Каля польска-беларускай мяжы знайшлі цела маладога сірыйца

12 лістапада ў лесе непадалёк ад мяжы з Беларуссю знайшлі цела маладога мужчыны сірыйскай нацыянальнасці, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на польскую паліцыю.

4_384.jpg


Сірыец памёр каля польскай вёскі Вулька Церахоўская. З беларускага боку мяжы месціцца Камянецкі раён Брэсцкай вобласці.
Раней Сусветная арганізацыя здароўя заявіла, што 60 % мігрантаў на мяжы Беларусі маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе.
Польскія памежнікі зафіксавалі 12 лістапада 219 спроб пераходу мяжы па-за пунктамі пропуску. Траіх чалавек арыштавалі, астатніх развярнулі.
У Сеціве з'явілася відэа, на якім мігранты пераходзяць рэчку па плечы ў вадзе. Мяркуючы па голасе за кадрам, яны перасякаюць мяжу Беларусі з Літвой.

Раней паведамлялася пра як мінімум 9 смярцей мігрантаў на мяжы


Першая інфармацыя пра гібель мігранта прыйшла 4 жніўня, калі Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра смерць іракца на беларуска-літоўскай мяжы, непадалёк ад пункта пропуску «Беняконі». Мужчыну ў перадсмяротным стане нібыта знайшоў былы вайсковец, які жыве ў Воранаве. СК Беларусі адразу завёў крымінальную справу, у Беларусь выклікалі родных памерлага, мёртвае цела паказалі па беларускіх дзяржаўных тэлеканалах. Літоўскі бок абвінаваціў беларускія ўлады ў правакацыі.
19 верасня польскія і беларускія памежнікі адначасова паведамілі аб тым, што на мяжы знойдзеныя целы загінулых мігрантаў. Агенцтва «БелТА» расказала пра труп жанчыны з Ірака. Памежная варта Польшчы праінфармавала адразу пра тры знойдзеныя на беларуска-польскай мяжы трупы ўцекачоў. Пракуратуры Сувалак, Саколкі і Беластока пачалі следства, першай версіяй гібелі стала тое, што адна з асоб ужывала лекі, перададзеныя ёй беларускімі памежнікамі, і гэта магло стаць прычынай пагаршэння стану. Астатнія маглі памерці ад абмаражэння.
23 верасня Памежная служба Польшчы паведаміла пра смерць яшчэ аднаго мігранта. Напярэдадні арыштавалі групу імігрантаў з Ірака. Але адзін з іх, нягледзячы на рэанімацыю патруля і брыгады хуткай дапамогі, памёр.
5 кастрычніка каля беларуска-літоўскай мяжы знайшлі цела ўцекача са Шры-Ланкі, напісалі дзяржаўныя СМІ Беларусі. Побач з загінулым знаходзіліся яго дакументы, пластыкавыя карткі і мабільны тэлефон. Прычыны смерці мігранта не ўдакладняліся.
14 кастрычніка ў памежнай зоне з польскага боку знайшлі яшчэ аднаго мёртвага мігранта з Сірыі. Прэс-сакратар паліцыі Томаш Крупа сказаў Gazeta Wyborcza, што загінулы — 24-гадовы ўцякач, да гэтага ён, імаверна, знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Пры сабе ён меў беларускую візу, выдадзеную ў сярэдзіне верасня.
19 кастрычніка сірыец патануў у рацэ Буг пры спробе пераплысці на польскі бок мяжы. Пры 19-гадовым хлопцу знайшлі дакументы, якія сведчаць асобу. Разам з ім раку пераплываў і яго зямляк, якога ўдалося выратаваць нырцам са службы ратавання.
29 кастрычніка на мяжы памёр хворы на дыябет 25-гадовы мігрант з Ірацкага Курдыстана.
Таксама з'яўляліся паведамленні пра гібель мігрантаў не на мяжы. Адзін памёр у Мінску, другога знайшлі нежывым у транспарце, які прывёз мігрантаў у Германію.