Супраць Мікалая Дзядка ўзбудзілі новую крымінальную справу. «Мне хацелася б крычаць на ўвесь свет аб несправядлівасці, якую здзяйсняе са мной карная сістэма»
4 месяцы журналіста «Новага Часу», актывіста анархісцкага руху ўтрымліваюць у ШІЗА — без лістоў, шпацыраў, кніг, без адносна зручнага ложку, паведамляе блізкі да Мікалая тэлеграм-канал. Да таго ж супраць яго ўзбудзілі новую крымінальную справу па арт. 411 КК РБ. Мікалай таксама перадаў з-за кратаў, што яго ліст ад 2015 года сёння асабліва актуальны. Пачытайце яго.
Ліст Мікалая Дзядка з Турмы №4 ад сакавіка 2015 года: «Вітаю! Мяне завуць Мікалай Дзядок. Звяртаюся з гэтым лістом да ўсіх, для каго словы «справядлівасць», «гуманізм» і «чалавечая годнасць» не пусты гук.
26 лютага гэтага года я быў асуджаны па частцы 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса на 1 год пазбаўлення волі. Назва гэтага артыкула – «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Прысуд мне вынесены ў турме за пяць дзён да заканчэння майго папярэдняга тэрміну – чатыры гады шэсць месяцаў. Адзначу таксама, што мне прызначана максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле – адзін год з магчымага аднаго года. У 2012 г. па гэтым жа артыкуле быў асуджаны ўжо былы палітычны зняволены Зміцер Дашкевіч.
У чым жа складалася маё «злачынства»? У шаснаццаці дысцыплінарных парушэннях без нечага за два гады знаходжання ў турме № 4, у прыватнасці: нашэнне спартыўнага касцюма, перамовы з суседнімі камерамі і хаджэнне па камеры пасля 22 гадзін. Немалаважна тое, што за кожнае з гэтых шаснаццаці парушэнняў я ўжо быў пакараны ў дысцыплінарным парадку, атрымаўшы вымову або ад пяці да дзесяць сутак ШІЗА (штрафнога ізалятара), адседзеўшы ў штрафным ізалятары толькі ў гэтай турме шэсцьдзясят сутак.
У Канстытуцыі, Крымінальным і Крымінальна-выканаўчым кодэксах Рэспублікі Беларусь дэкларуецца мноства добрых прынцыпаў і правоў, але ўсе яны застаюцца затаптанымі ў гразь, пакуль у Беларусі дзейнічае артыкул 411 КК, які дазваляе адправіць чалавека ў калонію на адзін год (або на два – па частцы другой гэтага артыкула) за нашэнне ці ненашэнне прадмета адзення, за размову з суседам па камеры. Ці ёсць такая жахлівая і абсурдная прававая норма яшчэ дзе-небудзь у свеце?!
Першапачаткова артыкул 411 уводзіўся ў КК для барацьбы з крымінальнымі аўтарытэтамі ў месцах пазбаўлення волі і крымінальнымі «паняццямі», якія засталіся Беларусі ў спадчыну ад крымінальнай супольнасці часоў СССР. Аднак сёння крымінальныя «паняцці» практычна паўсюдна пераможаны ўладай, а артыкул застаўся і ўсё больш актыўна ўжываецца да палітычных зняволеных і іншых зняволеных, якія хоць бы неяк змагаюцца за свае правы. Ужо сама фармулёўка артыкула адкрывае найвялікшую прастору для маральнага гвалту і зневажання чалавечай годнасці. Прыклад: турэмны кантралёр (наглядчык) плюе на асфальт і дае асуджанаму ў рукі швабру: «Прыбірай!» Той адмаўляецца: «Не буду!» Чатырох такіх адмоў дастаткова для ўзбуджэння крымінальнай справы! Гэты выпадак мне распавёў адзін з асуджаных, і нават калі ён у чым-небудзь непраўдзівы альбо перабольшаны – усё адбываецца ў рамках закона, і гэта самае страшнае. У поўнай адпаведнасці з законам зняволенага можна пасадзіць за чатыры адмовы выконваць работу, што прыніжае чалавека! І мне не вядомы яшчэ ні адзін выпадак апраўдання судом па артыкуле 411 КК.
Наогул, парушэнне правоў чалавека і здзекі ў беларускіх турмах дасягнулі такога размаху, што сталі сістэмай і звычкай, пра іх можна пісаць не ліст, а кнігу! Але ў гэтым звароце я не магу ахапіць усё і засяроджуся толькі на артыкуле 411 КК.
Такую прастору для самавольства адміністрацыі турмаў і калоній ствараюць напісаныя ў МУС Правілы ўнутранага распарадку (ПУР), якія абавязаны выконваць кожны асуджаны. Аднак асуджаных не знаёмяць з ПУР цалкам, толькі часткова, матывуючы гэта тым, што ПУР «для службовага карыстання», што не перашкаджае адміністрацыі патрабаваць іх выканання ад асуджаных. Самі ПУР складзены такім чынам, каб пакараць можна было любога асуджанага ў любы момант за такія рэчы, як няголенасць, бруднае адзенне ці абутак, незашпілены гузік на каўняры, за тое, што няправільна павітаўся ці не павітаўся з прадстаўніком адміністрацыі, не ўстаў у яго прысутнасці і за многае іншае. Нярэдка акты аб парушэннях проста фальсіфікуюцца, і паспрабуй потым дакажы, што твой абутак на самай справе быў чысты! За падобныя «парушэнні» працягваюць трапляць у ШІЗА, ПКТ (памяшканне камернага тыпу), пазбаўляцца спатканняў з роднымі беларускія палітычныя зняволеныя: Ігар Аліневіч, Мікалай Статкевіч, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч. Прычым строгага выканання ПУР патрабуюць выключна ад тых, хто неяк «вылучаецца»: ад палітычных зняволеных і тых, хто адважваецца гаварыць начальству пра свае правы. Астатнія жывуць больш-менш спакойна – пакуль маўчаць. Колькі разоў я назіраў прымяненне артыкула 411 КК, і заўсёды яно было помстай асуджанаму за нязломную волю, за адстойванне сваіх правоў і ніколі нічым іншым.
У афіцыйных выданнях чыноўнікі папраўчай (хоць правільней пісаць – карнай) сістэмы ўвесь час паўтараюць, што ўзялі лепшае ад савецкай папраўчай сістэмы. Гэта так, калі лепшым лічыць татальнае грэбаванне асобай, бязлітаснае падаўленне волі асуджаных, спрыянне падзелу іх на касты і ролі, выкарыстанне страху як адзінага метаду кіравання. Пры гэтым прэзідэнт Беларусі любіць паўтараць, што Беларусь – цэнтр Еўропы. Аднак чаму гэты «цэнтр» груба ігнаруе ўзятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы – хоць бы Дэкларацыю правоў чалавека, якая гарантуе чалавеку павагу яго чалавечай годнасці, права на гуманнае стаўленне да яго і справядлівы суд? У Беларусі асуджаны – бяспраўная і залежная істота, чый лёс цалкам утрымліваюць у сваіх руках чыноўнікі папраўчай установы і ДВП (Дэпартамента выканання пакаранняў МУС). Захочуць – пасадзяць у ШІЗА, ПКТ, на турэмны рэжым, захочуць – знізяць статус асуджанага да таго, што ён перастане існаваць для іншых як асоба (для гэтых спраў ёсць лаяльныя адміністрацыі зняволеныя, якія выконваюць кожны загад), захочуць – дададуць тэрмін пакарання. Гэта пачуццё адчаю і бяспраўя цяжка перадаць – яго трэба перажыць самому.
Вядома, мне вельмі хацелася б крычаць на ўвесь свет аб несправядлівасці, якую здзейсніла і здзяйсняе са мной карная сістэма, але яшчэ больш я хачу стаць апошнім асуджаным па артыкуле 411 КК. Таму звяртаюся да міжнародных і беларускіх праваабарончых структур, да ўсіх зацікаўленых у захаванні правоў чалавека міжнародных арганізацый і да ўсіх неабыякавых людзей Беларусі з заклікам зрабіць усё магчымае для адмены артыкула 411 КК. Так, беларускае грамадства атамізаванае, скаванае страхам і канфармізмам, асобныя групы ў ім ледзь абараняюць свае эканамічныя правы, а тыя, хто спрабуе абараняць палітычныя правы, падвяргаюцца бясконцым рэпрэсіям. Аднак я перакананы, што беларусы павернуць твары і зразумеюць: «той, хто памяняў сваю волю на бяспеку, не заслугоўвае ні першага, ні другога», калектыўная воля людзей можа прымусіць дзяржаўную машыну прыслухацца да голасу розуму і пачаць выконваць свае міжнародныя абавязацельствы.
Безумоўна, увага ўсяго свету, і ў першую чаргу Еўропы, сёння прыкавана да Украіны, дзе людзі гінуць дзясяткамі і сотнямі, і ў параўнанні з гэтым здаецца, што пакуты нейкіх пяці палітычных зняволеных у адносна стабільнай і, галоўнае, мірнай Беларусі такія нязначныя, што не трэба аб іх казаць на ўсю краіну. Аднак узгадаем, што і падзеі ва Украіне пачаліся шмат у чым з-за адсутнасці ў аўтарытарнай улады павагі да чалавечай годнасці, з-за спроб навязаць грамадству жыццё ў страху і антыдэмакратычную сістэму каштоўнасцей. Тое ж мы назіраем і ў Беларусі, ці не праўда?
Таму я звяртаюся са сваім заклікам да вас і ўсіх, у каго ёсць сілы і магчымасць паўплываць на становішча, з надзеяй, што тое, што адбываецца са мной, больш не адбудзецца ні з кім у Беларусі».
Гісторыя палітычнага пераследу Мікалая Дзядка
Упершыню Міколу Дзядка затрымалі 3 верасня 2010 года ў якасці падазраванага ў справе аб «нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі». Тады яшчэ не вядомаму шырокай публіцы актывісту толькі споўнілася 23 гады. Пасля 20 сутак арышту следчыя нарэшце выбралі абвінавачванне для Міколы Дзядка — удзел у несанкцыянаванай акцыі каля Генштаба, пазней прыпісалі яшчэ «хуліганства». 27 мая 2011 года Міколе прысудзілі 4,5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён праходзіў па «справе анархістаў». Сваёй віны актывіст не прызнаў, пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі адмовіўся.
У 2015 годзе, за 5 дзён да таго, як Мікалай павінен быў выйсці на волю, яму прысудзілі яшчэ адзін год за кратамі. Прычына — «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». У знак пратэсту супраць невыносных умоў утрымання Мікалай Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны жывата і рук. 22 жніўня 2015 года Мікалай быў вызвалены па «памілаванні» Лукашэнкі, якога актывіст не прасіў.
25 сакавіка 2017 года актывіст быў затрыманы ў Мінску і дастаўлены ў Партызанскі РУУС, а пасля ў ЦІП на Акрэсціна. Адтуль Мікалая з чэрапна-мазгавой траўмай на хуткай завезлі ў шпіталь.
Мікалай Дзядок быў затрыманы ў лістападзе 2020 года. Пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа моцна збілі Мікалая, выкарыстоўвалі пярцовы газ, а потым гвалтоўна прымусілі запісаць «пакаяльнае» відэа. У аддзяленні ГУБАЗіКа Міколу Дзядка жудасна катавалі. 10 лістапада 2021 года суддзя Анастасія Папко прысудзіла актывісту пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі. Мікалай віну не прызнаў. На палітвязня за кратамі працягваецца ціск.
16 кастрычніка 2024 стала вядома, што за кратамі супраць Мікалая завялі новую крымінальную справу па арт. 411 КК РБ. 4 месяцы, ад 17 чэрвеня гэтага году, журналіста «Новага Часу», актывіста анархісцкага руху ўтрымліваюць у ШІЗА — без лістоў, шпацыраў, кніг, без адносна зручнага ложку.