Гродзенка, якую асудзілі за БЧБ-штаны, паспрабавала абскардзіць пастанову пра штраф
Абласны суд у Гродне разгледзеў скаргу Любові Сарлай, якую ў студзені затрымалі на вуліцы Савецкай у штанах з бел-чырвона-белай палоскай. У пратаколе затрымання напісана, што «колер штаноў парушае грамадска-палітычную абстаноўку», паведамляе Блог Гродна S13.
Больш за суткі Любоў Сарлай правяла ў ІЧУ, а пазней была аштрафаваная па скайпе суддзёй Русланам Гурыным на 20 базавых велічынь.
Любоў Сарлай з рашэннем суда не пагадзілася — і падала скаргу ў Гродзенскі абласны суд. Суддзя Раманоўскі, выслухаў довады гродзенкі пра сваю невінаватасць — і пакінуў рашэнне суда першай інстанцыі без змен.
— Не разумею, чаму я павінна даказваць сваю невінаватасць. У той дзень я ішла па горадзе, шмат людзей не было. Ніякага мітынгу там не было. Я ішла з універмага да машыны, у руках трымала кубачак з кавай — як раптам наляцелі на мяне амапаўцы, — распавяла на судзе Любоў Сарлай.
Яна звяртала ўвагу суддзі на супярэчнасці ў пратаколах: час, месца затрымання былі, паводле яе слоў, пазначаны няправільна. Акрамя таго, у пратаколе сказана, што дзяўчына выкрыквала лозунгі, але ў матэрыялах справы ёсць відэафайлы, дзе відаць, што гэтага не было, кажа Любоў.
— У іх пазначана, што я перасоўвалася па горадзе ў штанах з бел-чырвона-белымі палоскамі. Ёсць скрыншоты з сацыяльных сетак, дзе відаць, што ў гэтых штанах я хадзіла яшчэ ў 2017 годзе, — кажа на судзе Любоў Сарлай. — Я не хуліганка. Я знаходжуся ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. Я правяла суткі ў ІЧУ, гэта ўжо для мяне пакаранне. Чаму я павінна яшчэ плаціць штраф?
Суддзя Раманоўскі пакінуў рашэнне першай інстанцыі без змен. Ці будзе далей абскарджваць пакаранне, дзяўчына яшчэ не вырашыла.
Што гэта за справа аб БЧБ-штанах?
Любоў Сарлай была затрыманая 18 студзеня на вуліцы Савецкай. Больш за суткі яна правяла ў ізалятары часовага ўтрымання, а пазней суддзёй Ленінскага раёна Русланам Гурыным была аштрафаваная на 580 рублёў (20 базавых велічынь) за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».
У пратаколе затрымання напісана, што «колер штаноў парушае грамадска-палітычную абстаноўку».