Як беларускія ўлады выкарыстоўваюць пандэмію для ўзмацнення дыктатуры
Як абмяжоўваюцца правы чалавека ў Беларусі ў сувязі з распаўсюджваннем COVID-19.
Прайшло амаль дзевяць месяцаў ад першага выяўленага выпадку заражэння каронавірусам у Беларусі да моманту, калі ў краіне сталі ўводзіць масачны рэжым: 5 лістапада ў Магілёве, а затым паступова і ў іншых гарадах, раёнах і абласцях, у тым ліку і ў Мінску. Да гэтага абмежавальныя меры, якія прымяняюцца ўладамі, насілі выбарачны характар, які выклікаў шмат пытанняў.
Дык чаму ж улада спярша дзіўным чынам ставілася да эпідэміі ў час першай хвалі, і чаму яе паводзіны мяняюцца цяпер? Наколькі правамернымі былі дзеянні ўладаў, і што за імі магло стаяць?
Міжнароднае права, а таксама Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе людзям права на абарону здароўя. Зыходзячы з гэтага ў свеце сталі ўводзіць разнастайныя меры, каб абараніць гэтае права. Меры гэтыя звязаныя з шэрагам абмежаванняў. Праваабаронца і юрыстка Эніра Браніцкая тлумачыць, што самі абмежаванні не ёсць злом, бо яны ўводзяцца, каб забяспечыць адно з нашых правоў, але ўвядзенне любых абмежаванняў павінна адпавядаць некаторым прынцыпам.
— Па-першае, абмежаванні павінны быць законныя, гэта значыць дзесьці нарматыўна прапісаныя. Любыя такія рашэнні павінны быць урэгуляваныя, каб усе суб’екты маглі імі нармальна скарыстацца, а калі не згодныя з імі, можна б было іх абскарджваць.
Па-другое, абмежаванні павінны быць прапарцыйныя той рызыцы, якую нясе хвароба. І калі мы кажам: «Так, мы абараняем здароўе», важна адказаць на пытанне: наколькі тыя абмежаванні кіруюцца гэтай абаронай здароўя і наколькі сапраўды патрабавалася абмежаванне іншых правоў?
Па-трэцяе, абмежаванні павінны быць не дыскрымінацыйнымі. У тым плане, што мы гэтымі абмежаваннямі не павінны прыціскаць становішча нейкай групы.
Ніякіх сістэмных рашэнняў у Беларусі прынята не было. Таму кожны раз, калі ўводзяцца нейкія ізаляваныя меры, многія беларусы, у тым ліку і праваабаронцы, задаюцца пытаннем: «Наколькі гэтыя меры сапраўды адпавядаюць задачам?»
Напрыклад, 29 кастрычніка Беларусь паводле вуснага загаду кіраўніцтва краіны рэзка закрыла на ўезд мяжу з Польшчай, Літвой, Украінай і Латвіяй. Тлумачылася ўсё гэта «эпідэмічнай абстаноўкай». Неўзабаве межы адкрылі, але многіх беларускіх студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю за мяжой, усё яшчэ не пускаюць у сваю краіну.
Эніра Браніцкая тлумачыць, што дзяржава катэгарычна не можа не пускаць сваіх грамадзян на сваю тэрыторыю.
— Нават наша Канстытуцыя, артыкул 30, кажа, што грамадзяне Беларусі заўсёды могуць бесперашкодна вяртацца. Закрыццё мяжы для замежных грамадзян можа быць, але яно павінна быць прынята нейкім нарматыўным актам. Ён павінен быць публічным, празрыстым, каб яго можна было аспрэчыць.
Сітуацыя ж, калі ў краіне не прымаецца практычна ніякіх абмежавальных мер у дачыненні да распаўсюджвання каронавіруса, і пры гэтым радыкальна зачыняюцца межы, выклікае шмат пытанняў, асабліва на фоне маштабных беспрэцэдэнтных пратэстаў у краіне.
Неабвешчаная эпідэмія COVID-19 у Беларусі пачалася 28 лютага 2020 года, калі ў студэнта БНТУ з Ірана тэст паказаў станоўчы вынік. Праз месяц у рэспубліцы было зафіксавана ўжо 152 выпадкі каронавіруса і памёр першы чалавек. У канцы красавіка колькасць выпадкаў заражэння вірусам дасягнула 14 тысяч чалавек. Паводле афіцыйнай статыстыкі, кожны новы дзень прыносіў крыху менш за тысячу новых хворых. Такі тэмп росту колькасці хворых працягваўся да сярэдзіны чэрвеня, пасля чаго лік захварэлых штодзень пайшоў на спад, дасягнуўшы свайго мінімуму 11 жніўня, калі было зарэгістравана ўсяго 58 выпадкаў заражэння.
Цікава таксама, што ў лістападзе, на піку другой хвалі распаўсюджвання каронавіруса ў Беларусі, таксама доўга фіксавалася крыху менш за тысячу новых захворванняў у дзень. Адзнака ў тысячу была перавышаная толькі 10 лістапада — у краіне зарэгістравалі 1038 выпадкаў заражэння, што таксама можа сведчыць пра выключную сур’ёзнасць праблемы і яе непадкантрольнасць дзяржаўным структурам. Колькасць смерцяў у дзень у першую хвалю не перавышала пяці чалавек, у другую — васьмі (па афіцыйнай статыстыцы).
Вядомы беларускі кардыёлаг, акадэмік НАН РБ, доктар медыцынскіх навук, былы дырэктар РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандр Мрочак у інтэрв’ю тэлеканалу «Дождж» задаўся пытаннем, куды ж адносяць усе «лішнія» смерці. Па версіі вучонага, у афіцыйнай статыстыцы ўсе гэтыя лічбы схавалі ў катэгорыю «Хваробы сістэмы кровазвароту».
— Заўсёды выклікае падазрэнні заніжаная смяротнасць ад COVID-19. «Хваробы сістэмы кровазвароту» складаюць ў статыстыцы 58% смерцяў у Беларусі, абганяючы нязначна іншыя краіны. Я мяркую, і такія факты ў мяне ёсць, не скажу, што па ўсіх тысячах смерцяў, можна ставіць дыягназ «ішэмічная хвароба сэрца», не звяртаючы ўвагі, што пацыент памёр ад лёгачнай недастатковасці, звязанай з кавіднай інфекцыяй, — дадаў прафесар.
У Беларусі, у адрозненне ад суседзяў, улады першапачаткова вырашылі не ўводзіць каранцін і іншыя абмежавальныя меры, афіцыйна не была абвешчаная нават эпідэмія. Тым не менш, да канца мая Беларусь увайшла ў топ-10 краін па колькасці пацверджаных выпадкаў COVID-19 на мільён насельніцтва і ў топ-25 краін па агульнай колькасці заражаных з пачатку ўспышкі. Але нават трапленне ў сусветныя топы не падштурхнула Міністэрства аховы здароўя да інфармацыйнай адкрытасці. Увесь травень, калі ўзровень захворвання быў надзвычай высокім, Мінздароўя не адказвала на пытанні журналістаў, не праводзіла брыфінгі, абмежаваўшыся публікацыяй сухой статыстыкі, з якой, каб даведацца колькасць тых, хто захварэў за суткі, даводзілася вырашаць сапраўдныя арыфметычныя задачы.
Спартовыя спаборніцтвы па ўсёй краіне праходзілі без якіх-кольвек абмежаванняў. Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук 15 красавіка заявіў: «Мы не бачым, што сітуацыя з COVID-19 можа пагоршыцца», і выказаў меркаванне, што ў Беларусі сёння няма падставаў прымаць жорсткія меры ў адносінах да спаборніцтваў, якія праводзяцца. На наступны дзень Савет міністраў Беларусі прызначыў на 25 красавіка правядзенне рэспубліканскага суботніка.
Нягледзячы на аптымізм чыноўнікаў, Беларусь папрасіла ў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця крэдыт у памеры да $1 млрд. для крэдытавання найбольш пацярпелых праз COVID-19 сектараў. «Хуткае» фінансаванне рэспубліка запатрабавала і ў Міжнароднага валютнага фонду.
«Нам вельмі моцна падставіць плячо Еўропа, асабліва міжнародныя банкі і фонды — менавіта пад ахову здароўя», — заявіў 21 красавіка Лукашэнка.
Ужо праз пару дзён стала вядома, што Беларусь атрымае ад ЕС 60 мільёнаў еўра на барацьбу з COVID-19. Тады ж краіна ўзяла ў доўг 90 млн. еўра ў Сусветнага банка для фінансавання мерапрыемстваў па экстраным рэагаванні на эпідэміялагічную сітуацыю.
У пачатку траўня, калі штодзённы прырост тых, хто захварэў, трымаўся на сваім піку, Лукашэнка заявіў, што парад на 9 траўня адмяняць не збіраецца:
«Павінен сказаць, што мы не можам адмяніць парад. Проста не можам... І падумайце, што скажуць людзі. Можа, не адразу, праз дзень, праз два пасля гэтага, — скажуць, што спалохаліся», — заявіў ён. Але гэта не перашкодзіла выкарыстоўваць каронавірус для абмежавання грамадзян ва ўдзеле ў выбарчай кампаніі выбараў прэзідэнта краіны.
Восьмага траўня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прызначыла дату правядзення выбараў — 9 жніўня 2020 года. У гэты ж дзень кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, спаслаўшыся на пандэмію, заявіла, што пасяджэнні выканаўчых камітэтаў па фарміраванні тэрытарыяльных выбаркамаў будуць праходзіць без запрашэння міжнародных і мясцовых назіральнікаў.
Урэшце назіральнікі ад АБСЕ былі запрошаныя беларускім МЗС, але было ўжо позна. Такі крок МЗС выклікае супярэчнасці, бо да гэтага часу грамадзяне 51 дзяржавы з 58 чальцоў АБСЕ маглі прыязджаць у Беларусь без усялякіх абмежаванняў. Чаму сярод іх не маглі быць назіральнікі з АБСЕ — таксама пытанне адкрытае.Эніра Браніцкая лічыць, што «тлумачыць такое позняе запрашэнне назіральнікаў эпідэміялагічнымі мерамі было выкарыстаннем сітуацыі. Усё гэта рашэнне было прынята зусім адвольна, без сапраўднай матывацыі».
Першая і другая хвалі каронавіруса ў РБ і суседніх краінах.
Пасля таго, як днём 15 ліпеня ля ЦВК з’явіліся чэргі жадаючых падаць скаргу на адмову ў рэгістрацыі двух прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, ЦВК перастаў прымаць пісьмовыя скаргі ад грамадзянаў на асабістым прыёме. А Генеральная пракуратура зазначыла, што такое рашэнне ЦВК з’яўляецца «аптымальным механізмам» ва ўмовах каронавіруса.
Падчас пасяджэння ЦВК 22 ліпеня Лідзія Ярмошына, спаслаўшыся на складаную эпідэміялагічную сітуацыю, прапанавала паменшыць колькасць назіральнікаў на ўчастках: да пяці чалавек — у асноўны дзень галасавання, да трох чалавек — у дні датэрміновага галасавання. І з разуменнем падкрэсліла, што «гэта будзе непапулярнае рашэнне».
У прэс-цэнтр ЦВК, баючыся каронавіруса 9 жніўня не пусцілі журналістаў недзяржаўных СМІ, нават тых, якія перахварэлі на COVID-19. Дапусцілі толькі тры дзяржаўныя СМІ: інфармагенцтва БЕЛТА, газету «СБ. Беларусь сегодня» і Белтэлерадыёкампанію. Ім «эпідэміялагічная сітуацыя» не страшная? У ЦВК патлумачылі такое рашэнне неабходнасцю «забяспечыць трансляцыю, каб данесці патрэбную інфармацыю да людзей».
У той жа час на выбарчых участках 9 жніўня з 8.00 да 20.00 працавалі стацыянарныя буфеты, прайшлі дэгустацыі, майстар-класы, выставы-кірмашы рамеснікаў. Быў зладжаны гандаль і побач з выбарчымі ўчасткамі. Пры гэтым на некаторых участках кабінкі для галасавання не закрываліся шторкамі. Прадстаўнікі выбаркамаў палічылі, што разам з іншымі мерамі бяспекі гэта магло знізіць рызыку заражэння каронавірусам, а на таямніцу галасавання не паўплывала.
— Вырашылі, што шторкі спрыяюць распаўсюджванню COVID-19, але ў той жа час не абавязалі членаў камісіі быць у масках. Тут трэба глядзець на баланс і наогул абсурднасць нейкіх канкрэтных мер, — каментуе сітуацыю Эніра Браніцкая. — У некаторых краінах падчас выбараў ўводзіліся дадатковыя магчымасці па выкарыстанні СМІ: калі раней на тэлебачанні былі толькі адны дэбаты, зараз іх стала шмат. У шэрагу краін выкарыстоўваліся іншыя метады галасавання: электронныя, па пошце.
Калі казаць пра выбары падчас пандэміі ў іншых краінах, то, напрыклад, у Малдове дзяржава забяспечыла выбаршчыкаў маскамі і антысептыкамі. На ўчастак не магло зайсці больш людзей, чым колькаць кабінак унутры. На ўваходзе на ўчастак людзям вымяралі тэмпературу. І калі яна была высокай, то да выбаршчыка прыходзілі людзі з мабільнай урнай.
Каментуючы меры, прынятыя беларускімі ўладамі падчас выбараў, Эніра Браніцкая канстатуе, што «для абароны грамадзян не было зроблена нічога, але ў той жа час сітуацыя была выкарыстаная для абмежавання празрыстасці і назірання за працэсам выбараў».
Дыскрымінацыйнымі мерамі можна назваць прыпыненне прыёму перадач зняволеным у ЦІП на вул. Акрэсціна з 10 чэрвеня. У турме пракаментавалі, што гэтыя абмежаванні прадугледжаныя ўнутранымі дакументамі ГУУС Мінгарвыканкама і працягнуцца да паляпшэння эпідэміялагічнага становішча. На пытанне TUT.BY, чаму гэтыя абмежаванні не ўвялі раней, калі эпідэміялагічная сітуацыя ў Мінску была больш напружанай, у міліцыі не адказалі.
— Я б сказала, што гэтае рашэнне прынятае, каб кагосьці пакараць або паставіць у больш уразлівае становішча канкрэтных людзей, якія ў пэўны час знаходзіліся ў ІЧУ, — каментуе Браніцкая. — Перш за ўсё актывістаў, якія былі затрыманыя па палітычных матывах.
Пазней прыём перадач аднавілі, але толькі адзін раз у тыдзень, а не кожны дзень, як было раней. Тое ж абмежаванне закранула і ІЧУ ў Жодзіна, куды масава звозяць зняволеных, што ўдзельнічалі ў акцыях пратэстаў. Таксама перыядычна абмяжоўваюцца спатканні са зняволенымі. Адвакаты, як у выпадку з Марыяй Калеснікавай, не могуць сустрэцца са сваімі кліентамі напрацягу некалькіх тыдняў. Пры гэтым людзі, якія выходзяць пасля «сутак» з ІЧУ, скардзяцца, што ў камерах людзі пагалоўна хварэюць, а персанал не прымае ніякіх мераў.
У Дзень горада Мінска, 5 верасня, у беларускай сталіцы не было традыцыйных масавых гулянняў. Такое рашэнне прыняў Мінгарвыканкам. У ведамстве зноў жа спасылаліся на «эпідэміялагічную сітуацыю». Тут ўспомнім пра тое, што падчас піку першай хвалі, адмаўляцца ад параду на Дзень Перамогі, улады не сталі. Але ў паслявыбарчы перыяд, калі краіну захліснула хваля пратэстаў супраць фальсіфікацый выбараў, масавыя вулічныя акцыі адразу сталі несці ў сабе «эпідэміялагічную небяспеку».
Але нават нягледзячы на гэтую небяспеку, у пачатку кастрычніка падчас акцыі пратэсту ў Мінску міліцыя папярэджвала праз гукаўзмацняльнік, што не толькі мерапрыемства не санкцыянаванае, але яшчэ і пра тое, што ўдзельнікам забараняецца хаваць свае твары пад маскамі.
Мабыць, усё ж сур’ёзнасць сітуацыі з распаўсюджваннем віруса прымусіла ўлады пайсці на дадатковыя меры абароны насельніцтва і 12 лістапада ў Мінску ўвялі масачны рэжым. Як заўважыў аналітык Андрэй Елісееў, «у дэмакратычных дзяржавах рашэнні прымаюцца загадзя, каб папярэдзіць і мінімізаваць рызыкі для здароўя, а савецкія сістэмы — калі гэтыя рызыкі ўжо наступілі і становяцца празмернымі. Афіцыйнае павелічэнне статыстыкі захварэлых — гэта сігнал, што сітуацыя выходзіць з-пад кантролю».
Падводзячы вынік, можна сказаць, што абмежаванні магчымыя і нават часам неабходныя, каб забяспечыць права грамадзян на абарону здароўя. Але ўва многіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі, часта гучыць пытанне: «Наколькі насамрэч вы абараняеце наша права на абарону здароўя, а не пераследуеце свае карыслівыя мэты?»
Відавочна, што беларускія ўлады скарысталіся сітуацыяй, уводзячы абмежаванні, выгадныя хутчэй ім, а не грамадзянам краіны.