Казус Галунова і беларускія рэаліі
Самае простае — скарыстаць гісторыю з Іванам Галуновым, каб панаракаць беларускай медыйнай супольнасці: а вось мы не ўмеем так салідарна адбіваць сваіх!
Так, салідарнасці не шкодзіла б і болей. Аднак любыя паралелі кульгаюць. І ўвогуле такія калізіі варта асэнсоўваць у шырэйшым кантэксце.
Фантастычнае вызваленне расійскага журналіста-даследніка, якога спрабавалі
заканапаціць па наркатычным артыкуле, і для Расіі ўнікальны выпадак. Вунь
знакамітага рэжысёра Кірыла Сярэбранікава там працягваюць марынаваць, хоць і за
яго шмат хто ўпісваўся.
Увогуле ў сюжэце з Галуновым спрацаваў збег чыннікаў. Уключна з тым, што ягонае затрыманне стала інфармацыйнай бомбай, якая заглушыла рэзананс геніяльнай прамовы Уладзіміра Пуціна на Пецярбургскім эканамічным форуме.
Між тым хапуном на маршы ў падтрымку Галунова 12 чэрвеня ў Маскве расійская ўлада паказала, што застаецца ранейшай. Проста абставіны змушаюць лавіраваць.
Гэтак жа абставіны апошнім часам змушаюць і беларускую ўладу дэманстраваць нязвыклую гнуткасць. З гэтай нагоды незалежнаму грамадству, уключна з медыямі, не варта ўлягаць у ілюзіі, але гэты чыннік трэба мець на ўвазе і выкарыстоўваць.
Нашы безгалосыя Земфіры…
Разам з тым, я б не сказаў, што цэх беларускай незалежнай журналістыкі такі ўжо раз’яднаны, не здатны да салідарнасці. Яна адчувалася ў “справе БелТА”, хай сабе і не ў такіх маштабах, у болей камерных формах, чым у выпадку з Галуновым.
Але, па-першае, у справе БелТА была зачэпка, якая рабіла сітуацыю болей неадназначнай, — так званы несанкцыянаваны доступ да інфармацыі.
Па-другое, калі казаць пра маштаб ды моц рэакцыі, дык тут пытанне, хутчэй, да стану грамадства ўвогуле. За Галунова ж заступіліся не толькі калегі, але і людзі, што не маюць ніякага дачынення да журналістыкі. Як простыя, так і зоркі самага рознага кшталту: Барыс Грабеншчыкоў, Канстанцін Хабенскі, Oxxxymiron, Земфіра… А таксама — прадстаўнікі кіроўнай эліты, дзяржаўных ды прадзяржаўных СМІ.
І вось тут мы сапраўды бачым кантраст з беларускімі рэаліямі. У Беларусі наменклатура выглядае практычна маналітна. Хаця болей правільна сказаць, што любы яе дзеяч проста баіцца рыпнуцца, аказацца белай варонай. Тутэйшыя эстрадныя зоркі сервільныя, у грамадзянскім сэнсе безгалосыя. Хіба што могуць пахваліць ежу ў турме, трапіўшы туды на экскурсію.
Ну а дзяржаўныя медыі ў нас дык яшчэ і з асалодай патапталіся па фігурантах “справы БелТА”: круцілі кадры ператрусаў (прычым паказвалі буйным планам нумары банкаўскіх картак), вешалі ярлыкі, публікавалі пасквілі. У выніку гэтая гісторыя паглыбіла прорву між двума карпарацыямі — супрацоўнікамі дзяржаўных і недзяржаўных СМІ.
Воўк у лесе здох?
Зрэшты, і ў Беларусі нешта зрушваецца. Рэакцыя на знос крыжоў у Курапатах паказала, што і ва ўладных ды праўладных колах хто-кольвек асмельваецца на сваё меркаванне, адрознае ад генеральнай лініі. Гэта азначае, што і тутэйшая сістэма ўлады — не такі ўжо непарушны маналіт.
Уважліваму журналісту варта адсочваць працэсы ў кіроўнай эліце. Бо менавіта там рана ці позна пачнуцца працэсы, якія ў выніку (іншая рэч, што мо ўжо пры новым афіцыйным лідары) прывядуць да значных змен у Беларусі.
Параўнанне расійскага і беларускага рэжымаў цікавае яшчэ вось у якім аспекце. Анексіяй Крыму, іншымі авантурамі за мяжой Масква справакавала доўгую канфрантацыю з дэмакратычным светам, нарвалася на санкцыі і цяпер мусіць “трымаць марку”. Крэмль кідае пальчатку Захаду, троліць яго.Беларуская ж улада менавіта на гэтым тле здолела наладзіць нармалізацыю адносін з Еўропай, ЗША і цяпер відавочна не хоча гэты трэнд псаваць.
І таму ва ўмовах Беларусі, дзе выходзіць з пратэстам на вуліцы рызыкоўна, грамадскі ціск іншым разам працуе іначай, чым у Расіі. Хай сабе не так эфектна, як у сюжэце з Галуновым, але тым не меней… Рэзананс у медыях, сацыяльных сетках, апеляцыя да міжнародных інстытуцый канвертуюцца ў закулісны ціск Захаду на беларускі рэжым. І той у пэўнай ступені прыслухоўваецца.
Немагчыма ўявіць сабе, каб Пуцін даў падначаленым адмашку адступіць, аслабіць хватку пасля размоў з нейкім заходнім палітыкам ці амбасадарам. У Беларусі ж падобны механізм, наколькі я ведаю, у асобных выпадках спрацоўвае.
Мяркую, менавіта грамадскі рэзананс, узмоцнены пазіцыяй заходніх актараў, паспрыяў таму, што “справа БелТА” скончылася адносна мяккім прысудам Марыне Золатавай, а яшчэ 14 фігурантаў увогуле былі вызвалены ад крымінальнай адказнасці.
А яшчэ ў красавіку быў цуд, калі “Белсату” пасля ператрусу нечакана хутка і з выбачэннямі вярнулі тэхніку. Як той кажа, воўк у лесе здох.
У журналістаў таксама ёсць зброя
Насамрэч ніякі воўк не здох. Нязвыклыя сімптомы ў паводзінах вярхоў у значнай ступені тлумачацца тым, што набліжаюцца выбары.
Беларускае кіраўніцтва болей не рызыкуе друкаваць пустыя грошы пад электаральныя кампаніі. Рэсурсаў жа, каб па-сапраўднаму ўзняць дабрабыт, няма (тым болей што Расія прыціснула).
Таму ўлада ў шэрагу канфліктных сітуацый стала паводзіць сябе нязвыкла: даваць задні ход, нават выбачацца. Я маю на ўвазе сенсацыйную паездку кіраўніцы прэзідэнцкай адміністрацыі Наталлі Качанавай да магілёўскіх цыганоў, якіх перад тым трэслі бы грушу сілавікі. З гэтай жа оперы — рашэнне прыпыніць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем. Аляксандр Лукашэнка даў чыноўнікам наказ болей уважліва ставіцца да людзей: маўляў, не варта перці бульдозерам.
Відавочна, наверсе вырашана: калі ўжо не атрымліваецца ўзняць жыццёвы ўзровень, то трэба пастарацца хаця б не злаваць народ без дай нагоды.
Але было б наіўна думаць, што ўлада перакавалася. На любы палітычны пратэст яна пэўна ж будзе рэагаваць хваравіта. Яшчэ болей, у перадвыбарны час яе рэпрэсіўныя інстынкты абвастраюцца. Таму і брутальныя дзеянні ў дачыненні да прадстаўнікоў недзяржаўнай прэсы, рэдакцый зусім не выключаны.
Між тым казус Галунова паказвае, што нават ва ўмовах аўтарытарызму, які не любіць выглядаць слабым, кумулятыўны зарад грамадскага пратэсту можа ў нейкай сітуацыі спрацаваць.
А цяпер такая сітуацыя, што і расійскі, і беларускі рэжымы пачуваюцца не надта ўпэўнена. У журналістаў жа няма іншай зброі, акрамя галоснасці ды салідарнасці. І гэту зброю варта адточваць і трымаць напагатове.
Аляксандр Класкоўскі, baj.by