«Як быццам гаворка не пра людзей, а пра рэсурс». Фонд медсалідарнасці адказаў Караніку

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік выказаў на АНТ свой погляд на кадравы голад у беларускай медыцыне. «Самае хуткае і самае эфектыўнае рашэнне — гэта забеспячэнне больш рацыянальнага выкарыстання тых кадраў, якія ў нас ёсць», — заявіў ён.

Фота reform.by

Фота reform.by

Экс-міністр аховы здароўя дадаў: «За пяць гадоў колькасць урачоў на 10 тысяч насельніцтва ў Гродзенскай вобласці вырасла з 57,5 да 58. У суседняй Польшчы гэты паказчык знаходзіцца на ўзроўні 24-25. Сярэдні паказчык Еўрасаюза — 28-30. Па гэтым паказчыку мы чацвёртыя або пятыя ў свеце».

«Гучыць натхняльна. Але чаму аптымізм высокапастаўленага чыноўніка не падзяляюць шараговыя беларусы і беларускі?» — задаецца пытаннем тэлеграм-канал «Белыя халаты».

Пракаментаваць сітуацыю тэлеграм-канал папрасіў каардынатарку Беларускага фонду медыцынскай салідарнасці Лідзію Тарасенку.

— Калі глядзець на афіцыйна заяўленую колькасць практыкуючых урачоў на тысячу чалавек насельніцтва, Беларусь сапраўды выглядае цалкам годна з індэксам 4,4 (праўда, апошнія дадзеныя падаваліся ў 2019 годзе). Для параўнання паглядзім на бліжэйшыя па гэтых паказчыках краіны: у Швейцарыі індэкс такі ж, у Германіі — 4,5, а ў Фінляндыі — 4,3. Пры гэтым у Расіі індэкс 3,8, Польшчы — 3,7, а ў Літве — 5,0. Калі паглядзець на краіны ЕС, то сярэдні паказчык у іх вагаецца паміж 4 і 6 лекарамі на тысячу жыхароў, — адзначыла Лідзія Тарасенка. —

Што трэба ўлічваць, перш чым радавацца гэтым лічбам разам з Уладзімірам Каранікам? У першую чаргу тое, што мы дакладна ведаем: яны ў Беларусі фальсіфікуюцца. Часам у лік практыкуючых лекараў запісваюць стаматолагаў (чаго быць не павінна). Часам лекарамі лічаць усіх работнікаў аховы здароўя, уключаючы вартаўнікоў і буфетчыц, занятых у арганізацыях Міністэрства аховы здароўя.

Звярніце ўвагу, як чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя ставяцца да тых, хто працуе ў гэтай сферы. Каранік кажа: «Трэба рацыянальна выкарыстоўваць наяўныя кадры» — як быццам не пра людзей гаворка ідзе, а пра рэсурс. І, зыходзячы з такога стаўлення, становіцца зразумелы і падыход да вырашэння праблемы. Бо калі бачыць людзей, то адразу можна ўспомніць велізарныя чэргі ў паліклініках, дзе лекары ўжо перагружаныя.


Глядзіце таксама

Што стаіць за словамі «рацыянальна выкарыстоўваць»? Павялічыць нагрузку на тых, хто ўжо і так перапрацоўвае? Мяркуючы па ўсям, так, бо былы кіраўнік Міністэрства аховы здароўя ўспамінае, што ў тэрапеўтаў ёсць магчымасць атрымаць дадатковую кваліфікацыю, напрыклад — стаць неўролагам. Пасля «аптымізацыі», адпрацаваўшы стаўку тэрапеўтам, трэба будзе яшчэ закрываць паўстаўкі неўролагам. Або проста выкрасліць гэтую стаўку. Няма стаўкі — няма праблемы з кадравым голадам.

— А што ў нас з якасцю паслуг? — працягвае Лідзія Тарасенка. — Лічбавізацыя вядзення гісторыі хваробы павінна была завяршыцца да канца 2024 года, і мы разумеем, што гэтага ўжо не будзе. Лекары паліклінік марнуюць масу часу, бегаючы па выкліках, дзе літаральна займаюцца тым, што выпісваюць аспірын, «хуткая» выкарыстоўваецца як таксі для перавозкі пацыента на УГД у іншае аддзяленне. Некалькі разоў на год увесь персанал медустаноў прыцягваюць да ўборкі вуліц, замест таго, каб выкарыстоўваць высакакласных спецыялістаў па прамым прызначэнні (а лепш — даць ім магчымасць адпачыць). Усё гэта-фактары, якія наўрад ці памяняюцца, але менавіта яны негатыўна ўплываюць на якасць працы нашых медыкаў.

На фоне ўсяго гэтага рэальна працуючых спецыялістаў у сістэме аховы здароўя становіцца ўсё менш, «дзіркі» на рынку працы хаваюць, скарачаючы колькасць ставак. На калегіі Міністэрства аховы здароўя на 2024 год пастаўленая задача скараціць амаль тысячу ставак па краіне.

Мы не верым ні ў тое, што Беларусь знаходзіцца на 4-5 месцы ў свеце па забяспечанасці лекарамі, ні ў тое, што нарастаючую масу праблем атрымаецца вырашыць цяперашнімі метадамі адміністравання.