікімі міліцэйскімі аблавамі на ЛГБТ-вечарыны ў Мінску і Віцебску.
Апошнія паўтары гады Андросенка жыве ў Стакгольме, з'яўляецца чальцом рады і сакратаром па Усходняй Еўропе у ЛГБТ-таварыстве дзеячаў культуры краін Паўночнай Еўропы TUPILAK, а таксама актывістам арганізацыі "Беларусы Швецыі".
"Мы глыбока занепакоены, даведаўшыся, што Міграцыйны савет Швецыі не даў палітычнага прытулку Сяргею Андросенку. Яму адмовілі ў абароне, нягледзячы на пастаянныя абяцанні розных шведскіх урадаў абараняць ЛГБТ-праваабаронцаў, якія церпяць ад пераследу. Гэта, безумоўна, парушэнне абяцанняў Швецыі. Зараз Міграцыйны савет хоча проста выгнаць назад у дыктатуру вядомага актывіста, якому пагражае пераслед — гэта нонсэнс", — выказвае сваё абурэнне Біл Шылер, старшыня ЛГБТ-таварыства дзеячаў культуры краін Паўночнай Еўропы TUPILAK.
Паводле прэс-службы Праваабарончага праекту "ГейБеларусь",
ЛГБТ-таварыства дзеячаў культуры краін Паўночнай Еўропы TUPILAK