Хронікі рэпрэсій. Святлане Ціханоўскай «зацвердзілі» 15 гадоў зняволення
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 20 чэрвеня.
У Беларусі і за мяжой перастаў адкрывацца сайт светлагорскага тэлеканала «Ранак», работнікаў якога нядаўна судзілі за распаўсюджанне «экстрэмізму». У Беларусі замест сайта загружаецца заглушка Мінінфарма аб блакіраванні рэсурсу. З паведамлення Мінінфармацыі вынікае, што сайт «Ранка» падвергнуўся блакіраванню з-за таго, што праз яго нібыта можна перайсці на іншыя рэсурсы, доступ да якіх абмежаваны па рашэнні ведамства.
Сацсеткі «Ранка» не абнаўляюцца з 15 чэрвеня.
* * *
У Мінскім абласным судзе ў закрытым рэжыме 20 чэрвеня пачалі судзіць жыхара Брэста Андрэя Цалюка, якога абвінавачваюць па васьмі крымінальных артыкулах. Справу разглядае суддзя Анжаліка Данілава.
Раней у праўладных тэлеграм-каналах паведамлялася пра затрыманне Андрэя Цалюка. На відэа сілавікоў хлопец кажа, што быў затрыманы за распаўсюджанне асабістых даных супрацоўнікаў міліцыі, суддзяў і за тое, што заклікаў людзей да гвалтоўных дзеянняў. Таксама паведамляецца, што мужчына «пакінуў больш як дзве тысячы экстрэмісцкіх паведамленняў, з якіх мінімум 100 змяшчаюць у сабе прыкметы парушэння заканадаўства».
8 жніўня 2022 года ў судзе Маскоўскага раёна Брэста суддзя Раман Карабан прызначыў Цалюку 10 сутак адміністрацыйнага арышту з канфіскацыяй тэлефона па ч.2 арт. 19.11 КаАП. Аднак на волю пасля арышту ён ужо не выйшаў. Да суда Андрэй Цалюк утрымліваўся ў СІЗА №1 у Мінску.
* * *
У судзе Чашніцкага раёна 21 чэрвеня будуць разглядаць адміністрацыйную справу ў дачыненні да былога намесніка старшыні мясцовага райвыканкама Аляксандра Сівашэнкі. Мужчыну абвінавачваюць у распаўсюджанні «экстрэмісцкай» інфармацыі (частка 2 артыкула 19.11 КаАП), гаворыцца ў раскладзе судовых пасяджэнняў.
Знаёмы Сівашэнкі расказаў, што мужчыну судзяць за лайк, пакінуты ажно ў 2013 годзе ў пабліку, пазней прызнаным «экстрэмісцкім». У выканкаме Чашніцкага раёна паведамілі, што Сівашэнка больш у іх не працуе.
У 2020 годзе Сівашэнка быў членам выбарчай камісіі Чашніцкага раёна. Яго туды вылучыла раённая арганізацыя «Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў».
* * *
* * *
У судзе Пінскага раёна і горада Пінска 1 чэрвеня асудзілі Ягора Дашэвіча паводле ч.1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») Крымінальнага кодэкса. Суддзя Вольга Лубнік прызначыла Ягору два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў абразлівы каментар у тэлеграме пад відэаролікам з выступленнем Лукашэнкі. Як паведамляецца ў судовай пастанове, Дашэвічу не спадабаўся пункт гледжання, які выказваўся ў відэа.
* * *
Верхнядзвінскую актывістку Валянціну Болбат зноў арыштавалі на 30 сутак, але яна пакуль на волі.
Валянціну затрымалі 30 красавіка, але пасля гэтага жанчыне стала блага, таму яна на некаторы час трапіла ў бальніцу. Пасяджэнне адбылося 10 траўня ў судзе Верхнядзвінскага раёна. Жанчыне тады прызначылі 30 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў») і арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне»).
Пасля суда ў жанчыны здарыўся гіпертанічны крыз, і яе адвезлі ў шпіталь, дзе яна лячылася два тыдні. Валянціна Болбат абскардзіла пастанову суда ў Віцебскім абласным судзе. 22 траўня суддзя Святлана Іванова адмяніла рашэнне суда Верхнядзвінскага раёна, таму справу перадалі ўжо ў Наваполацкі суд. Сёння адбылося чарговае пасяджэнне. Суддзя Зінаіда Балаболава прызначыла жанчыне зноў 30 сутак. Валянціна Болбат пакуль на волі і плануе абскардзіць пастанову суда.
* * *
Вярхоўны суд 20 чэрвеня разгледзеў апеляцыйную скаргу Святланы Ціханоўскай, якую пакінуў без задавальнення. Іншыя ўдзельнікі справы «Каардынацыйнай рады» апеляцыйных скаргаў не падавалі. Іх прысуды таксама набылі моц.
У Мінскім гарадскім судзе 6 сакавіка ў завочным парадку асудзілі Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку, Вольгу Кавалькову, Марыю Мароз і Сяргея Дылеўскага. Суддзя Пётр Арлоў прызначыў Ціханоўскай 15 гадоў калоніі, Латушку — 18 гадоў калоніі, Кавальковай, Мароз і Дылеўскаму — 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Дзяржабвінавачанне падтрымліваў пракурор Міхаіл Кавалёў.
* * *
* * *
Палітвязня Сяргея Капанца хочуць перавесці на турэмны рэжым. Суд раней асудзіў палітвязня на пяць з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Працэс пройдзе ў Наваполацку, справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Хрыпач.
Сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Сяргея Капанца абвінавацілі ў дапамаганні Сцяпану Пуцілу, Раману Пратасевічу і іншым асобам у «арганізацыі масавых беспарадкаў», што выявілася ў перадачы інфармацыі ў бот «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала, а таксама ў распаўсюджанні ўлётак.
Былы вязень наваполацкай калоніі распавёў пра ціск на Сяргея: «Напрыклад, Сяргей Капанец быў у ШІЗА за тое, што пагутарыў з Віктарам Бабарыкам. Наогул Сяргей Капанец — самы часты госць ШІЗА ў ПК-1. Яму вешаюць парушэнні заўсёды з выдуманых прычын. Ён ездзіць у ШІЗА ледзь не штомесяц. Агулам у яго сабралася каля 150 сутак у ШІЗА».
* * *
Паўла Севярынца збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым. Суд па замене Севярынцу рэжыму ўтрымання і пераводзе ў іншую папраўчую ўстанову адбудзецца ў Шклове 21 чэрвеня. Рашэнне будзе прымаць суддзя Аляксандр Тараканаў.
Палітык, сузаснавальнік партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і пісьменнік больш за тры гады ўтрымліваецца ў зняволенні. У траўні 2021-га Паўлу Севярынцу і яшчэ шасці палітвязням прысудзілі ад чатырох да сямі гадоў калоніі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
У красавіку адміністрацыя папраўчай калоніі №17 прызнала Паўла «злосным парушальнікам рэжыму». Тады яму скарацілі дазволеную колькасць званкоў дадому і грашовых пераводаў, а пазней пазбавілі і працяглага спаткання.