Вальфовіч: У МУС створаны 22 атрады «добраахвотнікаў»

Паводле слоў лукашэнкаўскага чыноўніка, за кошт прыцягнення гэтых сіл «баявы патэнцыял дзеючых спецпадраздзяленняў можа быць узмоцнены ў два-тры разы».

Фота: Белта

Фота: Белта

"Калі хтосьці замахнецца на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі", то па камандзе Аляксандра Лукашэнкі спецпадраздзяленні будуць неадкладна ўзмоцнены людзьмі, якія "маюць досвед і выдатна валодаюць спосабамі вядзення баявых дзеянняў", заявіў 8 кастрычніка дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, піша «Позірк».

Прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала відэафрагмент каментара Вальфовіча па выніках праведзеных 8 кастрычніка комплексных заняткаў з ваеннаабавязанымі, якія раней служылі ў АМАП, так сваным спецыяльным падраздзяленні па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз", спецпадраздзяленнях унутраных войскаў.

За кошт прыцягнення гэтых сіл, паводле слоў чыноўніка, "баявы патэнцыял дзеючых спецпадраздзяленняў можа быць узмоцнены ў два-тры разы".

Дзяржсакратар Савета бяспекі заявіў аб "выдатнай падрыхтоўцы" ўдзельнікаў заняткаў, якія ён назваў новай формай "закліку ваеннаабавязаных: на дзень, на два, у выхадны дзень, без выкарыстання сістэмы мабілізацыі, якая адпрацавана ў Беларусі".

Глядзіце таксама

ДзяржСМІ у сваю чаргу паведамляюць, што для гэтага кантынгенту сілавікоў падрыхтаваны форма і камплекты ўзбраення.

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў заявіў, што ў МУС на сёння створаны 22 атрады "добраахвотнікаў", колькасць якіх "пастаянна расце". У іх склад, сказаў ён, уключаны былыя вайскоўцы ўнутраных войскаў і міліцэйскіх спецпадраздзяленняў. Вучэнні былых спецназаўцаў будуць праходзіць па ўсёй краіне, дадаў кіраўнік ведамства.

Комплексныя заняткі з ваеннаабавязанымі, якія раней служылі ў згаданых структурах МУС, прайшлі на палігоне навучальнага цэнтра спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў.

Мерапрыемства, адзначыла ведамства, праводзілася "ў рамках рэалізацыі даручэння" Лукашэнку "прывесці ў ідэальны стан войска і сілавы блок у цэлым".

На першым этапе заняткаў узровень падрыхтоўкі сілавікоў ацэньвалі Вольфавіч, Кубракоў і намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Пярцоў.

Рэжым Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння адносін з Захадам і вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

У 2025 годзе ў Беларусі адбудуцца прэзідэнцкія выбары. Апошняя кампанія ў 2020 годзе суправаджалася рэкорднымі для Беларусі па масавасці акцыямі пратэстаў, на падаўленне якіх былі кінуты ўсе сілавыя ведамствы.