Былая палітзняволеная: «Відаць, што ціснуць зверху». Як у калоніях патрабуюць пісаць прашэнне аб памілаванні

Кагосьці прымушаюць прызнаць віну за тое, чаго не здзяйснялі, а кагосьці — пісаць прашэнне аб памілаванні. Як быццам на гэта ёсць асобная разнарадка.

Ілюстрацыйная выява: «Stable Diffusion»

Ілюстрацыйная выява: «Stable Diffusion»

Апошнія месяцы ў Беларусі перыядычна адпускаюць палітвязняў паводле ўказаў Аляксандра Лукашэнкі. Паведамляючы пра гэта, прэс-служба палітыка часта падкрэслівае, што ўсе яны «хадайнічалі аб памілаванні». Прычым ёсць выпадкі, калі палітвязняў прымушаюць пісаць іх (падобна, на гэтым зацыклены сам Лукашэнка). Так і адбылося з Анжалікай, якую пасля 2020 года асудзілі па «палітычным» артыкуле. «Зеркало» пагаварыла з былой палітзняволенай пра тое, як яе ўгаворвалі напісаць прашэнне ледзь не ўсёй калоніяй. Яна напісала, але атрымала адмову.

Імя суразмоўніцы зменена. Выданне таксама не называе артыкул, па якім яна была асуджаная, і перыяд, калі была ў зняволенні, у мэтах бяспекі.

«Было відаць, што ім гэта з нейкай прычыны трэба»

Размовы пра тое, што трэба напісаць прашэнне аб памілаванні, пачаліся адразу, як толькі Анжаліка трапіла ў калонію. У карантыне яна была з іншымі жанчынамі, якіх нядаўна перавялі з СІЗА. Пра прашэнне кіраўніцтва калоніі гаварыла ўсім «палітычным», згадвае беларуска.

— Увесь час прыставалі: «Давайце пішыце, давайце пішыце», — расказвае яна. — Прычым падыходзілі да ўсіх рознымі спосабамі. Кагосьці запалохвалі спагнаннямі, ШІЗА напрыклад, кагосьці, наадварот, угаворвалі. Мяне вось вельмі прасілі. Было відаць, што ім гэта з нейкай прычыны трэба. Гаварылі: «Паглядзіце, вы ж можаце ўжо на святы быць дома са сваёй сям'ёй. Навошта вам тут сядзець? А так дзяцей убачыце. Зразумела, што поглядаў сваіх не зменіце — дулю ў кішэні, і падпісалі». Астатніх не асабліва прыспешвалі: паднаціснуць і адстануць. А мяне вельмі моцна падганялі. Я думала, калі буду цягнуць час, гаварыць, што падумаю, ад мяне адстануць. Ні фіга.

Наогул для падачы прашэння аб памілаванні патрэбна куча дакументаў. Даведкі па месцы жыхарства, з папярэдняй працы, пра тое, што цябе возьмуць на працу па вызваленні, характарыстыкі, паручыцельства — чым больш, тым лепш. Калі ёсць дзеці — іх пасведчанні аб нараджэнні. Я думала, што, пакуль яны гэтыя ўсе паперкі збяруць, тэрмін і скончыцца.

На справе ўсё аказалася інакш. «Калі ім вельмі трэба, наогул няма праблем з дакументамі», — адзначае Анжаліка. Даведкі з працы не спатрэбіліся, а пацвярджэнне таго, што ёсць дзе жыць пасля вызвалення, адміністрацыя калоніі запрасіла сама, копія пасведчання аб нараджэнні дзіцяці ў жанчыны была з сабой. Гэтага аказалася дастаткова.


Глядзіце таксама

— Аднойчы мяне пасярод працоўнага дня выклікалі да іх у спецаддзел (аддзяленне па працы з дакументамі, праз якое праходзяць запыты ў суды, прашэнні, скаргі. — Заўв. рэд.). Я сяджу сабе, шыю нешта на фабрыцы. І тут літаральна за шкірку бяруць, саджаюць за стол і кажуць: «Пішы». І я фактычна пад дыктоўку пісала, — згадвае жанчына. — Наогул прашэнне аб памілаванні пішацца ў вольнай форме, ад душы. Я спытала, пра што менавіта трэба? Кажуць: «Дзіця ёсць? Ну і пішы: "Я сумую па дзіцяці, я такая законапаслухмяная грамадзянка, нельга ж разлучаць маці з дзіцём."» (смяецца). У такім духу ўсё. Выйшла старонка, нават крыху менш.

«Калі скажу "не" — мяне закатаюць пад асфальт»

На наступны дзень жанчыне зноў сказалі прыйсці ў спецаддзел. Прычым у вялікую залу, дзе звычайна праходзяць розныя камісіі:

— Мяне хуценька апыталі і сталі галасаваць, ці прапускаюць прашэнне аб памілаванні вышэй. Усе роўненька прагаласавалі «за». Чыстая фармальнасць, паколькі рашэнне было даўно прынята.

Былая палітзняволеная ўпэўненая, што ўсё, што адбываецца, відавочна ініцыявалася зверху:

— Асабліва гэта было відаць па твары начальніка калоніі Дзяніса Таўсцянкова. Што яму гэта папярок горла, але ён нічога не можа зрабіць, таму што загад зверху. Калі астатнія маглі проста нас не любіць, пабойвацца, не разумець, што з намі рабіць, або нейтральна ставіцца, то ён палітвязняў ненавідзеў.


Глядзіце таксама

— Прыемнага мала, — апісвае Анжаліка свае адчуванні ад таго, што адбывалася тады. — Зразумелая справа, было абурэнне: чаму я павінна прасіць памілаванне за злачынства, якога я не здзяйсняла? Але, з іншага боку, выдатна разумела: я ім патрэбная настолькі, што, калі скажу «не», — мяне закатаюць пад асфальт. А адразу пасля этапу стала зразумела, што змагацца з гэтай сістэмай знутры бессэнсоўна. Гэта як з разгону біцца галавой у глухую сцяну. Навошта? У мяне рэальна дзіця, я яму патрэбная. Я ведала, што мае блізкія і сябры ў любым выпадку падтрымаюць. Гэта было самае важнае.

«Былі на 200% упэўненыя, што мяне адпусцяць»

Пасля таго, як адміністрацыя ўстановы вырашае прапусціць прашэнне аб памілаванні наверх, з жаночай калоніі яно адпраўляецца ў суд Чыгуначнага раёна Гомеля.

Там зварот Анжалікі разгледзела адпаведная камісія, і потым яго перадалі Лукашэнку. Заняло гэта каля двух-трох тыдняў. Палітзняволеная кажа, што не мела вялікіх спадзеваў на вызваленне:

— Я ім не веру, таму адразу забараніла сабе спадзявацца. І адмова для мяне не была такім моцным ударам, як для яшчэ адной зняволенай. Яна пісала прашэнне і вельмі спадзявалася, што яе адпусцяць. Хоць я спрабавала яе настройваць, што не трэба, парадавацца заўсёды паспееш. І калі адмовілі, то ёй было вельмі складана выграбці з поўнай апатыі.

Але не спадзявацца зусім было складана. У тым ліку таму, што за некалькі дзён да рашэння адміністрацыя калоніі настройвала Анжаліку на тое, што яна выйдзе.


Глядзіце таксама

— Яны былі на 200% упэўненыя, што мяне адпусцяць, але ў выніку прыйшла папера з адмовай. Прычым там была такая неадназначная фармулёўка: зразумела, што дакладна не памілавалі, але як быццам і не зусім адмовілі, — расказвае беларуска.

Анжаліка прызнаецца, з такім паваротам справіцца атрымалася. Але ўсё роўна без засмучэння не абышлося:

— Канешне, хацелася дадому. Але, з іншага боку, як бы адвакат ні гаварыў, што не буду сядзець тэрмін да канца, я была маральна гатовая, што раней не выйду. Таму ўвогуле ў маім псіхалагічным стане нічога не змянілася. Вядома, было сумна. Але гэта не стала нейкім ударам.

Чаму адміністрацыя так настойвала, але прашэнне не ўхвалілі? Суразмоўніца ўпэўненая, што яе і праўда збіраліся выпусціць, але ў апошні момант, хутчэй за ўсё, нешта адбылося і ўлады перадумалі.

«Ведаюць, што імі не будуць пагарджаць за напісанае прашэнне»

Паводле слоў Анжалікі, многія палітзняволеныя ў цэлым ставяцца да прашэнняў аб памілаванні негатыўна.

— Не хочуць пісаць, часцей за ўсё, з дзвюх прычын. Першы фактар — гэта ўласны светапогляд, псіхалагічны настрой, нежаданне прызнаваць віну за тое, чаго не рабілі. Другі — думкі, што падумаюць іншыя. Таму раней стараліся пазбягаць гэтага, калі была магчымасць. Бачылі, што пішаш-не пішаш, сітуацыя не асабліва змяняецца, — тлумачыць жанчына.

Беларуска адзначае, што адміністрацыя не заўсёды патрабуе прасіць аб памілаванні, часам кажа проста прызнаваць віну. Гэта суразмоўніца тлумачыць разнарадкай зверху: калоніі патрэбны адсотак людзей, якія «пакаяліся».


Глядзіце таксама

—Яны павінны праводзіць працу па перакоўцы «злачынцаў», — расказвае яна. — І адным з паказчыкаў выканання плана з'яўляюцца прызнанні віны. Вось, мы працуем, гэтыя грамадзяне ўсвядомілі, што яны не мелі рацыі. Так разумею, што, калі ніхто не прызнае віну, яны атрымліваюць па шыі. А, натуральна, атрымліваць яны не хочуць, таму робяць усё, каб паставіць гэтую «птушачку».

Анжаліка кажа, што ўжо пасля яе вызвалення ціск на палітвязняў узмацніўся. Тыя, хто не хацелі прызнаваць віну або пісаць прашэнне, маглі за гэта трапіць у ШІЗА. Але чым далей працягваюцца рэпрэсіі, тым больш палітвязняў згаджаюцца прасіць памілавання самі.

— Цяпер людзі бачаць, які ідзе ціск, і больш рацыянальна ставяцца да ўсяго. Ведаюць, што імі не будуць пагарджаць за гэта. Да таго ж, думаю, пасля таго, як сталі выпускаць людзей, большасць усё-ткі піша з надзеяй, а не проста каб адсталі, — мяркуе Анжаліка.