Хронікі рэпрэсій за 8 ліпеня: «хапун» пад Пінскам і прысуд прадстаўнікам дэмсіл

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі самыя важныя навіны сённяшняга дня з Беларусі.

hroniki_represij2_1___1_1_1_1_1_1.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1334 дні, Дзяніс — 1214.

***

Некаторыя палітвязні адмовіліся выходзіць на волю 3 ліпеня, не пагадзіўшыся з умовамі вызвалення, паведамляе «Вясна». Праваабаронцы мяркуюць, што гэта звязана з тым, што частка палітвязняў выйшлі на волю па памілаванні  ім давялося пісаць прашэнне на імя Лукашэнкі.

З інфармацыі «Вясны» вынікае, што замест тых, хто адмовіўся выходзіць на волю, прапанавалі выйсці іншым палітвязням, а сама працэдура вызвалення праходзіла вельмі хутка — некаторым не далі сабраць нават свае рэчы.

На дадзены момант праваабаронцам дакладна вядома пра 18 палітвязняў, якія выйшлі на волю 3 ліпеня — гэта 4 жанчыны і 14 мужчын, сярод якіх і 67-гадовы Рыгор Кастусёў.

***

Сілавікі затрымалі індывідуальную прадпрымальніцу за ўдзел у пратэстах 2020 года, піша «Медыязона»Відэа з затрыманай жанчынай апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.

На камеру жанчына кажа, што працуе індывідуальнай прадпрымальніцай у сферы грузаперавозак. У 2020 годзе ўдзельнічала ў пратэстах і трапіла на агульнае фота з бчб-сцягам у руках.

Па якім артыкуле затрыманая жанчына і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.

***

У Брэсце абвясцілі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да кіраўніка і ўдзельнікаў «Форуму дэмакратычных сіл Беларусі»: экс-супрацоўніка МЗС Анатоля Котава, актывістак Вольгі Карач і Веранікі Цапкала, а таксама «іншых асоб».

Усе абвінавачаныя знаходзяцца за мяжой, таму іх судзілі завочна.

Анатоля Котава прызналі вінаватым:

  • у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
  • у кіраванні «экстрэмісцкім фарміраваннем»;
  • у садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці.

Вольгу Карач, Вераніку Цапкала, Вадзіма Дзмітрэнку і Яўгена Вільскага прызналі вінаватымі:

  • у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
  • ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фарміраванні»;
  • ва ўчыненні іншых злачынстваў «экстрэмісцкай» накіраванасці.

«Па сукупнасці злачынстваў усім абвінавачаным прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 12 гадоў, пры гэтым Котаву і Карач прызначаны штраф у памеры 15 тысяч базавых велічынь (600 тысяч рублёў), Вільскаму і Дзмітрэнку — 12 тысяч і 11 тысяч базавых велічынь (480 тысяч і 440 тысяч рублёў) адпаведна, а Цапкала — адна тысяча базавых велічынь (40 тысяч рублёў)», — паведамілі ў пракуратуры.

Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны.

***

Затрыманы індывідуальны прадпрымальнік з Жодзіна, пішуць праваабаронцы.

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама што падчас вяселля некалькі гадоў таму ён разам з іншымі гасцямі свята фатаграфаваўся з нацыянальным беларускім сцягам.

Паводле інфармацыі з сацсетак, затрыманы — Аляксандр Міцкевіч.

***

Сілавікі ўварваліся ў намётавы лагер пад Пінскам, дзе моладзь сабралася на рок-канцэрт, паведамляе «Салідарнасць»Затрыманыя 11 чалавек.

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа, на якім відаць, як у размешчаны на прыродзе лагер заходзяць супрацоўнікі АМАПа са зброяй і ў абмундзіраванні, выцягваюць людзей з намётаў і ўкладваюць тварам на зямлю.

ГУБАЗіК сцвярджае, што пад Пінскам нібыта «разагналі сходку неаязычнікаў-нацыстаў і нефармалаў-сатаністаў». 11 чалавек адправілі ў ІЧУ.

***

Брэсцкі абласны суд прысудзіў грамадзяніна Польшчы Тамаша Бярозу да 14 гадоў калоніі паводле абвінавачвання ў «агентурнай дзейнасці» (ч.1 арт. 358-1 КК) і «шпіянажы» (арт. 358 КК), піша «Вясна».

Справу разглядалі ў закрытым рэжыме. Прысуд быў вынесены 14 чэрвеня 2023 года, але вынікі суду сталі вядомыя праваабаронцам толькі цяпер.

Калі затрымалі Бярозу і што легла ў абвінавачванне паляка, невядома.

Праваабаронцам «Вясны» вядома пра траіх польскіх грамадзян, асуджаных у Беларусі па палітычна матываваных справах: Ежы Жывалеўскі, Роберт Тампала і Томаш Бяроза. Яшчэ адзін, Раман Галуза, знаходзіцца пад вартай і чакае суду.

***

Мужчыну затрымалі за тое, што ў каментарах ён нібыта заклікаў «да супраціву», пішуць «вясноўцы».

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, дзе пакідаў каментары, у якіх «заклікаў да супраціву». Таксама ён гаворыць, што не наведваў акцыі пратэсту — гэта аднойчы зрабіў яго сын, і цяпер ён жыве ў Польшчы.

Адзначым, што ГУБАЗіК мае два сцэнары ў дачыненні да затрыманых за палітыку беларусаў — калі чалавек шмат зарабляе, то яны пішуць «чаго яму не хапала ў жыцці», а калі не — то «як ён збіраўся змяняць краіну, калі не можа змяніць сваё жыццё». Менавіта другі сцэнар і быў абраны для затрыманага мужчыны: яны з жонкай дапамагаюць катам, і сілавікі пішуць, што ён «не можа навесці парадак у сябе дома, але збіраўся ўсю краіну ператварыць у памыйніцу».

***

Сілавікі правялі затрыманні ў лідскім рэстаране «Vashi Guli». Затрымалі і ўладальніка рэстарана, паведамілі праўладныя Telegram-каналы 5 ліпеня. Прычынай стала «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сілавікі паведамляюць, што гэта не першае яго затрыманне, піша «Hrodna.life».

***

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» новыя крыніцы, паведамляе «Вясна».

Гаворка пра суполкі ў «ВКонтакте», Facebook, «Аднакласніках», Telegram і YouTube-канал. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Кастрычніцкага раёна Віцебска 4 ліпеня.

Таксама «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі:

  • cтаронкі ў Instagram: «pachramiejeu», «dereviashki_palki», «gorzl»;
  • артыкулы: «Серьёзный батл на лучшую фабрику фейков. Беларусские госСМИ обвиняют западные медиа в нагнетании ситуации между Россией и Украиной», «Конституционный референдум: в центре внимания процедура, а не суть изменений», «От "можем защитить" до "можем повторить" — один шаг. Как изменился милитаристский нарратив в Беларуси» на сайце mediaiq.infо;
  • відэаролікі: «У беларусаў забіраюць маёмасьць», «40 тысяч зваротаў у КДБ», «Як рэжым Лукашэнкі ўдзельнічае ў в..не — расьсьледаваньне BelPol»;
  • cтаронка ў «Аднакласніках»: «Малады фронт "MF20"»;
  • TikTok-старонкі: «belaruskawolnaya», «Чараўнік», «Таня», «KRAŬČ», «Beldurdom».

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 522 дні, Максіма Знака — 516 дзён, Мікалая Статкевіча — 513 дзён, Ігара Лосіка — 505 дзён, Віктара Бабарыкі — 442 дні, Сяргея Ціханоўскага — 372 дні, Уладзіміра Гундара — 339 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1421 чалавек.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1537 чалавек. Сярод іх — 193 жанчыны і 5 непаўнагадовых. 20 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.