Яшчэ адзін штраф за знявагу міліцыянта ў інтэрнэце
Нядаўна ў Гродне асудзілі 22-гадовага маладога чалавека, які дапусціў на адным з сайтаў “нелицеприятные выражения" на адрас кіраўніка групы па прыёме іспытаў у ДАІ УУС аблвыканкама Віктара Лойкі. Пра гэта паведаміў сайт ДАІ Гродзенскай вобласці.
“Зламыснік здзейсніў амаральны ўчынак, даведаўшыся ад сваёй дзяўчыны, што тая не здала іспыт”, — тлумачаць аўтары інфармацыйнага паведамлення.
“Тэкст на сайце зняважыў, прынізіў пацярпелага і паставіў яго ў няёмкае становішча сярод калег”, — лічаць у ДАІ. Таму Віктар Лойка напісаў заяву ў суд Кастрычніцкага раёна Гродна, які “прызнаў у дзеяннях маладога чалавека наяўнасць рэцыдыву”. Вынік — 4 мільёны штрафу і 1 мільён кампенсацыі маральнага ўрону інспектара. Суд адбыўся яшчэ 22 жніўня, але паведаміла пра яго ДАІ толькі цяпер.
«Інтэрнэт — зручны спосаб хуткага распаўсюду інфармацыі, якая робіцца набыткам шырокага кола людзей, што гаворыць пра вельмі высокую грамадскую
небяспеку знявагі, здзейсненай такім спосабам”, — перасцерагае Гродзенскае ДАІ.
Нагадаем, што ў ліпені гэтага года буйным штрафам у 7 мільёнаў рублёў пакаралі драматурга Андрэя Карэліна — таксама за негатыўныя выказванні на інтэрнэт-форуме на адрас беларускай міліцыі. Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"