Кожны чацвёрты... За паўгода ў калоніі адправілі больш за 4 тысячы чалавек
За краты адправілі амаль кожнага чацвёртага з асуджаных. Апраўдальных прысудаў — менш, чым за сталінскімі часамі...
Вярхоўны суд апублікаваў статыстыку за першае паўгоддзе 2021 года. Усяго было асуджана больш за 17,5 тысячы чалавек, за краты адправілі 4 052 — амаль кожнага чацвёртага. Апраўдальныя прысуды, як заўсёды, на ўзроўні статыстычнай памылкі — 0,14%. Пажыццёвы тэрмін атрымалі чатыры чалавекі, аднаго суд пастанавіў расстраляць.
Стала істотна менш карупцыйных злачынстваў. Практыка апошняга года паказвае, што ў фокусе праваахоўнікаў цяпер іншыя правапарушэнні — усё больш за ўдзел у мітынгах, каментары на адрас прадстаўнікоў улады, супраціў сілавікам. За карупцыю асудзілі 232 чалавекі (летась за гэты перыяд было на 154 больш), за атрыманне хабару — 80, за дачу хабару — 58 чалавек.
За шэсць месяцаў суды разгледзелі больш за 105 тысяч адміністрацыйных спраў. Амаль 65,5 тысячы беларусаў па выніку заплацілі штрафы, больш за 18 тысяч — адправілі на суткі. Колькі спраў было за пратэстную дзейнасць, ВС не паведамляе. Нядаўна ўвялі новае пакаранне — грамадскія працы, але за паўгода толькі дзевяць чалавек атрымалі яго.
Паводле “Народнай Волі”