Хронікі рэпрэсій, 22 кастрычніка. Затрыманы Ігар Ільяш — журналіст, муж палітзняволенай Кацярыны Бахвалавай

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што Ільяш займаўся «садзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням», а таксама нібыта «займаўся зборам звестак для замежных разведак». Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».

Праваабаронца Уладзь Лабковіч сустрэў чацыёрты дзень народзінаў за кратамі 

Уладзь Лабковіч — юрыст «Вясны», эксперт у галіне выбарчага права і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Ён быў затрыманы 14 ліпеня 2021 году пасля вобшуку і з таго часу знаходзіцца за кратамі. У сакавіку 2023 году суддзя Марына Запаснік прызначыла Лабковічу 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

За час зняволення ва Уладзя значна пагоршылася здароўе. Ён скардзіцца на частыя галаўныя болі і на бяссонніцу. Таксама ў яго вельмі пагоршыўся зрок. Уладзя дома чакае дачка і двое хлопчыкаў-блізнят. Праваабаронца ў сваіх старых лістах да калегаў вельмі хваляваўся, што яны растуць без яго і ён не можа прыняць удзел у іх выхаванні.

Сёння Уладзь Лабковіч сустракае сваё 46-годдзе. Гэта чацвёрты Дзень народзінаў праваабаронцы за кратамі.

Сёння пачынаюць судзіць трох чалавек, затрыманых па справе аб «падрыхтоўцы тэрактаў»

Мінгарсуд 22 кастрычніка ў закрытым рэжыме пачынае разглядаць справу ў дачыненні да ўкраінца Івана Ліхалата і беларусаў Барыса Пухальскага і Івана Бародзіча. Працэс прызначана весці суддзя Анжэла Касцюкевіч.

Фігурантам справы інкрымінаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму), арт. 358-1 (агентурная дзейнасць), ч. 4 арт. 309 КК (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) ч. 2 арт. 406 КК (неданясенне аб злачынстве).

Пра затрыманне мужчын стала вядома ў мінулым верасні з прапагандыскага фільма па БТ. Сцвярджалася, што яны нібыта выйшлі на сувязь з СБУ і планавалі ўзарваць чыгунку ў Талачынскім раёне.

Глядзіце таксама

Былога міліцыянта завочна асудзілі да 15 гадоў калоніі

Былога лідскага міліцыянта Юрыя Махнача завочна асудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Апроч гэтага, ён мусіць выплаціць штраф у памеры 500 базавых велічыняў — 20 тысячаў рублёў.

Суддзя Юрый Казакевіч прызнаў яго вінаватым ў «аказанні дапамогі замежнай дзяржаве, іншаземнай арганізацыі і іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, якая накіраваная на шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі».

Юрый — гэта былы падпалкоўнік міліцыі Лідскага РАУС, камандзір роты ППС. У жніўні 2020 году ён публічна расказаў пра падрыхтоўку міліцыі да карных «зачыстак», збіванні затрыманых. Тады ж, 18 жніўня, ён падаў у адстаўку са службы ў міліцыі. А пазней з-за небяспекі пераследу пакінуў Беларусь.

Затрымалі мужа палітзняволенай Кацярыны Бахвалавай — Ігара Ільяша

Ягоны фотаздымак апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.

Пазней стала вядомая прычына затрымання журналіста Ігара Ільяша.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што Ільяш займаўся «садзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням» — даваў інтэрв'ю незалежным СМІ, а таксама нібыта «займаўся зборам звестак для замежных разведак» — даваў каментары ўкраінскім выданням.

Мінчанку асудзілі на 2,5 гады калоніі за каментары пра сілавікоў, Лукашэнку і ўдзельнікаў вайны ва Украіне

У Мінскім гарадскім судзе 21 кастрычніка асудзілі Алену Барысюку паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса.

Суддзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў Алене два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Дзяржабвінавачанне прадстаўляў старшы пракурор Дзмітрый Хавалка.

Пра прысуд жанчыне стала вядома з рэпартажу на дзяржаўным тэлебачанні, звярнула ўвагу "Зеркало". На аглашэнне прысуду прывялі студэнтаў розных ВНУ.

Вялікі штраф і два гады калоніі: у Магілёве адбыўся чарговы завочны суд

4 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Магілёва завочна асудзілі Аляксандра Яцэнку. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Справу разглядзела суддзя Вікторыя Палякова.

Апроч гэтага, ён мусіць выплаціць штраф у памеры 200 базавых велічынь (8000 рублёў), матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды на карысць пацярпелага ў памеры 1000 рублёў і дзяржпошліну — 120 рублёў. Пацярпелым стаў Аляксандр Цеплякоў.

Вядома, што кватэра Яцэнкі была арыштаваная.   

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу ў трэці раз будуць судзіць за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"

Як вынікае з судовага раскладу на сайце Вярхоўнага суда, судзіць Вікторыю пачнуць 28 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёна. Жанчыну ў трэці раз абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). 

Справу будзе разглядаць суддзя Станіслаў Іванюценка, які 15 кастрычніка па гэтым жа артыкуле дадаў год калоніі палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк. 

Праўладнага блогера з Кармы асудзілі за «экстрэмізм»

Кармянскага блогера Аляксандра Петрачкова судзілі па адміністрацыйным артыкуле за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП) піша «Гомельская Вясна». Справу разглядаў суддзя Андрэй Аўсейцаў.

Аляксандр — вядомы ў рэгіёне праўладны дзеяч, актывіст і блогер. Ён браў актыўны ўдзел у шматлікіх праўладных мерапрыемствах, некалькі разоў ён рабіўся станоўчым героем публікацыяў у мясцовай дзяржаўнай газеце «Зара над Сожам».

Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.

Судзяць мужчыну, якога затрымалі за каментары пра тэракт у «Крокусе»

Сёння ў Мінскім гарадскім судзе пачалі разглядаць справу 44-гадовага Рамана Якімёнка. Суддзя — Вера Галаўкова. 

Мужчыну абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы), арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Паводле тэлеграм-канала сілавікоў, яго затрымалі ў сакавіку 2024 году за каментары аб тэракце ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе». На пакаяльным відэа мужчыну прымусілі сказаць, што яго затрымалі за негатыўныя каментары, а таксама за адпраўку паведамленняў у чат-бот Nexta.

Мінскага інжынера затрымалі за ўдзел у акцыі пратэсту ў жніўні 2020 года

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што прытрымліваўся ідэй нацызму, у гаражы павесіў партрэт Гітлера, а пасля правядзення «выхаваўчай» размовы яго знішчыў. Таксама ён нібыта ўдзельнічаў у акцыі пратэсту 16 жніўня 2020 году.

У сацыяльных сетках затрыманы падпісаны як Ігар Рэм, ён быў анлайн у пятніцу.