Хронікі рэпрэсій за 21 кастрычніка: палітвязня Рэзановіча на паўгода змясцілі ў ПКТ; беларуса затрымалі па вяртанні з Польшчы

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

hroniki_represij2__1_1.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1439 дзён, Дзяніс — 1319

***

Палітвязня Дзмітрыя Рэзановіча змясцілі ў ПКТ на паўгода, піша «Вясна».

Як паведаміў 19 кастрычніка тэлеграм-канал «Право на восстание», напрыканцы верасня адміністрацыя барысаўскай калоніі № 14 змясціла Дзмітрыя ў ПКТ тэрмінам на 6 месяцаў. Перад гэтым яго некаторы час утрымлівалі ў ШІЗА.

***

Сілавікі затрымалі сямейную пару за ўдзел у пратэстах 2020 года. Відэа з затрыманымі апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.

«Медыязона» знайшла старонкі затрыманых ў «ВКонтакте». Там яны падпісаныя як Вольга і Андрэй Пецюкевічы.

На камеру мужчына гаворыць, што працуе прарабам, а таксама, што ў 2020 годзе яны з жонкай і дачкой некалькі разоў выходзілі на пратэсты. У 2021 годзе затрыманы зрабіў сабе татуіроўку з «Пагоняй».

Па якім артыкуле затрыманыя муж і жонка і дзе цяпер знаходзяцца, невядома.

***

Жыхара Бабруйска па вяртанні з Польшчы асудзілі на 7 гадоў калоніі нібыта за стварэнне двух тэлеграм-чатаў, паведамляе «Салідарнасць».

У Магілёўскім абласным судзе 27 верасня асудзілі палітвязня Максіма Хвашчынскага паводле ч.2 арт.367 («Паклёп на Лукашэнку»), ч.ч.1, 2 арт.361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім») Крымінальнага кодэкса.

Суддзя Ігар Шведаў прызначыў Максіму сем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Бабруйчука затрымалі 26 лютага — на наступны дзень пасля вяртання з Польшчы. Спачатку яго арыштавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», пасля завялі крымінальную справу.

***

Магілёўскія сілавікі затрымалі жыхарку Оршы за каментары на адрас сілавікоў і Лукашэнкі. Пра гэта паведаміў 20 кастрычніка тэлеграм-канал «MAYDAY.TEAM».

Пра затрыманую вядома, што яна працуе ў адной з цырульняў Оршы. Таксама сцвярджаецца, што ў яе на ўтрыманні трое непаўнагадовых дзяцей.

У віну жанчыне паставілі тое, што яна пакінула ў тэлеграме «больш за 600 каментароў» абразлівага характару на адрас беларускіх сілавікоў і Лукашэнкі.

***

Сілавікі затрымалі прызыўніка — ён моцна жадаў служыць ва ўнутраных войсках, іранізуюць праваабаронцы.

Пра затрыманне стала вядома 19 кастрычніка. Хлопец прыцягнуў увагу сілавікоў падчас восеньскай прызыўной кампаніі — яго пачалі правяраць.

Падчас праверкі высветлілася, што прызыўнік нібыта ўдзельнічаў у «экстрэмісцкіх» чатах і абмеркаваннях. За гэта прызыўніка назвалі «дыверсантам» і «кратом», які нібыта «быў гатовы фатаграфаваць вайсковую тэхніку, узбраенне, спецсродкі і перадаваць аператыўныя звесткі пра службова-баявую дзейнасць войскаў».

***

41-гадовага берасцейца Віталя Чопіка, якога затрымалі за наведванне судоў па палітычна матываваных справах, судзяць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.ч.1 і 2 арт.361-4 «Крымінальнага кодэкса») і «грубае парушэнне грамадскага парадку» (арт.342 КК), піша «Вясна».

Судзіць мужчыну пачалі сёння, 21 кастрычніка, у Брэсцкім абласным судзе.

Чопіка затрымалі 7 месяцаў таму. Пасля затрымання мужчыну дастаўлялі ў бальніцу са слядамі моцнага збіцця: колер твару Чопіка быў жоўтым, што можа гаварыць пра пашкоджанне печані.

Пасля затрымання мужчыны ў сакавіку 2024 года дзяржСМІ пісалі, што мужчына «разам з саўдзельнікамі сістэматычна наведваў суды па крымінальных справах экстрэмісцкай накіраванасці. Ён фіксаваў ход і вынікі пасяджэнняў, інфармацыю пра сведкаў і прадстаўнікоў праваахоўных органаў».

12 сакавіка 2024 года Чопіка асудзілі за «непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі» (арт.24.3 КаАП) — мужчына доўга адчыняў дзверы, калі да яго прыйшлі з ператрусам. Ператрус праводзіўся ў рамках крымінальнай справы за ўдзел у «экстрэмісцкім фарміраванні». 28 сакавіка МУС абвясціла, што берасцейца змясцілі ў СІЗА.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у мужчыны праводзілі ператрус 1 снежня 2021 года. А ў верасні 2022 года Чопіка затрымалі спачатку за «распаўсюд экстрэмізму» (арт.19.11 КаАП), але калі аказалася, што ў мужчыны няма тэлефона, дзе могуць быць нейкія «экстрэмісцкія» матэрыялы, то склалі пратакол ужо за «парушэнне правядзенне масавых мерапрыемстваў» (арт.24.23 КаАП). Падставай для пратаколу стаў БЧБ-сцяг, прылеплены скотчам знутры на акно дома. Хоць сам Чопік сцвярджаў, што сцяг з'явіўся ўжо пасля таго, як яго затрымалі і даставілі ў ІЧУ.

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 628 дзён, Максіма Знака — 622 дні, Мікалая Статкевіча — 619 дзён, Ігара Лосіка — 610 дзён, Віктара Бабарыкі — 548 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 478 дзён, Уладзіміра Гундара — 441 дзень.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1299 чалавек.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1405 чалавек. Сярод іх — 173 жанчыны і 3 непаўнагадовых. 22 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.