Латушка расказаў, з-за якога фільма на яго пачалі ў Беларусі крымінальную справу

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка выказаў меркаванне наконт фільма, з-за якога на яго пачалі ў Беларусі крымінальную справу. Гэта фільм «У тумане» Сяргея Лазніцы, зняты па аповесці Васіля Быкава, паведамляе «Еўрарадыё».

Кадр з фільма «У тумане» (2012)

Кадр з фільма «У тумане» (2012)


«У 2012 годзе Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" упершыню атрымала ўзнагароду на самым прэстыжным у свеце міжнародным Канскім кінафестывалі за фільм па творы Васіля Быкава "У тумане", — піша Латушка. — І я памятаю, колькі намаганняў прыкладала адміністрацыя Лукашэнкі, каб прымусіць мяне адмовіцца ад здымак гэтага фільма».
Генпракуратура РБ 13 снежня заявіла, што Латушку інкрымінуецца «здзяйсненне злачынства супраць службы» — «Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў». У 2012 годзе тагачасны міністр культуры даў указанне аб уключэнні «шэрагу загадзя незапатрабаваных кінапраектаў» у тэматычны план па вытворчасці фільмаў. І яны былі прафінансаваны з дзяржбюджэту. Заяўляецца пра нанесеную шкоду дзяржаве «ў асабліва буйным памеры».
З інфармацыі Генпракуратуры вынікае, што гаворка ідзе пра некалькі фільмаў.
«Гэта сталінскі рэжым, сталінскія часы, якія наступілі ў нашай краіне», — піша Павел Латушка. Ён падкрэслівае, што дзеянні Генпракуратуры толькі матывуюць яго змагацца далей і расказваць у вольным свеце пра рэпрэсіі ў Беларусі.