Ігар Аліневіч: "Я хацеў расказаць людзям пра кашмар, што адбываецца побач"
У Міжнародны дзень пісьменніка ў зняволенні — 15 лістапада — І. Аліневіч распавёў Праваабарончаму цэнтру "Вясна", што падштурхнула яго да напісання кнігі, як гэта пісаць у зняволенні і як літаратурная творчасць дапамагае ў турме.
У 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам і беларускай рэдакцыяй "Радыё Свабода" была заснавана прэмія імя Францішка Аляхновіча, якая штогод прысуджаецца асуджаным, што пісалі за кратамі. Першую такую прэмію ўручылі палітвязьню Ігару Аліневічу 10 снежня 2013 г. за кнігу "Еду ў Магадан".
“За той няпоўны год у маім жыцці адбылося столькі шакавальных падзей, што не верылася, што гэта адбываецца са мной. Абвінавачванне, уцёкі, арышт, ціск, турэмны побыт, людскія лёсы, суд і прысуд, этап — гэта было падобна на трылер, а не на рэальнае жыццё. Складана ўтрымаць народжаны паток думак і пачуццяў — усё маё нутро патрабавала выхаду гэтай буры”, — дзеліцца Ігар Аліневіч. — “Я хацеў давесці свой вопыт да паплечнікаў, разумеючы, што і шмат каму з іх трэба будзе гэта прайсці. Я хацеў расказаць людзям пра кашмар, што адбываецца тут побач, праз дарогу, па якой ездзяць машыны і шпацыруюць людзі. Я хацеў разбурыць тое нагрувашчванне хлусні, якое пачало будавацца яшчэ да арышту. І я разумеў, што потым будзе позна, ды і наогул можа не наступіць ніколі”.
Былы палітвязень адзначае, што пісаць у турме складана: заўсёды існуе небяспека прыцягнуць увагу турэмшчыкаў, ды і «стукачы» назіраюць за ўсімі 24 гадзіны ў суткі, што спараджае атмасферу недаверу, часам нават параною. Акрамя таго, цяжкасці ў напісанні за кратамі ўзнікаюць і з-за недахопу даведачных матэрыялаў:
“Штосьці можна папрасіць у лістах, але гэта займае шмат часу і не ўсе прапускае цэнзура. Так што ў стагоддзе гугла і Вікіпедыі зноў становяцца важныя знаёмства з эрудзіраванымі людзьмі, якія памятаюць тысячы дробязяў”.
Ігар Аліневіч успамінае словы свайго таварыша: "Нават калі народ не жадае свабоды, змагацца ўсё роўна трэба хоць бы дзеля сябе самога", і падкрэслівае:
“У турме, як нідзе жыццёва неабходна сабраць волю ў кулак, мабілізавацца, разабрацца ў сваіх сумневах і каштоўнасцях. Духоўная рыхласць ў турме пагібельная якасць. А сам працэс напісання выступае як саматэрапія.
Не забыцца таго радаснага пачуцця, калі заканчваеш апошнюю старонку, адчування лёгкасці, гармоніі, вызвалення. Менавіта тады я адчуў, што магу жыць далей, а не пракручваць усё ў галаве круг за кругам”.
Былы палітвязень кажа, што не адчувае сябе пісьменнікам, але плануе значна дапоўніць сваю пакуль адзіную кнігу:
“Не ўсё было апублікавана, не ўсе я ведаў на той момант з таго, што трэба было сказаць. Гэты прабел я запоўню.
Што тычыцца працягу, то, як ні дзіўна, на волі пісаць значна складаней, чым у зоне. За кратамі не трэба думаць аб даху над галавой, ды і харчаванне якое-ніякое ёсць. А па гэты бок кратаў усе гэтыя пытанні становяцца надзённымі. Побыт бязлітасны.
Больш за тое, галоўная перашкода ў вялізным выбары таго, як рэалізаваць тую энергію, якая сілкуе пісьменніка. Магчыма, кніга не лепшы рашэнне”.
Сёння кніга “Еду ў Магадан” ўжо перакладзена на беларускую, англійскую, сербскую/харвацкую/баснійскую, чэшскую, нямецкую, польскую, іспанскую і французскую мовы і апавядае ўсяму свету аб рэалях беларускай турмы і людзях за яе кратамі.
Нагадаем, Ігар Аліневіч быў выкрадзены спецслужбамі ў Расіі, незаконна вывезены ў Рэспубліку Беларусь і змешчаны ў СІЗА КДБ (“Амерыканку”). Асуджаны 27 траўня 2011 г. судом Заводскага раёна г. Мінску па ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства), ч.2 і ч.3 арт.218 КК (пашкоджанне маёмасці агульнанебяспечным спосабам і ў асабліва буйным памеры) да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Знаходзіўся ў калоніі №10 у Наваполацку, у ліпені 2014 года пераведзены у калонію "Віцьба-3". 22 жніўня выйшаў на волю паводле ўказа прэзідэнта аб памілаванні шасці палітвязняў.