«Я пастанавіў памерці, каб яны адчапіліся ад мяне і маёй сям’і»
Жыхара Антопалю Драгічынскага раёну Брэсцскае вобласці Сяргея Бандарука абвінавачваюць у гвалце над былым міліцыянтам. Праз маральны ціск з боку следчых ён здзейсніў спробу суіцыду, паведамляе «Белсат».
Што здарылася
У матэрыялах следства гаворыцца, што 15 жніўня Сяргей Бандарук у прамежку з 10-й да 12-й гадзіны «на глебе асабістых непрыязных дачыненняў з мэтаю зрабіць цялесныя пашкоджанні наўмысна рукамі і нагамі нанёс удары па розных частках цела» былому міліцыянту, жыхару Антопалю. У выніку той атрымаў пералом ключыцы і напісаў заяву ў міліцыю. Цяпер адбываюцца следчыя дзеянні і допыты. Сяргей Бандарук віну цалкам адмаўляе.
Сяргею Іванавічу 56 гадоў, 25 з іх ён прапрацаваў у антопальскай школе-інтэрнаце вартаўніком, апошнія два гады праз стан здароўя (ішэмічная хвароба сэрца) перайшоў на 0,75 стаўкі рознарабочым. Мае жонку і дарослага сына.
Былому міліцыянту 50 гадоў, апошнія гадоў з 20 ён не працуе ў органах.
«На допыце мяне ператварылі ў рэч, анучу, з якой можна рабіць, што хочаш»
Сяргей Бандарук заўважае, як на допыце часта мяняліся паказанні былога міліцыянта.
«Мне вядома пра тое, што 15 жніўня ён ехаў на ровары, упаў з яго і зламаў ключыцу. Напісаў заяву ў міліцыю, нібыта гэта я яго паваліў ды пабіў на рынку. Але калі б я сапраўды яго там пабіў, там жа шмат людзей, былі б сведкі, а сведак няма», — распавядае Сяргей Іванавіч.
Пасля з’явілася версія, што ён пабіў экс-міліцыянта каля ашчадкасы. Там ёсць відэакамеры, але пацвярджальнага відэа не знайшлося. Выніковая версія — бойка адбылася на адной з аддаленых вуліц пасёлка.
«У Драгічыне адбылася вочная стаўка. Але мяне ніхто не слухаў, слухалі толькі яго. Участковы казаў, што ён быў п’яны, калі зламаў ключыцу, але следчыя нічога не слухаюць. На допыце, які цягнуўся з 9-й ранку да 17-й гадзіны, ад мяне патрабавалі прызнанні, але я нічога не падпісаў. Маральна ціснулі, казалі: «Мы цябе ў падвале згноім». А я чалавек вясковы, ніколі з міліцыяй справы не меў», — кажа Сяргей Іванавіч.
30 лістапада яму патэлефанавалі і зноўку выклікалі на допыт — на 1 снежня. Сяргей Бандарук не вытрымаў і здзейсніў спробу суіцыду — уваткнуў нож у грудзі, у вобласць сэрца. Але, на шчасце, прамахнуўся.
«Я
не вытрымаў гэтага ціску. Выклікаў хуткую, каб зрабіць усё пры сведках і на
выпадак, калі жонцы ці сыну зробіцца кепска», – згадвае Сяргей Іванавіч.
Каля 7 дзён ён быў у рэанімацыі ў Драгічыне. Паводле дакументаў, Сяргея Бандарука ўвесь гэты час нібыта лячылі ад каронавіруса. Як распавядае ён сам, сям’і забаранілі казаць, што ён спрабаваў сябе забіць.
«Я не вінаваты, а мяне абвінавачваюць! Я пастанавіў памерці, каб яны адчапіліся ад мяне і маёй сям’і. Калі я быў у міліцыі, яны вынішчылі ўва мне ўсё чалавечае, ператварылі мяне ў рэч, анучу, з якой можна рабіць, што хочаш. Я мала зарабляю, усяго 200 рублёў, апранаюся ў гуманітарцы. Яны смяяліся з таго, як я апрануты. Прыніжалі, палохалі. Я пасля першага допыту пачаў нават крыху заікацца», – распавядае Сяргей Іванавіч.
Цяпер, «з мэтаю забеспячэння выканання прысуду грамадзянскага пазову ды іншых маёмасных спагнанняў» на маёмасць Сяргея Бандарука накладзены арышт. Былы міліцыянт хоча спагнаць з яго кампенсацыю маральнай і фізічнай шкоды.
«У перадсмяротнай запісцы было напісана, што міліцыянты яго не слухаюць»
Сяргей, сын Сяргея Іванавіча, распавядае, што 15 жніўня каля 11-й гадзіны бачыў былога міліцыянта з роварам на рынку, каля крамы. Ён выглядаў як цалкам здаровы чалавек. У заяве ж, як ужо адзначалі, гаворыцца пра тое, што збілі яго ў інтэрвале з 10-е да 12-е гадзіны.
«Але ў гэты час бацька быў у хаце», – кажа сын Сяргея Іванавіча.
У дзень спробы суіцыду Сяргей мусіў везці бацьку ў аддзяленне на допыт да 16-й гадзіны. Але каля 14-й Сяргей Іванавіч сказаў, што кепска пачуваецца, і выклікаў сабе хуткую.
«Пачалі чакаць хуткую, ён выйшаў на вуліцу нібыта ў прыбіральню, а сам пайшоў да варотаў. Мы з хаты бачым – ідзе фельчар. Мама выйшла на вуліцу, я затрымаўся, каб апрануць маску, і чую крык маці. Выскачыў з хаты – бацька ўжо з нажом у грудзях, стаіць на каленях, ідзе кроў. Маці енчыць у слязах. Пасля першага допыту ў міліцыі бацька ўжо і жыць не хацеў, перастаў есці, моцна схуднеў. У цыдулцы напісаў, што міліцыя яго не слухае, што яго агаварылі», – узгадвае Сяргей.
Ён адзначае, што бацька не канфліктны, але разам з тым вельмі ўражлівы і датклівы чалавек, вельмі моцна за ўсё перажывае і прымае ўсё блізка да сэрца.
Матэрыялы следства. Фота: Белсат
На фоне ўсёй гэтай гісторыі праблемы са здароўем пачаліся ў жонкі Сяргея Іванавіча Тамары. Было падазрэнне на інфаркт, але абышлося.
«У той дзень, суботу, ён быў у хаце, я якраз прыбіралася. Чаму гэтаму былому міліцыянту вераць на слова і як нам давесці, што муж не вінаваты?» – эмацыйна задаецца пытаннямі Тамара Паўлаўна.
Следчыя дзеянні па гэтым выпадку працягваюцца.