Інфаказачка Бондарава атрымала чарговы адлуп. Гэтым разам — ад грамадства

Спробы прарасійскай даносчыцы паўплываць на апытанне за назвы мінскіх прыпынкаў аказаліся для яе буйной паразай. Гэтым разам паражэнне ёй нанеслі самі беларусы, не даўшы сфальсіфікаваць апытанку на сайце адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска.

0gbwtsfy0gi.jpg

У допісах на сваім тэлеграм-канале Вольга Бондарава выклала 7-хвілінны відэазварот, у якім не хавала сваіх эмоцый наконт сваёй няўдалай спробы сфальсіфікаваць апытанку на сайце адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска.

Нагадаем, што адміністрацыя вынесла на абмеркаванне пытанне наймення прыпынкаў грамадскага транспарту, прапанаваўшы выказацца наконт імёнаў кампазітара Станіслава Манюшкі і географа Аркадзя Смоліча, у гонар якіх названыя суседнія вуліцы.

Вольга Бондарава распавяла, што некалькі дзён таму падпісчыца паказала ёй папярэднюю апытанку па тым жа пытанні, у якой прынялі ўдзел усяго 10 чалавек — і амаль усе падтрымалі прапанаваныя назвы. 

Прарасійскую актывістку такі расклад у «псеўдаапытанцы» не задаволіў. На яе думку, Манюшка і Смоліч — тыя «людзі, якія не неслі дабра беларускай дзяржаве». А Смоліч увогуле стаяў ля вытокаў «той самай БНР — фантастычнай рэспублікі ў мазгах купкі здраднікаў».

Разам са сваімі паплечнікамі яна «ціхенька, не прыцягваючы грамадскай увагі» звярнулася да ўладаў горада Мінска і адміністрацыі раёна, каб «не дапусціць далейшага скотвання ў махровы нацызм, нацыяналізм і працягу памылак, якія прывялі да 2020 года».

Пасля гэтага на сайце адміністрацыі Ленінскага раёна з'явілася новая апытанка, у якой, паводле даносчыцы, людзі выказаліся, што «не хочуць, каб у горадзе Мінску ўвекавечвалі імёны «ворагаў дзяржавы».

Пра тое, што адзіным месцам, дзе былі апублікаваны спасылкі на апытанку з заклікам тапіць супраць Манюшкі і Смоліча, былі каналы яе паплечнікаў, Бондарава сціпла змаўчала.

Сітуацыя змянілася на адваротную за некалькі гадзін, калі пра апытанку стала вядома шырокай грамадскасці. 17 лютага стала вядома пра верагодную накрутку галасоў супраць імёнаў Аркадзя Смоліча і Станіслава Манюшкі — нібыта «не» сказалі больш за 70% мінчукоў. Але ўжо 18 лютага колькасць галасоў «за» вырасла да 80%.

«У сярэднім за 5 хвілін дадаецца каля 30, 40, часам больш галасоў. Гэта значыць падключана нейкая сістэма, якая накручвае галасы. Гэта адбываецца ўвесь дзень!

Адкуль гэтыя лічбы? Шчыра кажучы, мне цяжка адказаць. Магу сказаць, што працуе бота-ферма, тая ж самая, што працавала па выбарах, па 97%. Гэтая накрутка працягваецца ўвесь дзень, — здзіўляецца даносчыца — Мабыць, камусьці вельмі трэба, каб гэтымі імёнамі Манюшкі і Смоліча былі названыя гэтыя прыпыначныя пункты. Потым нам скажуць, што гэта выбар народа. Ніякага выбару народа няма! Вось такія сумленныя выбары: накруткі, каруселі, бота-фермы».

Не могучы перамагчы беларускае грамадства ў сумленных выбарах, Бондарава звянулася да праверанага метаду — даносаў і скаргаў. Яна ўжо апублікавала зварот, адрасаваны да адміністрацыі раёна, у якім выкрывае «паляка і рэваншыста» Станіслава Манюшку, «нацыяналіста і саветафоба» Алеся Дудара ды «русафоба» Аркадзя Смоліча.

mycollages_28_hxni5.jpg.webp

Бондарава ўжо замахнулася не толькі на назвы прыпынкаў, але патрабуе перайманаваць вуліцы, названыя ў гонар гэтых славутых беларусаў, на імёны беларускага спецназаўца Дзмітрыя Федасюка, які быў застрэлены Зельцарам пры спробе ўламіцца ў ягоную кватэру, і дагестанскага сілавіка Магамеда Нурбагандава, аўтара выразу «Працуйце, браты!», які сёння выкарыстоўваецца для ўхвалення ўварвання Расіі ва Украіну і тэрору беларускага рэжыму супраць сваіх грамадзян. 

У выніку «выбары» назваў для новых прыпынкаў у Мінску нечакана скончыліся. Форму галасавання проста выдалілі з сайта Ленінскага раёна.

opera_snimok_2024_02_19_124715_lenadmin.gov.by.png

Нічога дзіўнага, традыцыйны фінал для большасці беларускіх «выбараў».

Паводле «Наша ніва», Еўрарадыё