Кошт прыбыткаў ад цыгарэт — рэпутацыя краіны

Тэма кантрабанды беларускіх цыгарэт на захад за апошнія год двадцаць з аднаго боку ўжо набіла аскоміну, з іншага — так ніхто і не разабраўся: якім чынам усё гэта адбываецца, хто гэта «крышуе» і якія менавіта страты нясе з таго краіна?

cyharety__znojdzenyja_paljakami__u_lehkavikah__1_.jpg


Сёння з Гродна ў Кракаў ужо можна даехаць цягніком. Тыя два вагоны, якія ідуць ад нас, а пасля «дарастаюць» да паўнавартаснага цягніка ў самой Польшчы, фактычна, акт добрай волі польскай чыгункі — праект цалкам аплочаны іхным бокам. Каб гэтага цягніка не было, Гродна быў бы цалкам ізаляваны ў сэнсе чыгуначных спалучэнняў ад Захаду, бо, як вядома, літоўцы разабралі сваю частку палатна ў нашым кірунку яшчэ ў 1990-я.

elektryczka__jakaja_stala_simvalam_kantrabandy_cyharet.jpg


У адрозненні ад старой электрычкі, што раней хадзіла з Гродна ў Беласток, гэты цягнік выглядае цалкам прыстойна і разлічаны на тых жа бязвізавых турыстаў, якімі сёння поўніцца горад над Нёмнам. Калі ж узгадаць тую, старую электрычку, то кожнае падарожжа на ёй падавалася «квэстам»: на вачах у разгубленых пасажыраў мужычкі ў скуранках ды спартовых штанах літаральна раскручвалі абшыўку, сядушкі ды нават падлогу, каб схаваць блокі цыгарэт да таго моманту, як у вагон трапяць польскія мытнікі…
І вось, не так даўно палякам давялося адчапіць цэлы вагон Кракаўскага цягніка, бо ён апынуўся цалкам набіты цыгарэтамі: сотні блокаў, тысячы пачак — усё як у «старыя добрыя часы». І гэта ўжо не старая электрычка, якую акурат і знялі праз яе сумны імідж, а новы цягнік, разлічаны на прыстойных людзей. А значыць — працягваецца ўсё тая ж ганебная практыка, з-за якой кожны польскі мытнік бачыць у беларусе, з картай паляка ці без, кантрабандыста.

cyharety__znojdzenyja_paljakami__u_cjahniku__2_.jpg


Як гэта робіцца? Усё проста. Перад тым як трапіць у вагон цягніка, прайшоўшы беларускі пашпартны кантроль, пасажыры знаходзяцца ў «адстойніку», дзе працуе беларускі Duty Free і там затарваюцца блокамі цыгарэт (нагадаем, што афіцыйна ў Польшчу можна везці дзве пачкі). Далей, у цягніку ўсё гэта хаваецца, дзе толькі мажліва, і, пасля польскага кантролю зноўку дастаецца на «свет Божы», каб перакінуць ужо мясцовым дылерам.
Зразумела, што на гэтай элементарнай схеме зарабляюцца велізарныя грошы (і тут мы кажам толькі пра чыгунку, не кранаючы легкавыя аўто і бусікі з цыгарэтамі). Зразумела, што ўзбагачаецца на гэтым не толькі сам кантрабандыст, які ёсць толькі вінцікам вялікага механізму, але і тытунёвыя магнаты, а шырэй — дзяржава. Нібы добра, праўда ж? Але — якім коштам? Коштам рэпутацыі ўсёй краіны і ўсіх яе грамадзянаў, якія ў вачах палякаў аўтаматычна стаюць злачынцамі.

cyharety__znojdzenyja_paljakami__u_lehkavikah__2_.jpg


Ці можа ўсё гэта адбывацца без маўклівай згоды нашых афіцыйных структураў? Напрыклад, у мінулым годзе палякі затрымалі цэлы грузавы вагон з беларускага боку з падвойнай сцяной: там было 20 000 пачак цыгарэт. Зразумела, кантрабанду канфіскавалі, злачынцаў не знайшлі… Не чыгуначнікі ж гэта рабілі, тады — хто? Палякі маюць звязаныя рукі, бо бачаць працэс толькі са свайго боку, а беларускі бок пытанне нібы ігнаруе: грошы ідуць — і добра.
І фактаў такіх безліч. Ва Украіне агромністая доля цыгарэтаў на рынку, ледзве не траціна, беларусія. Адтуль яны таксама расцякаюцца па ўсёй Еўропе — гэта яшчэ адзін канал. Нездарма кіраўнік Закарпацкай вобласці Генадзь Маскаль пару год таму казаў, што асноўныя праблемы іх рэгіёну — гэта гандаль зброяй ды кантрабанда цыгарэт Гродзенскай тытунёвай фабрыкі.

cyharety__znojdzenyja_paljakami__u_cjahniku__1_.jpg


Працягваючы ўкраінскую тэму, варта ўзгадаць, што безакцызныя беларускія цыгарэты там можна набыць нават на аптовых сайтах — без праблем. А калі без акцызаў, значыць тавар выходзіць з фабрыкі нелегальна? З той самай Гродзенскай тытунёвай фабрыкі з жалезнымі кратамі на вокнах і высокім парканам вакол тэрыторыі?.. Цуды, праўда ж.
Усё вышэйсказанае, канешне, не расследванне з гатовымі адказамі, хутчэй шэраг пытанняў, якія ў форме праблемы дагэтуль так ніхто і не сфармуляваў. Зразумела, што ўсё гэта бізнэс, дзяржава мае зарабляць грошы. Але што рабіць, калі коштам стае нацыянальная ганьба? Як ацаніць рэпутацыйныя страты? Можна колькі заўгодна ладзіць транспамежныя праекты, двухбаковыя візіты і фестывалі, але пакуль цыгарэтная мафія будзе квітнець буйным цветам, наўрадці ўдасца выбіць з галоваў польскіх службоўцаў фармулёўку: «беларус = кантрабандыст».