Хронікі рэпрэсій за 21 лютага

Развітанне з палітзняволеным Ігарам Леднікам, які загінуў за кратамі, адбудзецца заўтра, 22 лютага, з 8.00 да 12.00 у Барысаве (вул. Нармандыя-Нёман, 22). Адпяванне пачнецца ў 9.00. Ігар стаў пятым  палітвязнем, які  загінуў  за кратамі, нагадваюць праваабаронцы.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp


  • Праваабарончая супольнасць Беларусі выступіла з адмысловай заявай з нагоды смерці палітвязня Ігара Ледніка 

У заяве праваабаронцаў адзначаецца:

«Мы заклікаем дэмакратычныя сілы Беларусі ў зносінах з замежнымі партнёрамі надаваць асаблівую ўвагу неадкладнаму вырашэнню пытання з доступам палітычных зняволеных да належнай медыцынскай дапамогі ў месцах несвабоды, а таксама вырашэнню іншых пытанняў гуманітарнага характару, звязаных з утрыманнем палітычных зняволеных у нечалавечых умовах.

Мы таксама заклікаем міжнародныя арганізацыі і ўрады дзяржаў прымаць усе магчымыя меры, накіраваныя на вырашэнне пытання забеспячэння беларускімі ўладамі адэкватнага медыцынскага абслугоўвання ў месцах пазбаўлення волі, а таксама шукаць усе магчымыя спосабы і шляхі па вызваленні па гуманітарных прычынах палітычных зняволеных з цяжкім станам здароўя для недапушчэння падобных незваротных трагедый у далейшым».

  • У ЕС пракаментавалі смерць палітзняволенага Ігара Ледніка

«Трагічная смерць Ігара Ледніка ў турме даказвае бесчалавечны маштаб рэпрэсій Лукашэнкі. У Беларусі больш за 1400 палітычных зняволеных, якія падвергліся жорсткаму абыходжанню або пазбаўленыя медыцынскай дапамогі. Рэжым нясе адказнасць за іх жыццё і здароўе і будзе прыцягнуты да адказнасці», — напісаў афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх сувязяў Петэр Стана.

  • Пяць палітыкаў з Латвіі сталі «хроснымі» беларускіх палітвязняў

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou Яна Сіманоўска, Антаніна Ненашава, Майрыта Лусе, а таксама Лэйла Расіма («Прагрэсіўныя») і Юрыс Вілюмс («Латвійскае аб'яднанне рэгіёнаў») сталі «хроснымі» Сяргея Плешкуна, Алы Зуевай, Яўгена Верхаводкіна, Алы Сакаленкі і Руслана Слуцкага.

«За кожным дыктатарам стаяць тысячы ахвяр рэжыму: звычайных людзей, якія адважыліся яго крытыкаваць або прыйсці на дэманстрацыю».


  • У Мінску ў закрытым рэжыме судзяць каталіцкага верніка Уладзіслава Беладзеда

У Мінскім гарадскім судзе распачаўся суд над каталіцкім вернікам Уладзіславам Беладзедам. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Справу ў закрытым рэжыме разглядае суддзя Алена Ананіч.

Затрымалі Уладзіслава 31 траўня 2023 года. Некалькі разоў запар быў арыштаваны на 15 сутак. Пасля 30 сутак, праведзеных на Акрэсціна, Беладзед выглядаў як чалавек, які падвяргаўся катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню.

Уладзіслаў — выпускнік Інстытута тэалогіі БДУ, пасля заканчэння якога паступіў у рыма-каталіцкую семінарыю і праходзіў практыку ў Мінскім Архікафедральным саборы. Яму інкрымінуюць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Вядома, што Уладзіслаў мае сур'ёзныя праблемы са здароўем. Як паведаміла @christianvision, яго «прымусілі запісаць "палоннае відэа", у якім ён выглядаў прыгнечана і пад відавочным прымусам заяўляў аб сваёй гомасексуальнай арыентацыі, што ставіць яго пад дадатковую пагрозу».

ambasada_hermanii_lja_suda_nad_beladzedam.jpg
  • Еўрапейскія дыпламаты сёння прыйшлі да будынка суда, дзе разглядаецца справа семінарыста Уладзіслава Беладзеда 

 Пра гэта паведамляе Амбасада Германіі ў Беларусі.

«Сёння ў Мінску адбудзецца судовае пасяджэнне ў дачыненні да несправядліва зняволенага Уладзіслава Беладзеда. Абвінавачанні, вылучаныя супраць яго — несправядлівасць. Яны матываваныя палітычна. Прадстаўнік Пасольства Германіі ў Мінску, а таксама прадстаўнікі іншых дыпламатычных місій, сёння адправіліся да будынка суда, каб выказаць салідарнасць з Уладзіславам. Федэральны ўрад Германіі патрабуе вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі».

  • Сілавікі затрымалі мужчыну, які нібыта напісаў больш за тысячу каментароў

З ім таксама паспрабавалі зняць «палоннае» відэа, але гэта не атрымалася.

«Я жыхар Мінскай вобласці. Сёння затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Па факце затрымання сказаць мне няма чаго. Усё», — сказаў затрыманы.

За гэта сілавікі яму прыгразілі, што ён «атрымае па максімуме».

  • Затрыманыя супрацоўнікі прадстаўніцтва LG у Беларусі

Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях і маршах, дэманстрацыі «забароненых сімвалаў на дарагіх Mercedes» і напісанні каментароў у чатах. У аднаго з затрыманых таксама нібыта знайшлі патроны да Макарава.

Праўладныя тэлеграм-каналы пагражаюць затрыманым пазбаўленнем волі да 5 гадоў.

Паводле @nashaniva, затрыманыя — супрацоўнікі Аляксандр Самайловіч, Андрэй Магазіннікаў, Анастасія Малевіч і Наталля Пугачова.

  • Сілавікі затрымалі мужчыну, які нібыта хацеў «сарваць выбары»

На «палонным відэа» мужчына кажа, што з ім нібыта звязаліся людзі, якія хацелі, каб ён збіраў даныя на чальцоў выбарчых камісій, а таксама «рыхтаваў людзей да назіральнай дзейнасці і далейшых правакацый на ўчастках». 

Таксама ён нібыта павінен быў здымаць відэа і дасылаць іх у «экстрэмісцкія рэсурсы» для «нагнятання сітуацыі ў краіне».