Хронікі рэпрэсій, 23 кастрычніка. За белыя і чырвоныя стужкі на шлеме затрымалі байкерку
Украінцаў асудзілі як "дыверсантаў СБУ": бацьку і сыну прызначылі па 20 гадоў калоніі. Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».
На Магілёўшчыне затрымалі 42-гадовага мужчыну
"Пакаяльнае відэа" з затрыманым апублікавалі ў праўдным тг-канале.
Паведамляецца, што жыхара вёскі Лыкава затрымалі за "экстрэмісцкія" рэпосты ў Аднакласніках.
Як паведамляе "Медыязона", мужчыну завуць Аляксандр Лапачэнка.
Працягваецца суд над гульцом у покер, які ўдзельнічаў у чэмпіянаце Беларусі
Міхаіл Фандо родам з Барысава, але жыў у Мінску з часоў універсітэта. Вучыўся ў БДУ на менеджара. Вядома, што Фандо — аматар покера, вядомы пад мянушкай Rattly. Ён гуляў у шматлікіх чэмпіянатах, у тым ліку чэмпіянаце Беларусі.
Суд над Міхаілам пачаўся 17 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе. Яго, як мяркуецца, абвінавачваюць у падтрымцы Украіны — суд адбываецца па артыкуле «дапамога ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне вайны» (ч. 2 арт. 361-3 КК). Справу разглядае суддзя Любоў Сімахіна, якая выносіць палітычныя прысуды з 2011 года.
54-гадовага жыхара Міншчыны судзяць за "адмаўленне генацыду беларускага народа"
У Мінскім гарадскім судзе 23 кастрычніка распачаўся суд над 54-гадовым жыхаром Мінскага раёна Андрэем Савіцкім. Яго абвінавачваюць у "адмаўленні генацыду беларускага народа" (ч. 1 арт. 130-2 КК) і "абразе" Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) у "Аднакласніках". Першы суд у Беларусі за "адмаўленне генацыду" даручылі весці суддзі Яўгену Пісарэвічу, які неаднаразова разглядаў палітычна матываваныя справы. Працэс адбываецца ў адкрытым рэжыме.
Згодна версіі абвінавачвання, з кастрычніка 2020 года па лістапад 2023 года Андрэй Савіцкі "адміністраваў у "Аднакласніках" адкрытую групу".
У Гродне мясцовага жыхара судзяць за "ўдзел у масавых беспарадках"
Сёння анансавалі дату прэзідэнцкіх выбараў-2025, а тым часам па ўсёй Беларусі ўсё яшчэ актыўна праходзяць суды за ўдзел у акцыях пратэсту на знак нязгоды з фальсіфікаванымі вынікамі выбараў у 2020 годзе.
Так, 23 кастрычніка ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна пачалі судзіць Максіма Сандракулу. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Мужчыне пагражае да васьмі гадоў калоніі.
Справу разглядае Уладзімір Пазняк.
Сілавікі затрымалі ў Мінску байкерку
У жанчыны на шлеме былі белыя і чырвоныя стужкі.
У тэлефоне затрыманай знайшлі фотаздымкі з акцый пратэстаў. Цяпер ёй пагражаюць крымінальнай справай.
Украінцаў асудзілі як "дыверсантаў СБУ": бацьку і сыну прызначылі па 20 гадоў калоніі
23 кастрычніка 2024 году ў Гомельскім абласным судзе абвясцілі прысуд Сяргею і Паўлу Кабарчукам — бацьку і сыну. Кожнаму з іх прызначанае пакаранне ў выглядзе 20 гадоў пазбаўлення волі у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штрафу 700 базавых велічыняў кожнаму — 28 тысяч рублёў. Іх асудзілі па 4 крымінальных артыкулах, сярод якіх "акт тэрарызму" і "агентурная дзейнасць".
Нагадаем, 15 лютага ў Лельчыцкім раёне быў абʼяўлены рэжым «контртэрарыстычнай аперацыі». Пазней КДБ адчыталася пра затрыманне «тэрарыстаў», нібыта адпраўленых СБУ праводзіць тэракты ў Беларусі і РФ.