Хронікі рэпрэсій за 15 кастрычніка: новы тэрмін для Паліны Шарэнда-Панасюк, Макс Корж пакінуў Беларусь
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі галоўныя навіны пра пераслед у Беларусі сёння.
Палітзняволенай Паліне Шарэнда-Панасюк прызначылі яшчэ адзін год і адзін дзень пазбаўлення волі
Пра гэта на сваей старонцы ў Facebook паведаміў муж жанчыны.
Справу разглядаў суддзя Станіслаў Іванюценка, які летась ужо дадаў жанчыне год зняволення. Дзяржаўнае абвінавачанне падтрымліваў пракурор Яўген Малалетнікаў.
Нагадаем, Паліна была затрымана 3 студзеня 2021 і з таго часу ўвесь час знаходзіцца ў няволі. Два разы дагэтуль ёй ужо працягвалі тэрмін па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).
На волі жанчыну чакае двое сыноў — Славамір і Стах.
Праваабаронцы Алене Маслюковай завочна прысудзілі тры гады пазбаўлення волі
Пра гэта паведамляе «Гомельская Вясна».
Прысуд у Гомельскім абласным судзе абвясціў суддзя Сяргей Багінскі. Ён абвінаваціў Маслюкову ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК).
Спецвытворчасць у дачыненні да праваабаронцы распачалі 23 траўня. Каментуючы крымінальную справу супраць сябе, Алена адзначыла, што інфармацыяй пра сутнасць абвінавачання яна не валодае.
Спявак Макс Корж з'ехаў з Беларусі з-за пагрозы пераследу
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.
Паводле іх, яго выклікалі ў міліцыю для «размовы», але Корж замест гэтага з'ехаў з Беларусі.
Паведамляецца, што нагодай для «выкліку на размову» было тое, што «Корж на замежных канцэртах скача з БЧБ і топіць за ўкраінскіх тэрарыстаў».
Чарговае выданне Вацлава Ластоўскага прызнанае «экстрэмісцкім» — у Мінінфарме Беларусі не змаглі напісаць ягонае прозвішча без памылкі
Суд Баранавічскага раёну і Баранавічаў 14 кастрычніка прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» «Выбраныя творы» Вацлава Ластоўскага («Беларускi кнiгазбор», 1997, 512 старонак). Адзначым, што супрацоўнікі Мінінфарма не змаглі напісаць прозвішча Вацлава без памылкі — у іх спісе ён «Ластоускі».
Раней «экстрэмісцкімі» было прызнанае друкаванае выданне «Выбраныя творы» Вацлаў Ластоўскі («Беларускi кнiгазбор», 1997 год, 510 старонак).
Сваякі беларусаў, якія пакінулі краіну, атрымліваюць лісты з прапановай звярнуцца ў Камісію па вяртанні
У лістах гаворыцца, што чалавек павінен назваць прычыну ад'езду, паведаміць аб правапарушэннях, а ў выпадку здзяйснення злачынстваў — выказаць раскаянне, публічна папрасіць прабачэння і пакрыць шкоду.
Нагадаем, праваабаронцам вядомыя як мінімум 3 выпадкі, калі нягледзячы на «дамоўленасці» і звяртанне ў «камісію па вяртанні», супраць людзей узбуджаюць крымінальныя справы пасля вяртання ў Беларусь. Агулам жа, па інфармацыі «Вясны», з пачатку 2024 года па вяртанні ў Беларусь былі затрыманыя больш за 55 чалавек, супраць 17 з якіх узбудзілі крымінальныя справы. Пры гэтым лічба можа быць значна большай праз адсутнасць поўных звестак у праваабаронцаў.