Справа па абвінавачванні Тамары Сяргей ў рабаванні не закрытая да гэтая пары
Справа па абвінавачванні актывісткі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, юрысткі Тамары Сяргей ў рабаванні не закрытая да гэтай пары.
Юрыст Тамара Сяргей
Нагадаем, што 6 лістапада ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі юрыстка была затрыманая на чыгуначным вакзале Мінска пад час сустрэчы з актывістамі ініцыятывы, каб разам паехаць да Палаца незалежнасці, дзе павінна была адбыцца цырымонія інаўгурацыі. Супрацоўнік Мінскага аддзела ўнутраных справаў (АУС) на транспарце, падпалкоўнік Сяргей Гаркавы ў прысутнасці старшага прапаршчыка Сяргея Махнача затрымаў юрыстку па абвінавачванню грамадзянкі Тарасавай у тым, што Тамара Сяргей адкрыта скрала кашалёк ў гэтай жанчыны.
Юрыстку абшукалі, яе апытаў аперупаўнаважаны крымінальнага вышуку, капітан Мікалай Жылін. На спадарыню Тамару быў складзены пратакол затрымання, а затым пасля ўсіх адпаведных працэдураў была вынесеная пастанова аб вызваленні юрысткі, якая была зняволеная каля чатырох гадзінаў.
Згодна Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, цягам 10 дзён павінна было вырашыцца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да юрысткі, альбо ў адмове ва ўзбуджэнні гэтай справы.
У сувязі з дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі, якія праваабаронца лічыць правакацыйнымі, Тамара Сяргей накіравала скаргі міністру ўнутраных справаў Ігару Шуневічу і Генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку.
У сваім лісце на імя Ігара Шуневіча юрыстка прасіла міністра правесці праверку дзейнасці Сяргея Гаркавага. Сяргей Махнача і грамадзянкі Тарасавай, каб прыцягнуць іх да адказнасці.
Сваю просьбу правабаронца матывавала тым, што пасля заявы Тарасавай Сяргей Гаркавы не паглядзеў матэрыялы відэакамер і не даў ўказанне зрабіць гэта сваім падначаленым, паверыў на слова спадарыні Тарасавай і адкінуў сведчанні юрысткі і тлумачэнні яе знаёмых, без наяўнасці дастатковых падставаў парушыў асабістую недатыкальнасць жанчыны і яе свабоду, здзейсніў самавольства ў скарыстанні ўладных паўнамоцтваў, ужыў у адносінах да спадарыні Сяргей фізічную сілу без належных падставаў, усклаў адказнасць за свае дзеянні на падначаленага, а таксама, з’яўляючыся афіцэрам і прадстаўніком праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь, закрануў гонар і годнасць юрысткі.
Яна лічыць, што гэтыя дзеянні сведчаць аб правакацыі, удзельнікамі якой з’яўляліся спадары Гаркавы, Махнач і грамадзянка Тарасава.
У лісце на імя Аляксандра Канюка Тамара Сяргей прасіла пракантраляваць хаду праверкі ў адносінах да яе.
Скаргі юрысткі былі пераадрасаваныя ў ГУУС Мінгарвыканкаму і пракуратуру Мінскай вобласці. Урэшце Тамара Сяргей атрымала адказ ад Мінскага транспартнага пракурора Мікалая Кротава, які паведаміў, што 12 лістапада Мінскі АУС на транспарце прыняў рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць юрысткі. Аднак, як зазначыў Мікалай Кротаў, 10 снежня пракуратура адмяніла гэтае рашэнне і накіравала ў Мінскі АУС на транспарце матэрыялы для правядзення дадатковай праверкі, у рамках якой будзе дадзена прававая ацэнка “доказам пра заведама ілжывы данос” у адносінах да юрысткі.
Як адзначыла Тамара Сяргей у каментары НЧ, у яе няма надзеі, што супрацоўнікі праваахоўных органаў належным чынам правядуць праверку. “Я лічу, што ў адваротным выпадку ім прыдзецца прыцягнуць да адказнасці сваіх калег, якія загадалі здзейсніць правакацыю супраць мяне і маіх сяброў”, — падкрэсліла юрыстка.