Беларусы ваююць на баку ІДІЛ і на Данбасе
Больш за 100 грамадзян Беларусі ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях на Данбасе, каля дзясятка — паехалі ваяваць на баку "Ісламскай дзяржавы". Аб гэтым паведаміў журналістам 15 снежня ў Палаце прадстаўнікоў міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.
Фота з сайта belapan.by
Паводле яго слоў, у Следчы камітэт (СК) накіраваныя матэрыялы для распачынання крымінальных спраў у дачыненні да 12 удзельнікаў баявых дзеянняў на Данбасе. "Ёсць
матэрыялы праверак, яны накіраваныя ў Следчы камітэт. Агульны спіс мяркуемых удзельнікаў (грамадзян Беларусі. — БелаПАН.) баявых дзеянняў складае больш за 100 чалавек, у СК матэрыялы
пададзеныя ў дачыненні да 12", — сказаў Шуневіч.
Шуневіч адзначыў, што асобы, у дачыненні да якіх могуць быть распачатыя крымінальныя справы, удзельнічалі ў баявых дзеяннях як на баку афіцыйных войскаў, так і прыхільнікаў самаабвешчаных
Данецкай і Луганскай народных рэспублік. "У нас у гэтым плане абсалютна непрадузятае стаўленне", — падкрэсліў ён.
Паводле слоў кіраўніка МУС, грамадзяне Беларусі едуць ваяваць у асноўным "з карысці", а значная частка з іх ваюе там, дзе "больш плацяць".
Шуневіч лічыць, што ў Следчага камітэта ёсць падставы для распачынання крымінальных спраў на падставе праверак органаў унутраных спраў. "Але ў любым выпадку рашэнне будзе прымаць
следчы", — сказаў ён.
Шуневіч таксама паведаміў, што ў МУС ёсць інфармацыя аб грамадзянах Беларусі, якія паехалі ваяваць на баку так званай "Ісламскай дзяржавы". "Такія
прэцэдэнты ёсць. Па кожным вядомым выпадку мы праводзім праверку і будзем даваць прававую ацэнку. Гэта не больш за дзесяць чалавек пакуль, якія нам вядомыя", — сказаў
міністр.
Паводле яго слоў, наўрад ці хтосьці назаве канкрэтную колькасць грамадзян Беларусі, якія паехалі ў "Ісламскую дзяржаву". "Яны ж не аб'яўляюць, што ідуць
ваяваць. Дакладных спосабаў, якія б адназначна адказалі, для чаго чалавек едзе за мяжу, у нас няма. Чалавек не дэкларуе сваё жаданне ваяваць. Ён едзе, умоўна кажучы, у Турцыю, нейкім
чынам трапляе на тэрыторыю так званай Ісламскай дзяржавы. Шлях вядомы, але гаварыць аб удзеле ў гэтым працэсе мы можам толькі тады, калі ў нас будуць нейкія факталагічныя звесткі. Мы іх
збіраем", — сказаў Шуневіч.
Кіраўнік МУС дадаў, што для яго нават "адзін чалавек гэта шмат, калі ён вырашыў стаць баевіком". "Бо ён у любы момант можа вярнуцца назад з баявым вопытам
і зброяй", — патлумачыў Шуневіч.
БелаПАН