«Каб мы і наша Бацькаўшчына вылечыліся ад грахоўнай і грамадска-палітычнай праказы». Тадэвуш Кандрусевіч дабраславіў памятную дошку ў гонар мастака Яна Дамеля
14 лютага ў мінскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч дабраславіў памятную дошку беларускаму мастаку пачатку ХІХ стагоддзя Яну Дамелю.
![2021_02_14_damel_029.jpg 2021_02_14_damel_029.jpg](/img/v1/images/2021_02_14_damel_029.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ян Дамель, прадстаўнік мастацкай школы Віленскага ўніверітэта, пакінуў значны след у мастацтве Беларусі, Літвы і Польшчы.
«Ён пісаў пераважна на гістарычныя тэмы, але адно з асноўных месцаў у яго мастацтве займала рэлігійная тэма. Сярод яго палотнаў ёсць і св. Тадэвуш, што мне асабіста вельмі прыемна», — адзначыў у сваёй гаміліі арцыпастыр.
Ян Дамель быў пахаваны ў крыпце яшчэ недабудаванага касцёла Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках у Мінску.
«Над магілай мастака ў цэнтральным алтары касцёла быў змешчаны абраз “Маленне аб чашы”, які лічыцца найлепшым яго творам. Гэтае палатно стала своеасаблівым помнікам мастаку і замяніла яму надмагілле», — сцвердзіў іерарх.
![2021_02_14_damel_021.jpg 2021_02_14_damel_021.jpg](/img/v1/images/2021_02_14_damel_021.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Нягледзячы на тое, што жыццё Яна Дамеля прайшло ў розных гарадах Латвіі, Літвы, Расіі і Беларусі, ён парадніўся з Мінскам, стаў часткай яго культурнага жыцця і яго ўвасабленнем, — працягваў мітрапаліт. — Ён адышоў, але яго творчасць засталася і адыгрывае вялікую ролю ў евангелізацыі».
Спасылаючыся на евангельскі ўрывак пра аздараўленне пракажонага, арцыпастыр падкрэсліў:
«Езус не толькі вылечыў хворага ад страшнай хваробы, але і паказаў, што праказа — гэта не боская кара, а хвароба, як і кожная іншая, а Бог хоча, каб мы ўсе былі здаровымі».
Пры гэтым мітрапаліт звярнуў увагу на небяспечную духоўную і грамадска-палітычную праказу сучаснага свету: «Гэта праказа матэрыялістычнага атэізму, нязгоднага з Божым законам сексуальнага жыцця, гневу, нянавісці, сацыяльнай несправядлівасці, насілля, тэрарызму, вайны».
Як падкрэсліў іерарх, «Касцёл, паводле свайго сацыяльнага вучэння, абавязаны выказвацца адносна пытанняў маральнасці, бараніць пакрыўджаных і дапамагаць у вырашэнні праблем, з якімі сутыкаецца грамадства».
«Аднак заклік Касцёла і іншых рэлігійных супольнасцяў да малітвы, пакаяння і дыялогу ігнаруецца, — працягваў мітрапаліт Кандрусевіч. — Гэта не дазваляе Езусу вылечыць хваробу грамадскай праказы».
![2021_02_14_damel_019.jpg 2021_02_14_damel_019.jpg](/img/v1/images/2021_02_14_damel_019.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Таму, як адзначыў арцыпастыр, актуальнымі з’яўляюцца словы Святога Айца Францішка, прамоўленыя 8 лютага падчас аўдыенцыі для дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе:
«Палітычны крызіс у свеце ўзмоцніўся з прычыны павышэння ўзроўню палітычных супярэчнасцяў і адсутнасці супольнага пошуку вырашэння праблем, што закранаюць планету».
![2021_02_14_damel_031.jpg 2021_02_14_damel_031.jpg](/img/v1/images/2021_02_14_damel_031.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Няхай сённяшняе Божае слова і мастацкая творчасць Яна Дамеля дапамагаюць нам імкнуцца да духоўнай прыгажосці, каб мы і наша Бацькаўшчына вылечыліся ад грахоўнай і грамадска-палітычнай праказы з мэтай будавання жаданага міру і супакою», — заключыў мітрапаліт Кандрусевіч.
catholic.by