На Паўла Латушку завялі справу за перавышэнне службовых паўнамоцтваў

Генеральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да Паўла Латушкі, якому інкрымінавана ўчыненне злачынства супраць інтарэсаў службы па ч.3 арт.426 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Павел Латушка, скрыншот тз відэа

Павел Латушка, скрыншот тз відэа

Як сказана ў паведамленні Генпракуратуры, Павел Латушка, займаючы пасаду міністра культуры Рэспублікі Беларусь і з'яўляючыся службовай асобай, якая займае адказнае становішча, у 2012 годзе з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці, дакладна ведаючы аб адсутнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам падстаў для фінансавання за кошт бюджэту Рэспублікі Беларусь шэрагу заведама незапатрабаваных кінапраектаў, наўмысна аддаў указанне падпарадкаваным супрацоўнікам, якое выходзіць за межы яго правоў і паўнамоцтваў, прадстаўленых яму па службе, аб уключэнні іх у тэматычны план вытворчасці фільмаў на 2012-2013 гады. На гэтай падставе Дэпартамент па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь заключыў з кінавытворцамі дагаворы і незаконна прафінансаваў вытворчасць названых фільмаў.
Па ацэнках пракуратуры, дзеянні Паўла Латушкі пацягнулі прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, а таксама цяжкія наступствы ў выглядзе прычынення ўрону дзяржаве ў асабліва буйным памеры.
Яны кваліфікаваны як перавышэнне службовых паўнамоцтваў.
Расследаванне крымінальнай справы даручана цэнтральнаму апарату Следчага камітэта.
Раней Паўлу Латушку было інкрымінавана здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт. 357 (Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу цi ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 ст.361-1, ч.3 арт. 361 (Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або Інтэрнэт) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
2 красавіка КДБ уключыў палітыка ў спіс тэрарыстаў на падставе абвінавачання па ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму), які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 10 да 25 гадоў або пажыццёвага зняволення, альбо смяротнага пакарання.
У кастрычніку Следчы камітэт РБ распачаў яшчэ адну справу супраць Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі паводле арт. 382 («Самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы») КК Беларусі. Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць да двух гадоў пазбаўлення волі.