Хронікі рэпрэсій за 23 красавіка: Палітвязня, расследавальніка НЧ Дзяніса Івашына пазбавілі перадач

Буйную суполку ў сацсетках, дзе прадаюць аўтамабілі, прызналі «экстрэмісцкай», паведамляюць  праваабаронцы. А выдаўца Рамуальда Улана зноў — ужо трэці раз — судзілі за «распаўсюд экстрэмізму»

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • Палітзняволенага журналіста НЧ Дзяніса Івашына пазбавілі перадач

Пра гэта напісала ягоная жонка Вольга. Таксама яна адзначыла, што цяпер, каб даслаць палітвязням вітаміны ў турму ці калонію, неабходна атрымаць спецыяльны дазвол ад лекара медычнай часткі ўстановы. Раней такое правіла распаўсюджвалася толькі на неабходныя лекі.

«Ранейшы спіс дазволеных для перасыланьня вітамінаў скасаваны. Цяпер нават вітамін С нельга даслаць вязню без "рэкамэндацыі мэдыка"», — піша Вольга Івашына.

Нагадаем, у верасні 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Дзяніса Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Летась Дзянісу ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.

  • Рамуальда Улана зноў судзілі за «распаўсюд экстрэмізму»
rramuald_ulan.jpg

Экс-палітвязень, выдавец смаргонскай газеты Рамуальд Улан трэці раз за 10 месяцаў пераследуецца па адміністрацыйным артыкуле.

Выдаўца незалежнай “Новай газеты Смаргоні” абвінавачвалі ў распаўсюдзе экстрэмісцкай прадукцыі. Пратакол быў складзены за публікацыі ў сацсетках. Судовы працэс адбыўся сёння, 23 красавіка, у судзе Смаргонскага раёну. Ягоны вынік невядомы.

Былы заснавальнік і выдавец «Новай газеты Смаргоні» ў студзені 2021 года быў асуджаны да 2,5 гадоў «хіміі». Смаргонцу паставілі ў віну тое, што ён распаўсюдзіў заведама непраўдзівыя звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць міліцыянераў. У мінулым траўні стала вядома, што яго вызвалілі па амністыі.

Пасля выхаду на волю Улана двойчы затрымлівалі — агулам яму прызначылі 10 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Новыя «экстрэмісты»: Буйную суполку ў сацсетках, дзе прадаюць аўтамабілі, прызналі «экстрэмісцкай»

Суполку ва «УКантакце» «АВТОРЫНОК БЕЛАРУСЬ», на якую падпісана больш за 70 тысяч чалавек, прызналі «экстрэмісцкай». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Аршанскага раёна і Оршы 19 красавіка.

У суполцы публікуюцца аб'явы людзей аб продажах аўтамабіляў. Верагодна, у «экстрэмісцкі» спіс яна трапіла толькі з-за таго, што на аватарцы мае фрагмент беларускіх аўтамабільных нумароў узору пачатку 90-х гадоў — на іх ёсць герб «Пагоня».

Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Пацаны», «Общество воли и дела»;
  • Instagram старонкі «belarusdaily_org», «international_male_choir_unia»;
  • TikTok-старонкі «ПРЕССА», «SovsemBespalevaTV», «Паняверка», «Нашы Навiны», «Практикующий врач», «Tatjana», «Папа Карло», «Пра Вiцебск\Вясна», «Ирина».
  • Справу супраць праваабаронцы Леаніда Судаленкі перадалі ў суд
leanid_sudalenka_1.jpg

Крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК) у парадку спецыяльнай вытворчасці супраць былога палітзняволенага і праваабаронцы Леаніда Судаленкі накіравалі ў Гомельскі абласны суд для завочнага разгляду.

Вядома, што матэрыялы справы размясціліся ў двух тамах, але сутнасць абвінавачвання самому праваабаронцу да гэтага часу невядомая. Нядаўна міліцыянты прыходзілі ноччу ў беларускую кватэру Леаніда шукаць яго, хоць той з'ехаў з краіны мінулым летам.

Судаленка адзначае, што як толькі супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу ў Гомельскім раённым СК, ён даслаў следчым паперу, дзе пазначыў, што праз рэпрэсіі быў вымушаны пакінуць краіну і пераехаць у Літву, і пакінуў ім свой літоўскі нумар мабільнага для сувязі: «Зразумела, што мне ніхто не напісаў і не пазваніў, толькі прайшлі вобшукі ды наклалі арышт на зямельны ўчастак».

  • Сілавікі затрымалі мужчыну, які ў жніўні 2020-га быў паранены падчас акцыі
zatrymany_paraneny_u_2020_m.jpg

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне мужчыны, які ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў Мінску. На «палонным відэа» затрыманы кажа, што ў той дзень атрымаў раненне і быў шпіталізаваны.

Па якім артыкуле затрыманы мужчына і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.

  • Палітзняволеную Галіну Краснянскую перавялі ў гомельскі СІЗА
halina_krasnjanskaja.jpg

67-гадовую жанчыну абвінавацілі ў ахвяраванні беларускім вайсковым фармаванням, якія ваююць на баку Украіны супраць расійскай агрэсіі (ч. 2 арт. 361-3 КК). 

Паведамляецца, што Галіна Андрэеўна доўгі час жыла ў Швецыі, была адной з заснавальніц афіцыйнай суполкі беларускай дыяспары, актыўна ўдзельнічала ў яе жыцці. Пры гэтым перыядычна вярталася ў Беларусь да сваякоў. У адзін з такіх прыездаў, імаверна вясной 2023 года, яе затрымалі ў Мінску. 12 студзеня Галіне прызначылі 5 гадоў пазбаўлення волі. 

Паводле інфармацыі "Гомельскай Вясны", жанчыну перавялі ў СІЗА-3 да разгляду апеляцыйнай скаргі.

  • Сілавікі затрымалі жыхара Гомеля за каментары пра смерць брэсцкага міліцыянта

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што мужчына пакідаў «цынічныя каментары» на адрас памерлага начальніка Ленінскага РАУС Брэста Дзмітрыя Каравякоўскага, а таксама распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы» ў сацсетках.

  • Былога інспектара мытні з-за стану здароўя судзілі на «Валадарцы»

З канца лютага ў СІЗА-1 судзяць былога мытніка Яўгена Гурыновіча. Яго пачалі судзіць з былымі калегамі Уладзімірам Журомскім  і Віктарам Новікам яшчэ ў кастрычніку мінулага года ў Мінгарсудзе. Іх абвінавачвалі адразу па 11 складах злачынстваў, у ліку за «здраду дзяржаве».

У канцы лютага ў электронным раскладзе з'явіліся звесткі пра тое, што справа ў дачыненні да Гурыновіча выдзеленая ў асобную вытворчасць, і слухацца яна будзе ў СІЗА-1.

Нядаўна праваабаронцам удалося даведацца, што такая мера звязаная з яго станам здароўя. Паводле інфармацыі «Вясны», у Яўгена сур'ёзныя праблемы са здароўем, а менавіта міжпазваночная кіла, праз якую ён не можа доўга сядзець і стаяць. У сувязі з гэтым яго справу вылучылі ў асобную вытворчасць і разглядалі па месцы ўтрымання зняволенага. Па справе Гурыновіча на «Валадарцы» прайшлі больш за дзесяць працэсаў. Апошні працэс па справе быў 15 сакавіка.