Хронікі рэпрэсій за 12 снеежня: У Баранавічах затрымалі 7 былых супрацоўнікаў незалежнай газеты
Улады працягваюць ціск на незалежныя медыя і грамадзянскую супольнасць. У Баранавічах затрымалі сем былых супрацоўнікаў незалежнай газеты Intex-Press — аднаго з найстарэйшых незалежных рэгіянальных СМІ Беларусі. Беларусь у 2024 годзе, паводле міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», заняла чацвёртае месца ў свеце па колькасці журналістаў-вязняў. Пры дапамозе праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння.
Вызваленне палітвязняў у Беларусі: 207 на волі, больш за 1300 застаюцца за кратамі
У Еўрапейскім парламенце адбылося абмеркаванне сітуацыі з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. У выніку сямі этапаў памілавання на волю выйшлі 207 чалавек, аднак за кратамі застаюцца яшчэ больш за 1300 палітвязняў.
Таццяна Хоміч выступіла ў Еўрапарламенце і падкрэсліла, што дыпламатычныя намаганні і міжнародная падтрымка па вызваленні палітзняволеных прыносяць вынік. «Вызваленне 207 палітзняволеных у рамках 7 этапаў памілавання — гэта сігнал, на які трэба адказаць каардынаванымі дзеяннямі, каб працэс працягваўся», — адзначыла яна.
Для працягу вызвалення палітвязняў прапануецца:
- Вітаць кожнае вызваленне як важнае гуманітарнае дасягненне.
- Умацаваць дыпламатычныя намаганні для далейшых вызваленняў.
- Выкарыстоўваць гнуткія і стратэгічныя падыходы.
Нягледзячы на пэўны прагрэс, сітуацыя застаецца крытычнай. У турмах знаходзіцца больш за 1300 палітзняволеных, працягваюцца рэпрэсіі і новыя арышты, асабліва напярэдадні выбараў.
Каля Еўрапарламента адкрылася арт-інсталяцыя, прысвечаная палітзняволеным вясноўцам
12 снежня ў Брусэлі адбылося адкрыццё арт-інсталяцыі «Нязломныя», прысвечаная палітзняволеным праваабаронцам «Вясны» Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу, Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку.
У яе адкрыцці ўзялі ўдзел кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Малгажата Гасеўска, праваабаронца «Вясны» Марына Кастылянчанка і лідарка беларускіх дэмсіл Святлана Ціханоўская. Мерапрыемства адбылося ў межах Дзён Беларусі ў Брусэлі — серыі падзей, якія паказваюць салідарнасць ЕС з народам Беларусі.
Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвід Лэмі напісаў ліст Алесю Бяляцкаму
«Вялікабрытанія ўважліва сачыла за вашай справай з моманту вашага палітычна матываванага арышту ў Беларусі ў 2021 годзе разам з вашымі калегамі, за вашу працу па абароне правоў чалавека.
Вашы шматгадовыя намаганні як заснавальніка мінскага праваабарончага цэнтра «Вясна» па падтрымцы палітвязняў, дакументаванні парушэнняў правоў чалавека і закліках да дэмакратыі адлюстроўваюць каштоўнасці Вялікабрытаніі ды надзеі для Беларусі. Прысуджэнне вам Нобелеўскай прэміі міру ў 2022 годзе сімвалізуе вашу адвагу і значнасць вашай працы
Вялікабрытанія салідарная з вамі і многімі іншымі беларусамі, якія сталі ахвярамі масавых рэпрэсіяў. Жадаю вам моцы і стойкасці, пакуль вы знаходзіцеся ў жахлівых умовах, і заклікаю беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць вас і амаль 1300 іншых палітычных зняволеных».
Рэпрэсіі супраць журналістаў у Баранавічах: затрыманыя сем былых супрацоўнікаў незалежнай газеты Intex-Press
Газета Intex-Press была ліквідавана паўтара года таму. Выданне з'яўлялася адным з найстарэйшых незалежных рэгіянальных СМІ Беларусі.
Сілавікі правялі масавыя затрыманні былых журналістаў і супрацоўнікаў ліквідаванага незалежнага выдання Intex-Press у Баранавічах. Газета Intex-Press была ліквідавана паўтара года таму. Праваабаронцам вядома пра затрыманне сямі чалавек па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманні адбываліся з пачатку снежня 2024 года. Усе затрыманыя праходзяць па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
«Журналісты, нават пасля закрыцця сваіх выданняў, працягваюць сутыкацца з пагрозамі і пераследам, што ўскладняе іх дзейнасць і стварае атмасферу страху», — адзначаюць праваабаронцы.
Глядзіце таксама
Intex-Press быў найбуйнейшым незалежным рэгіянальным выданнем Беларусі. Першы нумар газеты выйшаў у 1994 годзе. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года рэдакцыя сутыкнулася з моцным ціскам.
29 красавіка 2023 года па ініцыятыве пракуратуры суд Баранавічаў прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт незалежнага выдання, а таксама старонкі Intex-Press у сацыяльных сетках і канал на відэахостынгу YouTube.
Гэта чарговы ўдар па незалежных медыя ў Беларусі. Як паведамляе міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» у сваім штогадовым аглядзе, апублікаваным сёння, Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце па колькасці зняволеных журналістаў.
Новая хваля рэпрэсій: суд прызнаў «экстрэмісцкімі» YouTube-канал «Лукашолкі»
Суд Ленінскага раёна Гродна 11 снежня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» папулярны сатырычны YouTube-канал «Лукашолкі» і звязаныя з ім рэсурсы.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», акрамя YouTube-канала, пад забарону трапілі акаўнт у Instagram «annafedoronok», TikTok-канал «baba_gala_rulit», а таксама старонкі для збору ахвяраванняў на платформах donatty.com і bysol.org.
Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі Facebook-старонка «Raport Bialorus», старонкі ў «Х» «volia miasa Mumi-Trola», «Jessie Pinkman» і старонка ў Instagram «filmistr»
Бізнэсоўца з Гомеля сёння пачалі судзіць за «здраду дзяржаве» і «абразу Лукашэнкі»
Гамяльчук Мікалай Юшчанка доўгі час мае ўласны бізнэс. Ягоная фірма прадае гаспадарчыя тавары ды ўпакоўку, пісала (https://nashaniva.com/356299) «Наша Ніва».
Суд над Мікалаем распачаўся 12 снежня ў Гомельскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах — «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Мужчыну пагражае да 19 гадоў калоніі. Працэс узначальвае суддзя Вадзім Бобыраў