Капец Саюзу?

Здаецца, персанальная спрэчка спадароў Мядзведзева і Лукашэнкі ўступіла ў завяршаючую, то бок палітычную фазу. Пасля гучных абвінавачванняў, закінутых Лукашэнкам у бок Мядзведзева, і Мядзведзевым у бок Лукашэнкі, стала відавочна: паразумення гэтыя людзі паміж сабой ужо ніколі не знойдуць. Але Бог з ім, з паразуменнем. Больш за ўсё Аляксандра Рыгоравіча зачапіла іншае.



94b5bde6de888ddf9cde6748ad2523d1.jpg

Здаецца, персанальная спрэчка спадароў Мядзведзева і Лукашэнкі ўступіла ў завяршаючую, то бок палітычную фазу. Пасля гучных абвінавачванняў, закінутых Лукашэнкам у бок Мядзведзева, і Мядзведзевым у бок Лукашэнкі, стала відавочна: паразумення гэтыя людзі паміж сабой ужо ніколі не знойдуць. Але Бог з ім, з паразуменнем. Больш за ўсё Аляксандра Рыгоравіча зачапіла іншае.
Яго зачапілі заявы з расійскага боку пра тое, што місія назіральнікаў ад СНД ацэніць беларускія выбары “адэкватна. І тое, што, як падаецца, СНДэшныя назіральнікі зараз будуць шчыльна супрацоўнічаць з назіральнікамі ад АБСЕ. Калі раней назіральнікі ад СНД заўсёды казалі “адабрамс беларускім выбарам, Расія іх прызнавала празрыстымі, а Лукашэнку — легітымным, то АБСЕ казала наадварот. Зараз цалкам можа адбыцца так, што назіральнікі ад АБСЕ і СНД зоймуць супольную пазіцыю. І якой будзе гэта пазіцыя — няцяжка прагназаваць.
І вось інфармацыйнае агенцтва “Рэгнум выдае навіну. Спасылаючыся на неназваную крыніцу ў Мінску, нібыта непублічна Аляксандр Лукашэнка заявіў, што, у выпадку непрызнання Расіяй ягонай перамогі на выбарах, Беларусь спыніць свой удзел ва ўсіх асноўных інтэграцыйных структурах постсавецкай прасторы. Гэта тычыцца Саюзнай дзяржавы, СНД, АДКБ (як следства — у Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання АДКБ), Мытным саюзе. Пэўна, такі ж лёс чакае і ЕўрАзЭс. Быццам бы, у выпадку непрызнання выбараў, ён адразу становіцца нелегітымным для ўсіх гэтых структураў. Адпаведна, нелегітымным з’яўляецца і прысутнасць Беларусі ў гэтых аб’яднаннях.
Заява, канешне, моцная, але толькі ў тым выпадку, калі яна сапраўды была, што выклікае моцныя сумневы. Па-першае, што гэта за неназваная крыніца? Прычым крыніца, якая блізкая да “непублічных заяваў Лукашэнкі, то бок вельмі высокага ўзроўню? Па-другое, адкуль такая крыніца ў “Рэгнума, прадстаўніцтва якога афіцыйна ў Беларусі няма? Было б зразумела, калі б гэта быў “Інтэрфакс альбо РИА “Новости, а тут — нейкае пазаштатнае агенцтва з такімі “высокімі крыніцамі?
Хутчэй за ўсё, агенцтва “Рэгнум выкарысталі, каб “зліць патрэбную інфармацыю і ў чарговы раз папужаць Расію — не прызнаеце нашы выбары, нічога вам не будзе, як у анекдоце: “Ні сядла, ні каня, ні шашкі. Ні СНД, ні СД, ні Мытнага саюза.
Але наўрад ці гэтым можна кагосьці напужаць. Як вожыка голым азадкам. Бо СНД ужо сваё амаль аджыў, і выкарыстоўваецца толькі экстрэмальным турыстам Паўлам Палычам Барадзіным для імітацыі бурнай дзейнасці і атрымання грошай ад дзвюх матак — Беларусі і Расіі. Саюзная дзяржава выгадна хутчэй Беларусі, чым Расіі, — для доступу беларускіх тавараў на аб’ёмны расійскі рынак. Тое ж, дарэчы, Беларусь хацела атрымаць і ад Мытнага саюза.
А зараз уявім, хто больш узрадуецца, калі раптам з’явіцца сапраўдная мяжа паміж Беларуссю і Расіяй. Зразумела, больш узрадуецца Расія. Тады яна са спакойным сумленнем можа браць мытныя пошліны не толькі з беларускіх тавараў (зразумела, усталяваўшы льготныя стаўкі на тое, што ім сапраўды патрэбна), але і забяспечыць тое, чаго яна ўжо доўгі час дамагаецца ад беларускага кіраўніцтва. А канкрэтна — увесці свае мытныя пошліны на патрыманыя іншамаркі, якія пераганяюцца праз Беларусь у Расію. І падтрымаць сваю “Ладу — Калеку, вядро з гайкамі.
А што з гэтага займее Беларусь? Ды, бадай, нічога, апроч таго, што ў Беларусь скароціцца паступленне расійскай прадукцыі. То бок, зноў узнікне дэфіцыт грэчкі, якасных макаронаў з цвёрдых гатункаў пшаніцы, магчыма, рыбы і гэтак далей.
Таму Расія паводзіць сябе так упэўнена. І ўжо з вуснаў міністра фінансаў Расіі Аляксея Кудрына гучаць абвінавачванні Беларусі ва ўтрыманстве.
Мінск пры падрыхтоўцы двухбаковых праектаў пастаянна ціснуў на Маскву, каб атрымаць дадатковыя грошы, заявіў 5 кастрычніка журналістам Кудрын. “Пры падрыхтоўцы ключавых момантаў нашай Саюзнай дзяржавы, нашых сумесных праектаў мы адчуваем нейкі ўціск аб неабходнасці дадаткова з боку Расіі выдаваць грошы або зніжаць цэны на нашы энерганосьбіты, даваць крэдыты. Гэты спіс запытаў вельмі вялікі, — сказаў міністр.
У якасці прыкладу Кудрын прывёў пытанне ўзгаднення праекта аб адзінай валюце. “Два міністэрствы фінансаў, два цэнтральныя банкі адпрацавалі ўсю дакументацыю, поўны набор усёй дакументацыі. Гэты праект быў у высокай ступені гатоўнасці. Тады была пастаўлена ўмова аб дадатковых буйных грантах, гэта значыць бязвыплатных сродках, якія павінны быць перададзеныя Беларусі як нейкае суправаджэнне гэтага праекта, — сказаў Кудрын.
Міністр фінансаў заявіў, што “пытанні крэдытаздольнасці беларускай эканомікі, яе знешніх даўгоў з’яўляюцца крытычнымі. Пры гэтым Кудрын нагадаў, што раней ужо рабіў падобную заяву. 28 мая 2009 года Кудрын падчас паездкі ў Мінск выказаў сумненні ў плацежаздольнасці Беларусі. Ён заявіў, што Расія не выдасць краіне транш крэдыту ў 500 мільёнаў долараў да таго часу, пакуль Мінск не зробіць крокі па стабілізацыі эканомікі. Ад крэдыту ў расійскіх рублях Беларусь тады адмовілася, а Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў Кудрына.
Пнула Аляксандра Рыгоравіча нават структура, з якой ён заўсёды знаходзіў паразуменне. 6 кастрычніка дэпутаты Дзярждумы Расійскай Федэрацыі прынялі заяву адносна расійска-беларускіх узаемаадносінаў. У заяве гаворыцца, што “антырасійская рыторыка, якая ў цяперашні час выкарыстоўваецца кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь, супярэчыць гістарычнаму лёсу рускага і беларускага народаў, супярэчыць духу культурных і эканамічных сувязяў, якія складваліся шмат стагоддзяў, нашаму ладу жыцця і мыслення.
А злоснае НТВ працягвае шпуляць новыя серыі “Хроснага бацькі. У пятніцу а 19:30 паводле мінскага часу будзе паказана чацвёртая частка скандальнага дакументальнага фільму “Хросны бацька. Частка мае назву “Апошняя восень. Гэта ўжо сапраўды празрысты намёк на вынік прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Здаецца, Аляксандру Рыгоравічу засталося толькі адно — тое, што ён абяцаў падчас газавых войнаў. Сысці ў зямлянку, але на калені не стаць.