Хронікі рэпрэсій за 3 ліпеня

Галоўныя навіны дня ў адным аглядзе.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

***

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заклікаў вызваліць беларускіх палітвязняў:

— З нагоды афіцыйнага Дня Незалежнасці Беларусі народ Злучаных Штатаў накіроўвае свае самыя цёплыя пажаданні народу Беларусі, — гаворыцца ў звароце дзяржсакратара ЗША. — Ваша мужнасць, сіла і настойлівасць у дасягненні дэмакратычнай, суверэннай і стабільнай будучыні Беларусі натхнілі свет.

Праз турэмныя сцены, у гарадах, дзе вы апынуліся ў ссылцы, і на радзіме ў Беларусі вы працягваеце выступаць і адстойваць сапраўды незалежную і дэмакратычную будучыню сваёй краіны, дзе вы можаце жыць свабодна ад рэпрэсій і вызначаць свой уласны лёс.

Злучаныя Штаты высока цэняць і падтрымліваюць вашы нястомныя намаганні па абароне ўнікальнасці беларускай мовы, культуры і самабытнасці. Мы захапляемся вашай настойлівасцю ў абароне правоў чалавека і асноўных свабод.

Мы заклікаем да безумоўнага вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў і спынення рэпрэсій у Беларусі, якія працягваюцца.

Больш за 30 гадоў Злучаныя Штаты выступаюць за дэмакратычную, незалежную і суверэнную Беларусь. Наша прыхільнасць застаецца непахіснай.

***

Суд Смаргонскага раёна 3 ліпеня вынес прастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці былога палітвязня Рамуальда Улана. Яго затрымалі яшчэ 30 чэрвеня і трое сутак пратрымалі ў ІЧУ. Сёння, нягледзячы на афіцыйнае свята, Улану прысудзілі сем сутак арышту.

Былы заснавальнік і выдавец «Новай газеты Смаргоні» Рамуальд Улан у студзені 2021 года быў асуджаны да 2,5 гадоў «хіміі». Смаргонцу паставілі ў віну тое, што ён «распаўсюдзіў заведама непраўдзівыя звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць міліцыянераў». У траўні стала вядома, што яго вызвалілі па амністыі.

Апошні раз Улана затрымлівалі 17 чэрвеня — і таксама на трое сутак.

***

Учора ноччу ў Лідскім раёне сілавікі ўварваліся ў дом асуджанага па палітычным артыкуле, але ён там даўно не жыве, там жывуць яго былая жонка і 10-гадовы сын, які пасля начнога візіту моцна спалоханы.

Валерый Будрык у 2020 годзе ў сацсетцы «Одноклассники» назваў лідскіх міліцыянтаў Прозарава і Квача «фашыстамі».

«Гэта было адразу пасля выбараў, я бачыў, як яны збіваюць людзей, вось на эмоцыях і напісаў», – расказаў Валерый праваабаронцам. Яго асудзілі на 1,5 года хатняй «хіміі» і аштрафавалі на 1000 рублёў. За 4 месяцы да заканчэння тэрміну збіраліся рэальна пазбавіць волі. Будрык вымушаны быў бегчы ў Літву. Падчас таго, як пералазіў забор, зламаў нагу. З такой нагой каля кіламетра поўз да літоўскіх памежнікаў.

Але і пасля ўцёкаў з Беларусі сілавікі тэлефанавалі яму ў вайбер і пагражалі «дастаць» яго 80-гадовую маці.

«Потым каля года была цішыня, а ўчора вось прыйшлі. Моцна грукалі ў вокны, дзверы, потым увайшлі ў хату і пачалі пытацца, дзе я. Хоць ведаюць, што мяне даўно няма ў Беларусі. Напрыканцы сказалі былой жонцы, што будуць прыходзіць рэгулярна. Верагодна, палохаць майго сына. Дом аформлены на мяне па дароўнай, то сказалі былой жонцы, што забяруць яго».

***

Спартыўны дырэктар футбольнага клуба «Нёман» Дзмітрый Кавалёнак пакідае сваю пасаду. Пра гэта паведамляе канал заўзятараў клуба.

28 чэрвеня стала вядома, што Каваленку затрымалі. На наступны дзень з'явілася інфармацыя, што яго адпусцілі. Як паведамляла «Трыбуна», спартыўны дырэктар выйшаў на волю дзякуючы званкам галоўнага трэнера «Нёмана» Ігара Кавалевіча.

Паводле версіі сілавікоў, ён удзельнічаў у маршах пратэсту і распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы. Сцвярджаецца, што на яго паскардзіліся самі футбалісты — ён нібыта «навязваў ім недарэчныя экстрэмісцкія ідэі».

***

Праваабаронцам паведамляюць, што ў суботу, 1 ліпеня, у Гродне супрацоўнікамі міліцыі была затрыманая Аліса Дольнікава. Пакуль невядома, дзе яна знаходзіцца і што стала прычынай затрымання дзяўчыны.

***

Каталіцкага верніка Уладзіслава Беладзеда трэці раз запар адправілі на суткі. 2 ліпеня адбыўся чарговы суд над ім — суддзя Карсюк вынес пастанову аб арышце на 15 сутак па арт.19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Пра гэта паведамляе «Хрысціянская візія».

Пасля 30 сутак, праведзеных на Акрэсціна, Уладзіслаў выглядае як чалавек, які падвяргаўся катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню, як адзначае «Хрысціянская візія», але ён захоўвае маральную сілу.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1496 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1750 чалавек. Сярод іх — 194 жанчыны і 8 непаўнагадовых. 17 палітвязняў былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.