Хронікі рэпрэсій. Пастара Аляксандра Зарэцкага працягваюць трымаць за кратамі
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 7 сакавіка.
9 лютага вынесены прысуд мужу і жонцы Мікалаю і Іне Шляжко, якіх затрымалі на выездзе з Беларусі, калі яны ехалі ў госці да дзяцей. Ім прысудзілі па два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі»).
Вырак агучыла суддзя Вольга Емельянчанка ў судзе Савецкага раёну Мінска. Яна прызнала мужа і жонку вінаватымі паводле арт. 342 КК. Паводле абвінавачанняў, Мікалай і Іна ўзялі ўдзел у адным з мінскіх Маршаў у 2020 годзе.
13 лютага 2024 году ў судзе Пружанскага раёну разглядзелі
справу Васіля Ячычкі. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 368
Крымінальнага кодэксу (абраза Лукашэнкі) і асудзілі да двух гадоў абмежавання
волі з накіраваннем у ПУАТ («хіміі»). Прысуд агучыў суддзя Ігар Жытко.
Вядома, што Ячычка знаходзіўся пад вартай з 19 да 21 снежня 2023 году. Яго прызналі вінаватым у тым, што 18 лістапада 2023 году ён нібыта выказаў зняважлівы выраз у адрас Лукашэнкі, знаходзячыся ў Пружанскай раённай бальніцы. Туды ён трапіў пасля таго, як яго нецвярозым затрымаў інспектар ДПС, калі ён ехаў на ровары.
Пастару Аляксандру Зарэцкаму зноў прызначылі 15 сутак арышту.
Нагадаем, навалукомльскага пастара затрымалі 22 лютага за тое, што ён маліўся за Украіну. Яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Ён павінен быў выйсці заўтра, але 6 сакавіка быў паўторна арыштаваны на 15 сутак — па ч. 1 арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Такім палічылі пропаведзь падчас богаслужэння.
Як піша «Хрысціянская візія», раней мясцовыя ідэолагі не раз прад'яўлялі пастару прэтэнзіі наконт зместу малітваў і пропаведзяў.
У Гродне затрымалі майстра ААТ «Гроднажылбуд» Дзмітрыя Голуба. Сцвярджаецца, што мужчына
ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту, а таксама пакідаў абразлівыя
каментары пра сілавікоў і расійскіх вайскоўцаў.
Сілавікі
затрымалі мінскага прадпрымальніка Анатоля Якубовіча. Сцвярджаецца, што
ён удзельнічаў у акцыях пратэсту і зрабіў ахвяраванне праекту Nexta ў памеры 10
долараў.
За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту затрыманы жыхар
Брэста. Прозвішча не
паведамляецца.
У лютым колькасць грамадзян, супраць якіх маглі быць ужытыя рэпрэсіі ў судовым парадку і якія былі асуджаныя ў межах крымінальнага судаводства, паводле папярэдніх дадзеных, склала 129 чалавек, з якіх 46 складаюць жанчыны, 83 — мужчыны.
У Беларусі дагэтуль працягваецца масавы пераслед за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе: у 73 чалавек (толькі 68 у Мінску) са 129 у абвінавачанні быў альбо адзін артыкул 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), альбо ж ён меўся ў абвінавачанні разам з іншымі артыкуламі.
Больш за 8000 жанчын зазналі палітычны пераслед у
Беларусі. Рэпрэсіі ў адносінах да жанчын — у інфаграфіках
Восьмага сакавіка адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці жанчын у барацьбе за свае правы. Менавіта за барацьбу за грамадска-палітычныя правы і выказванне свайго меркаванне ў Беларусі са жніўня 2020 года пераслед зазналі больш за 8000 жанчын.
Сёння ў Беларусі налічваецца 171 палітзняволеных
жанчын, якія на дадзены момант утрымліваюцца ў месцах няволі. У сувязі з
пратэстамі супраць дзеючай улады і вайной ва Украіне з 2020 года агулам былі
асуджаныя мінімум 1033 жанчыны, з іх 242 — да калоніі, 497 — да «хатняй хіміі»,
70 — да «хіміі», пяць жанчын — да арышту, дзве — да прымусовага лячэння. За
гэты час асуджаны і вызвалены з-за кратаў мінімум 321 жанчына.