Правы чалавека, вершы і дом. Сяржук Сыс і яго новая кніга паэзіі
Як гэта — жыць без дому і без радзімы? Хвалявацца за маці, сумаваць па сябрах і блізкіх, не мець свайго кута... Праваабаронца і паэт Сяргей Сыс дзеліцца сваім досведам у інтэрв'ю «Штодню».
Сяргей Сыс, праваабаронца «Вясны» і паэт, які паходзіць з Гомельшчыны, у 2021 годзе быў вымушаны бегчы з Беларусі ад пераследу. У гутарцы са «Штоднём» ён расказвае пра шлях уцякацтва, пра сваю новую кнігу вершаў і тое, што для яго сёння ёсць домам.
— Раскажыце пра свой шлях ад’езду з Беларусі — з чым ён быў звязаны і як праходзіў?
— Здарылася падзея, якая была пераломнай у маім жыцці. Гэта 14 ліпеня 2021 года, калі з ператрусамі і затрыманнямі прыйшлі не толькі да сябраў «Вясны», але і да многіх грамадскіх дзеячаў. Я тады маштабу не зразумеў. Потым, пасля допыту, спытаўся ў нейкага следчага: «Мяне аднаго забралі?» Ён адказаў: «Ты не хвалюйся, усіх».
Потым так атрымалася, што мяне праз трое сутак вызвалілі пад падпіску, я павінен быў прынесці ім пароль ад камп’ютара. Мне сталі тэлефанаваць, я падумаў, што гэта скончыцца абы-чым. Быў тады не гатовы да ад’езду, трэба было падумаць, таму паехаў у Рэчыцкі раён да маці. Там я сядзеў у вёсцы без тэлефона дзён пяць, усё ўзважыў і ўсё-ткі прыняў рашэнне, што трэба ехаць.
Звярнуўся па дапамогу, хаця б інструкцыю, куды бегчы. Такім чынам я апынуўся ў Расіі, дзе таксама было шмат прыгод. Па-першае, не было пашпарта, пакуль вырашаў пытанні з мабільнай сувяззю, плюс баяўся расійскай паліцыі. Змяніў некалькі гарадоў. Пасля складаным чынам патрапіў ва Украіну, дзе агарнуў мяне спакой. Зусім іншая абстаноўка, я ведаў, што мяне там не выдадуць і шукаць не будуць.
Паволі стала наладжвацца жыццё, я падаўся на бежанства, праходзіў допыты, збіраў паперы. Усё нармалізавалася, з’явілася праца, сябры. Нельга сказаць, што была раўнавага, былі і стрэсы, і псіхолаг быў, і нават псіхіятр. Таму што, як начытаешся, што ў Беларусі рабілася, а ты ў бяспецы, то накрывала. Шлях ішоў да таго, што ў сакавіку павінны былі даць статус. Адвакат сказаў, што рашэнне па справе прынята станоўчае.
Але здарылася вайна. Сітуацыя ўскладнілася тым, што я быў не дома ў Чарнігаве, дзе жыў, а ў Львоўскай вобласці. Менавіта адтуль я без нічога зусім, нават грошай не было, паехаў у Польшчу. Чарнігаў на той момант абстрэльвалі, ён быў узяты амаль у паўкальцо, дабрацца туды было немагчыма.
Трое сутак давялося чакаць на мяжы ў лёгкай вопратцы — з сабой былі толькі бялізна ды камп’ютар — без ежы, на холадзе, у дзікай даўцы. 3,5-5 тысяч людзей было ў чарзе. Цісканіна была, плакалі, гублялі прытомнасць, некалькі чалавек пажылога ўзросту памерлі. Целы нават было забраць немагчыма, нельга было рассунуць натоўп, стаялі плячо ў плячо.
Дабраўся ў Польшчу. Не ведаю, як яшчэ мяне прапусцілі без пашпарта. Была даведка нейкая ўкраінская. Памежнік кажа: «Я сюды не пастаўлю пячатку, едзьце, здавайцеся паліцыі». Там валанцёры дапамаглі, кажуць: «Дзядзька, куды табе ехаць?» Я кажу: «Увязіце куды-небудзь».
Спыніліся ў Кракаве, гэта было першае месца, дзе я жыў тыдзень. Мяне там валанцёры сустрэлі і беларускія, і ўкраінскія. Далі сімку, знайшлі мне дзе жыць, апранулі. Вопратка была брудная. Адмылі. З’явілася прапанова пажыць у Германіі 2-3 месяцы і вырашыць, што далей рабіць.
Добра, што ведаў з універсітэта нямецкую мову. Сам здзіўляюся, што яна ўспомнілася праз столькі гадоў, хаця не карыстаўся. На другі месяц мог ужо неяк вольна гаварыць. Былі праблемы з легалізацыяй, бо без дакументаў трэба было накіроўвацца ў лагер і там жыць 7-8 месяцаў. А я падумаў, што гэта не для мяне. Сябры-«вясноўцы» ўжо адаптаваліся трохі ў Літве, запрасілі прыехаць у Вільню.
Падавалася б, жыві і радуйся. У мяне тут від на жыхарства, ёсць праца, плачу падаткі, маю медыцынскае страхаванне. Але асаблівай радасці і тут няма.
— Раскажыце пра людзей, якія трапляліся на шляху ўцякацтва. Ці былі тыя, каму вы асабліва ўдзячны?
— Гэта можа быць выключэнне ў мяне такое, не ведаю, як у іншых. За гэты вялікі шлях: там два месяцы, Украіна паўгода, Германія — аніводнага разу мне не трапіўся дрэнны чалавек. Любыя людзі, якія сустракаліся ў любой сітуацыі, выпадкова ці больш працягла, дапамагалі як маглі, падтрымлівалі і матэрыяльна, і словамі, і парадамі.
У Расіі былі беларусы, хаваліся, такія ж, як я, мы разам трымаліся адно аднаго, у складчыну нешта рабілі, бо ўсе былі бедныя, амаль без грошай уцякалі.
Ва Украіне таксама шмат хто дапамагаў. Напрыклад, дзяўчына, якая працавала рыэлтаркай, шукала добрае жытло, дамаўлялася з гаспадарамі. Бо без дакументаў жа як ты тую хату ў арэнду здымеш?
Як пачалася вайна, трэба было ў Польшчу ехаць, сяброўка з Канады, студэнтка, сама небагатая, скінула ўсе карткі свае з кодамі і кажа: «У мяне ёсць 3,5 тысячы долараў, забірай усё, ратуй сваё жыццё».
Калі я на трэцюю ноч замярзаў на той мяжы… Адчуваю, што я калею, бо ў мяне ж была летняя куртка, а ноччу былі такія маразы, 10-12 градусаў. Ішла афрыканка з Нігера, зняла з сябе цёплы плед, бо яна была ў цёплай куртцы, і мяне ўкутала.
Такія знакі суправаджалі ўвесь гэты шлях, гэта не давала страціць веру ў людзей, давала нейкую надзею, што ўсё будзе добра.
Шмат дапамагаў «Дом правоў чалавека» ў Чарнігаве, вельмі добрая каманда. Я пэўны час жыў у іх, і я дагэтуль ім удзячны. Па першым часе ў Кіеве дапамагала беларуска, таксама журналістка светлагорская Алена Прыходзька. Хаця сама жыла, чацвёра дзяцей, яна, муж, і тое яны заўсёды мне знаходзілі месца і што паесці.
У Кракаве беларуска, якая прытуліла мяне, клапацілася, каб было працоўнае месца, калі я адсыпаўся ў першыя дні, каб дзеці не бегалі па хаце і не шумелі.
Многія эпізоды знікаюць у памяці, а сустрэчы з такімі людзьмі не забываюцца. Я пры любой нагодзе шчыра дзякую ім, і не толькі ім. Калі сам такое выпрабаваў, то заўсёды хочацца і іншым дапамагчы.
— Дзе ваш дом цяпер?
— Пра дом, канешне, гэта складанае пытанне, неадназначнае. Я вельмі шмат думаю пра гэта.
Спачатку домам была бацькоўская хата ў Рэчыцкім раёне, пасля Гомель, пасля яго быў Мінск, дзе я доўга прывыкаў. Я не лічыў яго сваім домам, але ў мяне знайшлося пад Заслаўем лецішча, дзе я праводзіў больш чым паўгода — пачынаючы з сакавіка і да позняй восені — і адтуль ездзіў на працу. Там мне было добра, хораша. Я хлопец вясковы, а там быў лес, поле, гарод.
У адзін момант, пазбавіўшыся ўсяго гэтага, я стаў задумвацца, што такое дом. Была памылка, як стала больш спакойна жыць у Чарнігаве, стаў абжывацца, набываць зручныя рэчы для жыцця: журнальны столік, зручнае крэсла. Пачаў думаць, што, напэўна, гэты дом будзе доўга, бо я рэальна ацэньваў, што ні праз год, ні праз два я ў Беларусь не вярнуся, так хутка гэта не скончыцца.
Калі гэты дом рухнуў, то ў мяне пачуццё дому знішчылася. Але я стаў шукаць тое, чым можа яго замяніць. І прыйшоў да высновы, што дом — там, дзе ў цябе ёсць сябры. Домам можа стаць любы чалавек, каторы ўкладзе ў цябе нешта, твой лёс знойдзе ў ім нейкі душэўны водгук.
Дом — там, дзе мне добра з людзьмі. Цяпер я жыву ў Вільні, у кватэры. Я не жыву, як жыў у Чарнігаве. Кожную рэч, якую я нясу ў хату, я аналізую: а раптам мне трэба хутка кідаць гэта ўсё? Пастаянна сябе абмяжоўваеш: не трэба лішнія кнігі ў хаце, не трэба браць гэтую карысную, добрую рэч, а куды я потым гэта дзену? На мінімалізме жывеш. Таму дом — гэта сябры і (іншыя) людзі.
— Калі мы загаварылі пра дом, то варта згадаць, што ў вас зусім нядаўна выйшла новая кніга вершаў «Дом», якую вы называеце паэтычным дзённікам. Раскажыце пра яе. Якія там творы? Ці можна працытаваць нешта?
— Кніга гэтая стваралася, пачынаючы з таго, як я выйшаў на волю — 15 ці 16 ліпеня 2021 года, літаральна праз нейкі тыдзень з’явіўся першы верш. Практычна ўсе вершы напісаны ў гэтым шляху выгнання. Я наўмысна ставіў пад кожным з іх прыкладную дату і месца, дзе ён напісаны. Каб потым вярнуцца, паглядзець, які можа быць шлях у беларуса, вымушанага пакінуць сваю Радзіму.
Храналагічны парадак важны, бо там прасочваюцца не толькі мясціны, але і бачна, дзе песімізмам радкі загружаны, дэпрэсіяй, чалавеку цяжка, дзе яны больш пазітыўныя, наступаў спакойны перыяд жыцця.
Таксама там ёсць вершы з тых, што былі падрыхтаваны яшчэ ў Беларусі. Пасля затрымання і вызвалення я баяўся, выдаліў емэйл, і разам з ім знішчыліся ўсе акаўнты, воблакі, дзе ўсё захоўвалася. У выніку ўсё, што не было надрукавана, знікла. Кніга была гатова яшчэ да 2020 года, мы рыхтаваліся яе выдаць у Мінску. З яе засталося, можа, вершаў 15-20, якія я змог сабраць. Я іх уключыў, бо для мяне гэта быў таксама пэўны перыяд жыцця.
Кніжка атрымалася з некалькіх частак. Я вельмі задаволены, бо ненадрукаваныя кнігі — як нейкія кайданы на нагах, і творчаму чалавеку складана рухацца далей.
Ёсць у «Доме» сярод іншых верш, прысвечаны маёй маці. Ён для мяне вельмі балючы. Як і ў многіх, у мяне старая, хворая маці, я магу не паспець пабачыць яе яшчэ раз… Балюча гаварыць пра гэта.
Дачакайся, родная, мяне
Мама, мама, кажуць, дактары
часам не вылазяць з нашай хаты,
Дачакайся сына, не згары,
ён жа ані ў чым не вінаваты.
Дачакайся, родная, мяне
і прабач, што хутка не вярнуся.
Веру, што выгнання час міне,
яшчэ будзе вольна ў Беларусі.
Нашыя бярозкі і дубок
моцы хай даюць табе і веры,
і аднойчы, быццам незнарок,
ціха зарыпяць у хату дзверы.
Любая матуля, датрымай,
мне ж таксама горка на чужыне,
А галоўнае, што тут цябе няма,
а галоўнае, што тут няма Радзімы.
Ноч за ноччу сню адно кіно:
як іду сцяжынаю вясковай,
зазіраю ў роднае вакно…
а далей, далей знікаюць словы.
Спадзяюся, што маці мяне дачакаецца. Яна — таксама непадзельны кавалак радзімы, частка той вёскі, дому, дзе я нарадзіўся над Дняпром.
У планах яшчэ ёсць адна паэтычная, кніга прозы, дзённікаў, апавяданняў. Маю яшчэ адну мару — напісаць эсэ-аповесць біяграфічную пра гомельскае жыццё, студэнцкае, аспіранцкае жыццё Алеся Бяляцкага, майго сябра, старшыні «Вясны» і нобелеўскага лаўрэата.
Задача вельмі для мяне адказная, паціху дапісваю, збіраю факты, якія з часам забыты. Пра Алеся як ужо лідара «Вясны», вядомага чалавека напісана багата. «ПЭН» выдаў кнігу «Алесь». А вось той ранні перыяд, многія пытаюцца, якім ён быў тады, як ён стаў такім. Як рукі развяжуцца, хацеў бы заняцца гэтым.
— Вы шмат гадоў у Беларусі аддалі праваабарончай дзейнасці. Хто вы сёння больш — паэт, правабаронца ці, можа быць, дысідэнт?
— Пачатак 2007 года быў, калі я прыйшоў у «Вясну». Мяне тады Алесь Бяляцкі папярэдзіў: «Сяргей, усё зразумела, але падумай яшчэ раз. У «Вясну» ўвайсці можна, а выйсці нельга». Гэта сапраўды так. Дзе б я ні быў, я найперш адчуваю сябе праваабаронцам.
Гэта не тое што мая праца, гэта ўжо робіцца стылем жыцця. Па-іншаму нельга. На ўсе свае пытанні, меркаванні глядзіш праз прызму, шкло праваабароны. І ў побыце гэта таксама накладвае свой адбітак. Таму найперш я застаюся і тут праваабаронцам. Гэта асноўнае маё прызначэнне, а ўсё астатняе далей. Паэт… і добры тата.
— У беларусаў сёння шмат гора: затрыманні, вымушаная міграцыя і нават смерці. У чым, як вы думаеце, варта шукаць апору?
— Беларусы павінны гуртавацца, падтрымліваць адно аднаго ў любой сітуацыі. Асабліва тыя дзясяткі і сотні тысяч, якія з’ехалі. Мы мусім дапамагаць дзецям, якія тут нарадзіліся і якія з’ехалі. Каб мы захаваліся, каб мы былі лепшымі. Каб калісьці, калі мы вернемся, былі больш сур’ёзнымі, больш адукаванымі, больш разумнымі. Каб мы маглі даць Беларусі тое, што мы не дадалі за час нашага мігранцтва. Гэта вельмі важна. Каб мы захавалі сябе, прымножылі таленты, кампетэнцыі і ўсё гэта ўклалі ў родную Беларусь.
Усё роўна мы вернемся.