Масква дапаможа Мінску ў выпадку «правакацый заходнікаў» на выбарах-2025
Амбасадар РФ у Беларусі Грызлоў лічыць, што «заходнікі паспрабуюць зладзіць чарговую правакацыю». «Падобныя намеры спыняліся беларускімі спецслужбамі і пасля 2020 года», — сцвярджае ён.
Расія "ў рамках сваіх абавязацельстваў" акажа Мінску "дапамогу і падтрымку" ў выпадку "спроб дэстабілізацыі сітуацыі" падчас прэзідэнцкіх выбараў 2025 года, калі пра гэта папросіць беларускі бок, перадае «Позірк». Пра гэта заявіў пасол РФ у Беларусі Барыс Грызлоў у апублікаваным 22 кастрычніка інтэрв'ю пракрамлёўскаму медыя "РІА Навіны”.
Разам з тым "няма ніякіх падставаў меркаваць, што беларускім праваахоўнікам і спецслужбам спатрэбіцца дадатковая дапамога, як прынята казаць, "на зямлі", сказаў дыпламат. "Яны выдатна спраўляюцца са сваімі задачамі", — лічыць ён.
"Профільныя ведамствы" Беларусі і РФ, паводле слоў Грызлова, пастаянна абменьваюцца інфармацыяй па аператыўных каналах, дзеляцца звесткамі аб любых патэнцыяльных пагрозах у рэжыме рэальнага часу.
Напярэдадні і падчас правядзення выбараў прэзідэнта Беларусі, лічыць пасол РФ, "не выключаны правакацыі", аб чым, паводле яго слоў, папярэджваў Аляксандр Лукашэнка і кіраўнікі сілавых структур.
“Сам па сабе гэты факт гаворыць аб тым, што праваахоўныя ведамствы Беларусі выдатна дасведчаныя аб падрыхтоўцы правакацый. А калі дасведчаныя — значыць, гатовыя», — заявіў ён.
Краіны Захаду, сцвярджае прадстаўнік Расіі, заўсёды праяўляюць "нездаровую цікавасць" да ўнутрыпалітычных працэсаў у Беларусі і РФ, у тым ліку да электаральных.
“Было б дзіўна, калі б нашыя агульныя праціўнікі не планавалі нейкіх правакацыйных дзеянняў [на выбарах-2025]. <…> Вядома, мы зыходзім з таго, што такія спробы будуць рабіцца”, — сказаў Грызлоў.
Па сцвярджэнні расійскага амбасадара, пасля "няўдалай спробы так званай апазіцыі захапіць уладу ў 2020 годзе" сілавікі Беларусі і РФ правялі "каласальную працу, якая накіравана на спыненне такога роду злачынных дзеянняў у будучыні".
“Вінаватыя – тыя, хто не паспелі ганебна бегчы ў Польшчу і Прыбалтыку – былі хутка ідэнтыфікаваныя і панеслі заслужанае пакаранне, — заявіў ён. — Пры гэтым выявіліся літаральна ўсе іх планы, схемы фінансавання, структура кіравання, сетка агентаў уплыву, спосабы і каналы сувязі, метадычкі і інструкцыі па арганізацыі незаконных пратэстаў, дыверсій з выкарыстаннем выбухоўкі і зброі, а таксама сілавых акцый. Усё гэта пацверджана дакументальна”.І
Гэта, па словах Грызлова, не значыць, што "заходнікі не паспрабуюць зладзіць чарговую правакацыю". "Падобныя намеры спыняліся беларускімі спецслужбамі і пасля 2020 года", — сцвярджае ён.
Лукашэнка да гэтага часу неадназначна выказваўся наконт свайго ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2025 года, не прызначаная і іх дакладная дата.
Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года. Дэмсілы краіны неаднаразова заяўлялі, што будуць дамагацца іх непрызнання міжнароднай супольнасцю.
Папярэднія выбары, якія адбыліся ў 2020 годзе, адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Узніклы пасля іх палітычны крызіс і шырокамаштабныя рэпрэсіі працягваюцца да гэтага часу.
27 жніўня 2020 года Уладзімір Пуцін у інтэрв'ю вядучаму тэлеканала "Расія" Сяргею Брылеву заявіў, што па просьбе Лукашэнкі ў РФ быў сфарміраваны "пэўны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў" для аказання дапамогі беларускім сілавікам у выпадку, калі б яна спатрэбілася.