Хронікі рэпрэсій, 11 снежня. Пенсіянерку Ганну Стражэвіч асудзілі да 4 гадоў калоніі
Зноў пачалі судзіць палітзняволенага журналіста Ігара Карнея. Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».
Зноў пачалі судзіць палітзняволенага журналіста Ігара Карнея
У судзе Шклоўскага раёна 11 снежня распачынаецца разгляд чарговай крымінальнай справы супраць палітзняволенага журналіста і блогера Ігара Карнея, якога ў сакавіку гэтага года асудзілі да трох гадоў зняволення. Справу будзе разглядаць суддзя Аляксандр Тараканаў.
Ігара абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі № 17 змяшчала журналіста некалькі разоў у ПКТ. Фактычна, цяпер яго будуць судзіць у крымінальным парадку за «парушэнні», за якія ён ужо атрымаў спагнанні ад адміністрацыі. Журналісту могуць дадаць яшчэ адзін год пазбаўлення волі.
У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — «ДУХ РУСИ»
Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 4 снежня. Паводле ведамства, дачыненне да ініцыятывы маюць 18-гадовыя Артур Катовіч, Вячаслаў Бандарчук, Уладзіслаў Варонін, Арцём Аліферовіч, 16-гадовы Юры Кандраценка, а таксама Руслан Назарчук.
У тэлеграм-канале «ДУХ РУСИ» размешчаныя нацысцкія і шавіністычныя допісы.
Пенсіянерку Ганну Стражэвіч асудзілі да 4 гадоў калоніі
Судовы працэс над палітзняволенай Ганнай Стражэвіч у закрытым рэжыме распачаўся 14 лістапада ў судзе Мінскага раёна. Суддзя Вікторыя Паляшчук напачатку снежня агучыла жанчыне прысуд — чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штраф памерам 550 базавых велічыняў (22 000 рублёў).
Ганну абвінавацілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».
Суд быў закрытым, таму падрабязнасці абвінавачванняў невядомыя. Меркавана, судзілі яе ў тым ліку за салідарнасць з палітвязнямі. Вядома, што Ганна актыўна пісала ім лісты.
Стэндап-коміка Славу Камісаранку пачнуць завочна судзіць 24 снежня
Імя 39-гадовага коміка з'явілася ў раскладзе судоў. Яго абвінавачваюць у «паклёпе на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) і «распальванні варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Гумарысту пагражае да пяці гадоў калоніі завочна і буйны штраф, піша «Наша Ніва».
Суд адбудзецца 24 снежня ў Мінскім гарадскім судзе. Судзіць Камісаранку будзе Настасся Папко.
Яшчэ аднаго тыктокера затрымалі за відэа пра міліцыю
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 20-гадовага блогера нядаўна звольнілі з міліцыі. Пасля чаго ён запісаў відэа пад песню «Жизнь ворам, смерть мусорам» і надпісам: «Ты, когда тебя уволили с ментовки».
Нагадаем, учора за відэа пра сябра-міліцыянта затрымалі 18-гадовую дзяўчыну.
Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава — па меркаванні знаёмых, яна не вытрымала палітычнага пераследу з боку сілавікоў
Жанчына пражывала ў Пінскім раёне і некалькі разоў была асуджана па «экстрэмісцкіх» артыкулах да арышту. Так, апошні суд адбыўся 6 лістапада ў Пінску за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Па меркаванні знаёмых жанчыны, яна не вытрымала вобшукаў, пазбаўлення волі, праверак і рэгулярнага псіхалагічнага ціску з боку міліцыі. Людзі кажуць, што іншых абставінаў для такога ўчынку ў жанчыны быць не магло — яна была вельмі актыўнай і жыццярадаснай, піша Dissidentby.
У Гомелі былога палітвязня хочуць судзіць за «парушэнне правілаў нагляду»
Былога палітычнага зняволенага Андрэя Аляшкевіча збіраюцца нанова судзіць. Яго абвінавачваюць ў тым, што ён нібыта «не выконваў патрабаванні прэвентыўнага нагляду або прафілактычнага назірання» (ч. 1 арт. 25.11 КаАП). Працэс будзе ўзначальваць суддзя Мікалай Крупадзёраў.
У чым канкрэтна палягаюць абвінавачванні да Аляшкевіча пакуль невядома. Яму пагражае штаф да 20 базавых велічыняў, прымусовыя грамадскія працы альбо арышт, піша «Гомельская Вясна».
Мужчына быў асуджаны 31 кастрычніка 2022 году судом Цэнтральнага раёна Гомеля на 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК). Свой тэрмін ён адбываў тэрмін у ПК № 20 і выйшаў на волю сёлета, напрыканцы жніўня.