Як вандраваць зімой і не змерзнуць

Калі градуснік паказвае мінусавую тэмпературу — гэта не падстава адмовіцца ад актыўных выходных. Усё наадварот: звыклы трып па Беларусі зайграе новымі фарбамі. Але ў такім выпадку падрыхтоўка да вандроўкі зойме крыху больш часу, чым звычайна.

fota_7_logo.jpeg


Каб гэтыя словы не здаваліся галаслоўнымі, у якасці прыкладу прывядзем нашае зімовае падарожжа ў мінус трынаццаць у сядзібу Рэйтанаў, што знаходзіцца ў вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Лавіце лайфхакі!

Абірайце маршрут з больш развітай інфраструктурай


Гэта не абавязкова павінен быць просты маршрут на цёплым цягнічку. Каб дабрацца да Грушаўкі мы змянілі тры віды транспарта. З Мінска мы даехалі на цягніку да Баранавічаў, адтуль на аўтобусе да Ляхавічаў. Адлегласць паміж Ляхавічамі і Грушайкай — пяць кіламетраў – мы даехалі аўтаспынам. Загаддзя паглядзелі, што транспарт ходзіць там вельмі часта — амаль кожныя 30 хвілін, і мы ведалі, што пры чаканні дакладна не змерзнем.

Але калі вы марыце трапіць, напрыклад, у Любчанскі замак, то ўсё ж раім адкласці задуманае да цяпла. Бо з грамадскім траспартам там складана.

Сайты, якімі карыстаемся пры складанні маршрута, няхай і не зусім зручныя пры выкарыстанні, але затое змяшчаюць найактуальную інфармацыю пра расклад цягнікоў ды аўтобусаў:

http://ticketbus.by — сістэма продажу білетаў на аўтобусы; http://rasp.rw.by/ru — сайт беларускай чыгункі.

На гэтых сайтах можна і набыць квіткі на аўтобус і цягнік: зімой электронны продаж актуальны, як ніколі.

fota_1__12__logo.jpeg


Не грэбуйце аўтаспынам


Але ж і цалкам спадзявацца на яго нельга. У Беларусі можна ўжо скласці мапу, дзе аўтаспын працуе добра, а дзе за некалькі гадзін не з’едзеш нікуды. Напрыклад, увосень мы хацелі даехаць аўтаспынам з Камянецкай вежы да Белавежскай пушчы — але за некалькі гадзін не спынілася ніводнай машыны. А між тым, гэта адзін з самых папулярных беларускіх турыстычных напрамкаў, і трафік быў вельмі ажыўлены. Гэтак жа ўлетку мы стаялі пару гадзін паміж Мірам і Несвіжам. Незразумела чаму, але ў такіх месцах вельмі цяжка спыніць машыну.

Але з зімовым падарожжам нам пашанцавала: адразу з Ляхавічаў амаль да самай усыпальні Рэйтанаў нас давезла першая ж машына. А вось калі вярталіся, то па дарозе амаль да самых Ляхавічаў не сустрэлі ніводнага аўтамабіля: добра, што сонейка пачало грэць. Але ўжо ў Ляхавічах нас забрала машына і давезла да самых Баранавічаў. Як бачыце, тут людзі адносяцца з разуменнем.

Увогуле да аўтаспыну трэба адносіцца не як для таннага і хуткага спосабу перамяшчэння, а разглядаць як асобную культуру падарожжа. Часам менавіта гісторыі выпадковых людзей з дарогі і робяць падарожжа ўнікальным.

fota_2_1_logo.jpeg


Апранайцеся цяплей, а не прыгажэй


Разумеем, фотачкі эфектней атрымаюцца ў яркім паліто ды без шапкі. Але паверце, больш «падабаек» прыляціць на здымкі, дзе вы выпраменьваеце цяпло сваім пухавічком, велізарным шалікам ды ваўнянымі рукавіцамі. Добрай інвестыцыяй будзе пакупка тэрмабялізны — аднаго з лепшых вынаходстваў чалавецтва. Калі вы шмат вандруеце, то гэта менавіта для вас. І закіньце ў заплечнік шкарпэтак: у дарозе здараецца рознае, а запасныя шкарпэткі — гэта палова поспеху!


fota_3_logo.jpeg


Абавязкова — тэрмас ці тэрмакубак


Гэта адназначна адно з самых выгадных капіталаўкладанняў вандроўніка, якое будзе карысным у любую пару года. Але перад тым, каб набыць тэрмас, не палянуйцеся і як мага болей даведайцеся пра тую ці іншую мадэль. Часта можна пачуць: «Ой, мой тэрмас не вельмі трымае цяпло!» Канешне, можна з’ездзіць на рынак і набыць распаўсюджаныя там тэрмасы з выявай арла і надпісам «Россия», але памятайце, што ён стане вашым самым верным сябрам. І, акрамя свайго прамога прызначэння, ён павінен грэць яшчэ і душу.

І раім, каб змесціва тэрмаса складала менавіта травяная гарбатка з лімонам, імбірам, айвой, ягадамі абляпіхі ці аптэчным вітамінам С — гэта ў разы зменшыць шанцы для вашай прастуды.


fota_4_logo.jpeg


Запасайцеся ежай!

Не спадзявайцеся на мясцовыя гандлёвыя кропкі, асабліва на вясковыя. У шмат якіх беларускіх вёсках крамы адсутнічаюць наогул, як клас! А шанец сустрэць аўталаўку — амаль нулявы. Дый калі вам вельмі пашчасціла, у аўталаўцы вы не заўсёды зможаце набыць патрэбныя вам прадукты. Таму лепей нарабіце дома бутэрбродаў і купіце печыва ці булак. Пазней вы скажыце самі сабе за гэта «вялікі дзякуй».

Закіньце ў заплечнік запалкі і бумагу

Гэта набор не для самакрутак, а для вогнішча. Нават калі вы будзеце адчуваць сябе добра ў мароз, то ўсё роўна грэх не запаліць вогнішча на прыродзе і не наладзіць сабе маленькі пікнічок. Дый як не пасмажыць звычайны зефір на вогнішчы па-за межамі горада? Не бойцеся: паліць вогнішча ў лесе забараняецца толькі ў пажаранебяспечны перыяд (але гэта не азначае, што трэба забывацца на правілы бяспекі).


fota_5__1__logo.jpeg


Не забудзьцеся на касметычныя сродкі

Калі зайсці ў касметычную краму, то вочы разбягуцца ад выбару зімовай касметыкі. Тут і сагравальныя крэмы для рук і ног, супер-засцярагальныя крэмы ад марозу для твара, гігіенічныя памады і гэтак далей. Вы лішні раз папесціце сябе духмянай прыемнасцю, а ў падарожжы зразумееце, што гэта — рэчы першай неабходнасці. Падкрэслю асобна — гэта правіла без выключэнняў, распаўсюджваецца і на хлопцаў.

fota_6_logo.jpeg


Паклапаціцеся пра цяпло для вашых гаджэтаў

Камеры і тэлефоны не такія марозаўстойлівыя, як вы. Абавязкова вазьміце чахол для вашага фотаапарата. Тэлефон старайцеся класці ва ўнутраныя кішэні вопраткі. Гаджэты ў мароз разраджаюцца імгненна, і вы не толькі застанецеся без крутых фотак, але і без сувязі. Таксама закіньце ў заплечнік зарадку: у хуткіх цягніках бізнес-класу ўжо ёсць разеткі.


fota_1__1__logo.jpeg


Не лішнім будзе захапіць запасную батарэю для тэлефона альбо так званы «паўэр-банк». Важаць яны няшмат, а карысці могуць прынесці багата.
Выконваючы гэтыя простыя правілы, вы не толькі забяспечыце сабе выдатны ўік-энд па Беларусі, але і атрымаеце безкаштоўны досвед вандроўніка.
***
Стаўце хэштэг у сацыяльных сетках #часвандровак на фотаздымках з вашых падарожжаў па Беларусі, і лепшыя з іх мы апублікуем!