«Каб захавацца беларусамі, трэба проста быць імі. Штодня, незалежна ад таго, дзе ты жывеш»

Ці магчыма пабудаваць нацыю, з’ехаўшы з краіны? І як застацца беларусам за мяжой? На гэтыя і іншыя пытанні «Салідарнасці» адказала гісторык, даследчыца беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка.

Фота з сайта «Салідарнасці»

Фота з сайта «Салідарнасці»

— Як вы ацэньваеце падзеі 2020 года? Ці далі яны нешта ў плане фарміравання нацыянальнай самасвядомасці?

— Безумоўна, падзеі 2020 года моцна паўплывалі на нацыянальную самасвядомасць беларусаў і ў Беларусі, і ў замежжы, асабліва ў кароткатэрміновай перспектыве, пра якую мы цяпер толькі і можам казаць. Тысячы ранейшых беларускіх эмігрантаў, якія дагэтуль засяроджваліся на ўласнай адаптацыі ў новых краінах, нечакана ўсвядомілі важнасць сваёй прыналежнасці да беларусаў і адчулі жаданне нейкім чынам дапамагчы, падтрымаць, паспрыяць беларускай рэвалюцыі.

Неўзабаве іх шэрагі папоўнілі гэткія ж актыўныя беларусы з Беларусі. Актывізацыя ранейшых эмігрантаў і новая вялікая хваля эміграцыі стварыла зусім іншую мапу беларускага жыцця ў замежжы. З’явілася вялікая колькасць новых беларускіх ініцыятыў, структур, суполак.

Усё гэта зноў робіць беларусаў бачнымі і адно аднаму, і ўсяму свету. Гэта, безумоўна, станоўчы вынік падзей 2020 году.

Беларусам важна было пабачыць сябе такімі, як у 2020-м, з высокім узроўнем салідарнасці і ўзаемадапамогі, адчуць, што мы можам сабою ганарыцца. Гэта тое, што на пэўны час кансалідавала. Наколькі доўга будуць адчувацца водгукі гэтых працэсаў, пакажа час.

— Шмат людзей у выніку рэпрэсій з’ехалі з краіны — людзей актыўных, нацыянальна свядомых. А тыя, што засталіся, па аб’ектыўных прычынах не могуць актыўна ўдзельнічаць у многіх працэсах нацыянальнага і культурнага адраджэння. Палітыка ўлады, як вядома, таксама гэтаму не спрыяе. Што беларусаў чакае ў будучым?

— Гісторыка наўрад ці мэтазгодна пытацца пра прагнозы на будучыню. Магу сказаць, што эмігранты часоў Другой сусветнай вельмі спадзяваліся неўзабаве вярнуцца на радзіму. Спадзяваліся, што будзе вайна ЗША з СССР, у якой апошні прайграе і беларусам будзе адкрыты шлях дадому. Нават былі заклікі запісвацца добраахвотнікамі на Карэйскую вайну, каб дапамагчы амерыканцам перамагчы.

У новых краінах шмат хто не прымаў доўгі час мясцовае грамадзянства, каб было лягчэй з’ехаць. Прайшлі дзесяцігоддзі, перш чым прыйшло ўсведамленне, што вярнуцца наўрад ці атрымаецца.

Ці будзе гэткі ж сцэнар і цяпер, сказаць немагчыма. Зноў жа, гісторыя сведчыць, што часам падзеі развіваюцца хутка і імперыі разбураюцца нечакана. Хацелася б, каб нас чакаў менавіта такі сцэнар.


Глядзіце таксама

— Ці можна пабудаваць нацыянальную дзяржаву, знаходзячыся за мяжой?

— Думаю, не. Можна будаваць беларускія асяродкі, можна развіваць беларускую культуру, але нацыянальную дзяржаву магчыма будаваць хіба што там, дзе нацыя жыве стала.

Папярэднікі-эмігранты мелі багата планаў на часы вяртання ў Беларусь, у тым ліку і ўраду ў выгнанні. Публікаваліся розныя канцэпцыі, як незалежная беларуская дзяржава мае выбудоўваць сваю знешнюю палітыку, рыхтаваліся нават сцэнары ваеннага ўварвання і захопу ўлады ў Беларусі. Але ўсё гэта засталося на паперы, бо большасць хіба ўсведамляла, што лёс беларускай дзяржавы будуць вырашаць грамадзяне ў самой Беларусі.

Але эміграцыя намагалася ўсяляк спрыяць з’яўленню незалежнай беларускай дзяржавы, развіццю беларускай культуры. Выдаваліся творы рэпрэсаваных пісьменнікаў, цэнзураваныя творы класікаў, каб захаваць гэта для беларусаў, у тым ліку і ў Беларусі. Агулам друкавалася тое, што немагчыма было выдаць у той час на радзіме. Адсочваліся і пры магчымасці падтрымліваліся любыя праявы іншадумства.

У 1970-х — 1980-х была арганізаваная, прыкладам, гучная кампанія ў падтрымку беларускага дысідэнта Міхася Кукабакі, выдаваліся творы самвыдату. Ішла мэтанакіраваная праца з палітычнымі дзеячамі розных узроўняў па агучванні актуальнасці праблемы беларускай незалежнасці.

Ад канца 1980-х — пачатку 1990-х наладжваліся сувязі з культурнымі і грамадскімі дзеячамі ў самой Беларусі, стала арганізоўвацца дапамога ў розных формах і кірунках.

Зразумела, што беларусаў на эміграцыі было значна менш, чым расійцаў, палякаў ці ўкраінцаў. Але рабілі тое, што было магчыма, каб наблізіць, паспрыяць з’яўленню беларускай незалежнай дзяржавы, а потым і ўсяляк яе падтрымаць.


Глядзіце таксама

— Ці бачыце вы нейкія гістарычныя паралелі ў сённяшняй хвалі эміграцыі? Якія высновы з гісторыі варта зрабіць беларусам і якія намаганні прыкласці, каб не страціць сябе як нацыю?

— Паралеляў у ранейшых эміграцыяў (асабліва часоў Другой сусветнай) з цяперашняй даволі шмат.

Тады таксама людзі выязджалі найперш пад страхам рэпрэсій, таксама ехалі ў нікуды, дзе ніхто не ведаў, хто такія беларусы і чаму ім не жывецца на радзіме. Яны выбудоўвалі свае асяродкі ў розных краінах, стваралі палітычныя, культурныя і іншыя структуры. Яны гэтаксама хацелі вярнуцца, імкнуліся застацца беларусамі і быць карыснымі незалежнай Беларусі.

І гэтаксама ў беларускіх асяродках былі канфлікты, падзелы, расколы і на палітычнай, і на рэлігійнай глебе, шмат з якіх не былі пераадоленыя да сыходу саміх прадстаўнікоў тае хвалі эміграцыі.

Тагачасныя беларусы таксама імкнуліся перадаць беларушчыну дзецям. Праўда, нельга сказаць, што гэта атрымалася глабальна, але ёсць яскравыя паасобныя прыклады поспеху ў гэтым кірунку.

Згадаю народжаных у ЗША дзяцей беларускіх дзеячаў Вітаўта і Зоры Кіпеляў: дачка Алеся — актыўная ўдзельніца беларускай грамады ў Вашынгтоне, сын Юрка — старшыня Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, працягвае справу бацькі.

І гэты досвед, і досвед палітычных канфліктаў, і досвед знешняй дзейнасці па рэпрэзентацыі беларусаў у іншакультурным грамадстве, і набыткі дабрачынных ініцыятыў эмігрантаў-папярэднікаў і шмат чаго яшчэ варта вывучаць новым беларусам на чужыне, каб пазбегнуць тых самых памылак.

А яшчэ варта згадаць, што беларускія эмігранты заўсёды падтрымлівалі сваіх пісьменнікаў, музыкаў, мастакоў — прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, усіх тых, хто пісаў творы беларускай культуры і на чужыне. Усведамленне важнасці гэтай справы таксама вартае пераймання новай эміграцыяй ад старой, у тым ліку і каб захавацца як нацыі.

Па-мойму, каб захавацца беларусамі, трэба проста быць імі. Штодня, незалежна ад таго, дзе ты жывеш, ствараць уласную беларускую прастору, у грамадзе ці па-за ёю. Пра гэта таксама сведчыць досвед папярэдніх эмігрантаў.