Хронікі рэпрэсій, 27 лістапада. У Гомелі затрымалі як мінімум 10 чалавек, двух — па крымінальнай справе
Амаль два месяцы невядомае месцазнаходжанне Аляксандра Францкевіча. Распавядаем пра галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».
Рэчыцкага лекара-рэаніматолага, якога судзілі за «распаўсюд экстрэмізму», відавочна, звольнілі з працы
19 лістапада ў Рэчыцы адбыўся судовы працэс у дачыненні да Андрэя Курловіча. Яго абвінавачвалі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Справу мужчыны разглядала суддзя Юліяна Лунцэвіч.
Андрэй Курловіч працаваў загадчыкам анестэзійна-рэанімацыйнага аддзялення Рэчыцкай цэнтральнай раённай лякарні. У горадзе і раёне ён вядомы як адзін з найбольш прафесійных лекараў.
На момант, калі праваабаронцы даведаліся пра гэты суд, Андрэй Курловіч яшчэ быў пазначаны на сайце раённай лякарні як загадчык аддзялення. Цяпер у гэтай якасці на сайце фігуруе іншы лекар — Андрэй Мамантаў, які раней кіраваў анестэзіялогіяй і рэанімацыяй у радзільным доме, піша «Гомельская Вясна».
Мамантаў вядомы ў Рэчыцы сваёй праўладнай і прарасійскай пазіцыяй.
У Брэсце пачалі судзіць жанчыну паводле чатырох крымінальных артыкулаў
У Брэсцкім абласным судзе 27 лістапада пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Курыс Ганны паводле чатырох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі), арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў).
Дыфамацыйныя артыкулы, якія ставяць у віну Ганне — адныя з самых распаўсюджаных палітычных артыкулаў, па якіх цяпер судзяць беларусаў.
Працэс вядзе палітычны суддзя Сянько Мікалай, які раней ужо асудзіў некалькіх палітвязняў, сярод якіх Левая Наталля і Макавей Арцём.
У снежні пачнуць судзіць палітзняволеную маці траіх непаўнагадовых дзяцей
45-гадовая Вікторыя Дамастой першы раз была затрымана напрыканцы студзеня падчас масавага хапуна супрацоўнікамі КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY. Падставай сталі лісты і грошовыя пераводы палітвязням.
Але пад варту жанчыну тады не ўзялі. Падчас ператрусу ў яе канфіскавалі тэхніку і грошы. Пасля атрымання вынікаў экспертызы тэхнікі, 20 красавіка, Вікторыю змясцілі пад варту паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). У Вікторыі трое непоўнагадовых дзяцей.
Справу жанчыны пачнуць разглядаць 9 снежня ў Гродзенскім абласным судзе. Працэс будзе весці суддзя Юрый Казакевіч.
У Гомелі затрымалі як мінімум 10 чалавек, двух — па крымінальнай справе
Як стала вядома «Флагштоку», большасць затрыманых дагэтуль утрымліваюць у заключэнні, прычым некаторых перавялі ў СІЗА і абвінавачваюць па крымінальных артыкулах. «Флагшток» не называе прозвішчы рэпрэсаваных і абвінавачанні, якія ім выстаўляю, але канстатуе, што было затрымана больш за дзесяць чалавек, сярод якіх ёсць былыя палітзняволеныя.
Большасць затрыманых — гэта людзі, якія не праяўлялі ніякай актыўнасці ў апошнія гады, але вядомыя як удзельнікі дэмакратычнага руху яшчэ да пратэстаў 2020 года.
Пакуль вядома як мінімум пра дзве крымінальныя справы і пра тое, што некаторым з затрыманых ужо тройчы запар прысуджалі адміністрацыйны арышт за «экстрэмісцкія» падпіскі.
У Беларусі +18 новых палітвязняў
Гэта Таццяна Кашчэева, Уладзімір Кашчэеў, Ігар Бацян, Ілля Нарышкін, Наталля Зайцава, Ян Карліёнаў, Алена Барысюк, Анатоль Шуляк, Анастасія Жыльская, Наталля Мікуліч, Ірына Мазоль, Дзмітрый Голуб, Таццяна Аляксейчык, Аляксандр Яцкевіч, Аляксей Сіленка, Таццяна Бадрэнка, Алена Марозава, Васіль Верамейчык.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі старонкі ва «Укантакце» «Беларусь, за честные выборы» і «Free Zhlobin», старонка ў Instagram «kiryll atamanchyk», TikTok-акаунт «Вольны белару».
Уладальніка гродзенскага блога S13 Сяргея Чабоцьку адправілі яшчэ на 15 сутак арышту
Сяргея Чабоцьку судзілі 22 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Гродна за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт.19.11 КаАП). Яго адправілі яшчэ на 15 сутак адміністрацыйнага арышту — гэта яго трэці тэрмін, піша Hrodna.life.
Сяргея затрымалі 23 кастрычніка. Яго судзілі тройчы — за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «несанкцыянаванае пікетаванне».
Рэсурс S13 з’явіўся ў Гродне ў 2005 годзе і першапачаткова працаваў як блог. Пазней ператварыўся ў Інфармацыйны партал — агрэгатар навін. Уласнага кантэнту на сайце было няшмат, але доўгія гады рэсурс быў адным з самых папулярных у горадзе. Напрыканцы кастрычніка стала вядома, што кантэнт парталу «s13» і яго сацсеткі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Амаль два месяцы невядомае месцазнаходжанне палітвязня Аляксандра Францкевіча
У чэрвені ў судзе Ваўкавыскага раёна палітвязню, асуджанаму раней да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, дадалі яшчэ 1 год зняволення. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі).
Да разгляду апеляцыйнай скаргі яго ўтрымлівалі ў баранавіцкім СІЗА-6, адкуль напачатку кастрычніка этапавалі ў калоніі, але якую — невядома. З таго часу яго блізкія не атрымлівалі ад яго ні лістоў, ні паведамлення з папраўчай установы, куды яго накіравалі для адбыцця пакарання. Таму фактычна амаль два месяцы нічога невядома пра стан і месцазнаходжанне Аляксандра.
Маці палітвязня — Таццяна — цяпер таксама знаходзіцца ў зняволенні ў межах крымінальнай справы.