«Я быццам стаю на аскепках і па кавалачку спрабую сабраць жыццё». Гісторыя былой палітзняволенай
Перажыты досвед зняволення ў сметніцу не выкінеш — ён настолькі моцна ўеўся ў памяць, што цяпер вызначае тваё жыццё.
Пасля вызвалення Ксеніі здавалася, што яна жыве «жыццём іншага чалавека»: «Адчыняю шафу — там рэчы, якія купляла іншая жанчына. У яе было шмат белых шкарпэтак». Ёй было балюча ўсведамляць, што ў знаёмых нарадзіліся дзеці, яны падарожнічалі і раслі па кар'ернай лесвіцы, у той час як яна «шыла і мыла асфальт анучай». Ксенія з'ехала з Беларусі і расказала «Медыязоне», як у СІЗА навучылася вязаць стрыжнем ад ручкі і як у калоніі жанчын, якія «правініліся», саджалі ў клетку на вуліцы.
Імя гераіні зменена.
«Прачынаюся — зноў у пекле». Акрэсціна
12 быдла-мужыкоў з аўтаматамі наляцелі [у кватэру], як мурашы. У іх не было ордэра на ператрус. Па хаце хадзілі як па краме. Скралі грошы, адзенне. Было адчуванне, што я трапіла ў зграю гіен — за адно няправільнае слова або рух мяне разарвалі б.
Яны мяне не білі кулакамі. Пляснулі па задніцы. Усё гэта суправаджалася пагрозамі групавога згвалтавання. Ва ўсіх фарбах апісвалі, што будзе, калі не «здам» усе паролі. Майку задзіралі. Адзін задзірае, а другі здымае на тэлефон. Гэта так зневажальна.
Па дарозе [у ГУБАЗіК] яны абмяркоўвалі наступнае затрыманне: людзі будуць яшчэ ў ложку, там ёсць сабака. Мы ў іх як на далоні. Мне здаецца, яны развучыліся лавіць сапраўдных злачынцаў. Ім не трэба было турбавацца, каб нас арыштаваць.
У мяне такі шок быў. [Затрымалі] рана, не паспела нават зубы пачысціць. На вуліцы людзі спяшаюцца на працу. На скрыжаванні спынілася машына — я гляджу на людзей такімі вачыма... Хочацца крычаць: «Дапамажыце, ратуйце!» А людзі нават не заўважаюць.
У ГУБАЗіКу дапыталі і павезлі ў СК. Перадалі сваю здабычу ў белыя лапкі следчых і пракурора. А тыя нібыта на баку закону. «Вы ж парушылі закон. Ёсць крымінальны артыкул такі-то, ён існуе з 2005 года. Ёсць фотаздымак, як вы стаіце адной нагой на асфальце». І нічога, што за мной тэхніка, якая перакрыла гэтую дарогу.
Я наіўна лічыла, што Акрэсціна 2022-га — гэта не Акрэсціна 2020-га. Што няма масавых затрыманняў. Не ведаю, я не чытала навіны. Заходжу, а мне: «Які? 342? Дык у нас ва ўсіх 342-гі». Там я ўжо пачала раўці.
[Ложкі] без матрацаў, проста драўляныя «шконкі». На ніжняй і верхняй паліцах дзяўчаты ляжаць валетам. Яшчэ пяцёра — на падлозе, падлога брудная. Я легла на драўляны стол каля сцяны — караценькі такі і прыкладна 50 см у шырыню. Магла заснуць максімум на хвілін 15. Потым прачынаюся — зноў у пекле.
Нам не давалі туалетную паперу трое сутак. Быў толькі квадрацік гаспадарчага мыла. На трэція суткі прыйшла медсястра і перадала лекі. На іх было напісана маё імя і сэрцайка. Хтосьці з родных ужо ведаў, што мяне затрымалі.
«Ранейшага жыцця ўжо не будзе». «Валадарка»
Праз 10 дзён мяне перавялі на «Валадарку», дзе я правяла 3 месяцы. Амаль увесь гэты час я праспала. Калі супрацоўнікі бачылі, што я засынала, то не лаяліся. Прачытала кучу кніг. Там выдатная бібліятэка. Я ўпершыню прачытала [кнігі Святланы] Алексіевіч. Пазней у калоніі я прачытала Салжаніцына, Гінзбург, Рыбакова.
Калі б я прачытала іх на волі, то была б гатовая, напрыклад, да «квактухі». Гэта чалавек, які заключае здзелку да суду і выцягвае з іншых інфармацыю. Я адчула, што нешта не так, калі адна жанчына часта сыходзіла на допыты, вярталася вельмі позна — і нейкай сытай. Адчула, што чалавек мяне «апрацоўвае».
Родныя перадалі штодзённік, там я накрэсліла каляндар на 2022 год. Наіўна лічыла, што я выйду. Зрабіла некалькі псіхалагічных выкрутаў для свайго мозгу, каб не з'ехаць з глузду. Напрыклад, зразумела, што ранейшага жыцця ўжо не будзе, што не трэба ўпускаць у сябе суіцыдальныя думкі, хоць яны ламіліся.
Уяўляла, што трапіла ў аварыю, і ўсё — жыццё скончылася. Але я такая маладая, каб паміраць, я хачу яшчэ пажыць. Я агностык, але веру ў вышэйшую сілу. І вось гэтая вышэйшая сіла кажа: «Добра, ты можаш пажыць яшчэ, але табе давядзецца прайсці праз палітзняволенне». Якое пытанне? Я згодная. Гэта і дапамагло мне выцягнуць гэты кашмар. Сышла ў свет сваіх мар і думак.
Заключыла з сабой здзелку: увесь скрадзены ў мяне час буду кампенсаваць кнігамі. Буду чытаць самую складаную літаратуру, якую не дазваляла сабе чытаць на волі.
Я наогул была вельмі мяккім чалавекам, турма зрабіла мяне жорсткай. Я расчаравалася ў чалавецтве яшчэ больш, чым можна ўявіць. Праз тры месяцы там ты ўжо разумееш, што больш не хочаш слухаць гісторыі чужых людзей. Ты стамілася і ў цябе больш няма рэсурсу супакойваць і гаварыць, што ўсё будзе добра. Ты — пусты посуд, які няма чым напаўняць.
«Увесь час хацелася выйсці за дзверы». Гомельскае СІЗА
Суд — гэта спектакль, дзе ты гуляеш па правілах. «Працэс» [Франца] Кафкі — вельмі прыдатная кніга. Падчас перапынку, калі пракурор запытаў больш за год, мяне адвялі ў «стакан». Там я пачала раўці. Узяла з сабой грушу, таму што мне здавалася, што чалавек не можа плакаць, калі есць. Пачала спяваць, гарлапаніць песню на англійскай. Сцены ў «стакане» былі спісаныя рэпрэсаванымі з 2020 года.
Пасля суду мяне этапавалі ў гомельскае СІЗА. Там я пазнаёмілася з вельмі добрымі дзяўчатамі, з якімі мы пасябравалі. Навучылася вязаць на стрыжні. Мы бралі стрыжні і запальнічкай выбівалі з іх чарніла. Ніткі бралі з адзення. Звязала кучу шкарпэтак для сваіх родных, хоць гэтага нельга было рабіць — усё адбіралася. Так што ўся камера проста паварочвалася тварам да акна, як быццам глядзелі ў яго, а локці ходырам хадзілі — мы вязалі.
Там перакідваюць з камеры ў камеру. Вывелі з адной і ў суседнюю змясцілі. Сістэма перастуквання ў СІЗА — гэта цэлае мастацтва. Адразу ж стукаю ў сценку дзяўчатам, яны разумеюць, што я ў суседняй камеры, і мы звязваемся па «турэмным тэлефоне». Гэта значыць, праз ракавіну: адкручваеш шланг ад ракавіны і, як у мікрафон, у яго гаворыш. З іншых паверхаў «тэлефанавалі» хлопчыкі нам, хацелі знаёміцца. Мы гаварылі: «Ваш званок вельмі важны для нас, калі ласка, заставайцеся на лініі».
У дворыках спявалі песні. Табе нельга спяваць, але ты ўсё роўна спяваеш. Забываеш усе тэксты — без гугла ты наогул ніхто. Першы час мне здавалася, што ў мяне ў кішэні вібруе нешта, і ўвесь час хацелася выйсці за дзверы.
Тых, хто «правініліся», саджаюць у клетку на вуліцы — «у навучанне астатнім». Калонія
Калонія — гэта зусім іншы свет. Радуешся свежаму паветру. Як толькі трапіла ў атрад, прыліпла да акна: з яго быў бачны Гомель. Людзі ішлі з каляскамі ў краму. Да мяне падышла жанчына і сказала не глядзець — каб галава не кружылася.
Гэта была зіма, ішоў мокры снег. На асфальце былі лужыны і золь. Асуджаныя прыбіралі асфальт, але ападкі яшчэ ішлі. Рыдлёўкай немагчыма было прыбраць, прыбіралі анучай. Я тады адразу падумала: «Весялуха». Гумар там ратаваў да агіднасці. Ой, як мы рагаталі з дзяўчатамі!
Мы крадком абдымаліся, каб падтрымаць адна адну. Ты забываеш, што такое цяпло чалавечага цела. Важна, каб хтосьці проста падтрымаў, пагладзіў па галаве. Я ніколі не забуду свой першы званок маме з калоніі. Уся такая спакойная, сабраная, ужо жорсткая тэлефаную ёй і кажу, як дзіця, якое разбіла каленку, з усімі соплямі-бурбалкамі.
Яшчэ я ўбачыла «сярэднявечную» клетку для пакаранняў каля брамы калоніі. Невялікая, метр на два. Паводле меркавання адміністрацыі, у залежнасці ад ступені віны — калі яшчэ не рапарт і цябе не адпраўляюць у ШІЗА — цябе можна «правучыць у навуку астатнім». Становішся ў гэтую «сярэднявечную клетку ганьбы», і, калі атрад ідзе на фабрыку, усе глядзяць на цябе.
Пра клетку падрабязна пісаў у даследаванні Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі. Клетка знаходзіцца каля КПП калоніі — паміж жылой і прамысловай зонамі. Жанчын змяшчаюць у яе, напрыклад, за адмову ад выканання распараджэнняў супрацоўнікаў калоніі або канфлікты з іншымі зняволенымі. Клетка размешчана такім чынам, каб яе маглі бачыць як мага больш асуджаных па дарозе на працу і назад. Супрацоўнікі калоніі і зняволеныя называюць яе «клеткай ганьбы».
Усё, што пабудавана [у калоніі], пабудавана рукамі «зэчак». Прыязджае машына — мужыкі яе адчыняюць і стаяць чакаюць, пакуль ты, баба, разгрузіш гэтыя камяні. Навошта наймаць грузчыкаў, калі ёсць бабы? Сорамна казаць, але ў мяне вылез гемарой ад гэтага цяжару.
Мне падабалася працаваць на фабрыцы, таму што праз манатонную працу бяжыць час. Але ўвесь час у мяне была алергія на тканіну. Кружылася галава, ледзь не страціла прытомнасць. Я пісала пра гэта родным. Адміністрацыя мяне выклікала, паказала гэты ліст і сказала: «Ты альбо пішаш, што ў цябе ўсё добра, альбо ліст не сыходзіць».
Калі ты паказваеш, што табе нешта важна, то цябе гэтага пазбаўляюць. Вернікаў-«экстрэмістаў» не пускалі ў царкву. Я, на жаль, сказала «оперу», што вельмі хачу ў спартзалу. У 9 атрадзе на нейкі час «экстрэмістам» забаранілі хадзіць у бібліятэку. Зразумела: там, дзе Марына Золатава, там і забаранілі.
Яны дагэтуль не ведаюць, што з намі рабіць. Што ні вазьмі — усё «экстрэмісты» робяць добра. Прыехалі людзі з вышэйшай адукацыяй, якія хочуць вучыцца. Яны ўсіх упрошвалі запісацца на нейкія курсы, а «экстрэмісты» самі запісваюцца — іх туды не пускаюць. Прыходзім на абмеркаванне фільма і абмяркоўваем, спрабуем дыскутаваць, каб мазгі трохі памасажаваць. «Яны атрымліваюць ад гэтага задавальненне? Забараніць!». Ходзяць толькі «зэчкі», і абмеркавання няма. Даводзіцца зноў вадзіць «экстрэмістаў».
«У мяне ў галаве не 2024-ты — там 2020-ты». Вызваленне
Чакаеш гэтага дня (дня выхаду з калоніі. — Заўв. рэд.) як нешта нерэальнае. Лічыш ночы, тыдні, лазні і «атаваркі» — колькі іх засталося. І калі гэты дзень раптам надыходзіць, кружыцца галава. Як быццам глядзіш фільм пра іншага чалавека, бачыш боль у вачах сваіх сяброў. Выходзіш у іншы свет. Як быццам я памерла, знаходзілася ў іншым свеце, а цяпер вяртаюся ў гэты нерэальны свет свабоды.
Выходзіш спустошанай. Не верыш, што ўсё заканчваецца. Да апошняга моманту думаеш, што цяпер будзе новая справа, новы тэрмін. Паварочваешся і чакаеш, пакуль да цябе падбягуць і схопяць зноў.
Адразу я не плакала. Усе родныя плакалі, абдымалі мяне, а ў мяне не было слёз. Калі засталася сам-насам — раўла. У мяне ў галаве не 2024-ты — там 2020-ты. У мяне няма адчування, што гэтая бясконцасць, праведзеная там, сціснулася ў нейкую прастору і час. Як быццам тыдзень таму сышла — і вось вярнулася.
Цяпер стан нестабільны. Калі з роднымі — усё нармальна, застаешся адзін на адзін з сабой — усплываюць боль, злосць, страх. Немагчыма дыхаць ад гэтага болю. З табой складана размаўляць, таму што ўсе тэмы пераходзяць на турму. Калі правяраеш час на тэлефоне, думаеш: «Што цяпер там дзяўчатыі робяць?»
Здавалася, што я нашу чужыя шмоткі, жыву жыццём іншага чалавека. Адчыняю шафу—- там рэчы, якія купляла іншая жанчына. У яе было шмат белых шкарпэтак. У яе было такая сукенка. Правяраю ўсю касметыку — тэрмін прыдатнасці скончыўся. Быццам выйшла з комы. Вельмі балюча глядзець, што людзі нараджалі дзяцей, шмат падарожнічалі, вывучалі мовы і раслі па кар'ернай лесвіцы. А я шыла і мыла асфальт анучай.
Як вяртацца ў гэтае жыццё, я не ведаю. Добра, што ёсць псіхолаг. Як бы толькі не сарвацца, не сысці ў дэпрэсію. Самы просты спосаб — зачыніцца ў кватэры. Не ведаю, што рабіць далей са сваім жыццём. Як быццам стаю на аскепках і па кавалачку спрабую яго (жыццё. — Заўв. рэд.) сабраць.
Псіхолаг сказала, што ў мяне вельмі моцная псіхіка і ўсе мае псіхалагічныя хітрыкі, якія я сабе рабіла, правільныя. Проста цяпер маёй псіхіцы, якая была мабілізаваная цалкам, трэба выдыхнуць. Яна сказала, што для аднаўлення патрэбныя тры фактары: час, прастора і бяспека.
Я ўдзячная гэтаму досведу, таму што ў мяне ёсць алібі перад маімі ўнукамі. Што бабуля рабіла, калі ў краіне адбываліся такія рэчы? Я набыла больш, чым страціла. Пазнаёмілася з вялікай колькасцю людзей, прачытала шмат кніг. У мяне было больш за год самакапання і аналізу сваіх учынкаў, сваіх каштоўнасцей.
Як выправіць «палітычнага» [зняволенага]? Зрабіць яго здольным да гвалту, калі ён выступаў супраць гвалту? Атрымліваецца, так мяне павінна была краіна выправіць, ці што?
«Мне дапамагае рэабілітавацца ChatGPT». Жыццё на волі
Цяпер у мяне перыяд эйфарыі, калі ўсё, што мяне акружае, выклікае захапленне, я бачу ва ўсім прыгажосць. Кожны лісточак на дрэве для мяне выдатны. Магчымасць есці відэльцам, магчымасць памыцца ў любы момант. У калоніі можна мыцца раз на тыдзень па 15 хвілін уключна з пераапрананнем. А тут я магу не вылазіць з душа. Магу паспаць лішні час. Магу адчыніць акно і любавацца ўсім на свеце. Я вольная. Самае каштоўнае, што ёсць у чалавека — гэта свабода.
А яшчэ мне дапамагае рэабілітавацца ChatGPT. Дзіўная рэч, я прапусціла гэты прарыў у галіне AI і якраз выйшла да таго часу, калі ўжо ёсць абноўленая версія. Яна мне склала распарадак дня, намалявала план трэніровак. Нават напісала мне верш пра прынцэсу, якая вярнулася з цёмнай вежы.
Дзіўны свет. Я ішла па вуліцы, і міма мяне праязджаў робат-газонакасілка. У краме робат робіць марозіва. І гэта вельмі крута. А колькі выйшла серыялаў на «Netflix»! Не трэба чакаць па адной серыі. Мае сябры мне ўжо склалі топ-10, з чаго варта пачаць. Я проста пад кайфам ад гэтага.