«Газета павінна была стварыць Беларусь» — 117 гадоў «Нашай Ніве»

Сёння сваё 117-годдзе адзначае першая беларуская газета «Наша Ніва», якая выдавалася ў Вільні з 1906 па 1915 год, а потым адрадзілася ў 1991-м і, нягледзячы на ўсе цяжкасці, існуе да нашага часу анлайн, заахвочваючы беларускасцю новыя пакаленні чытачоў.

niva_logo_1.jpg


Для таго, каб зразумець, што такое «Наша Ніва» для Беларусі і наколькі вялізную ролю гэтая абрэвіятура — «НН» — адыграла ў справе фарміравання і захавання беларускай нацыі, звяртаемся да эсэ Сяргея Дубаўца, галоўнага рэдактара газеты з 1991 па 2000 гады, якому сённяшняя «Наша Ніва» абавязана сваім існаваннем. Эсэ было напісана з нагоды стагоддзя першай беларускай газеты.
(Захаваны правапіс арыгінала)
«Скажу адразу, што я ня ведаю, што такое «Наша Ніва». Магу толькі з пэўнасьцю сказаць, што гэта — не газэта. Газэты не перавыдаюцца праз сто гадоў і праз пяць эпох не чытаюцца з першапачатковым захапленьнем. …Газэты не даюць сваю назву эпохам, як гэта адбылося ў беларускай гісторыі, дзе пачатак дваццатага стагоддзя мы называем «нашаніўскай парой».

Сяргей Дубавец. Фота «Радыё Свабода»

Сяргей Дубавец. Фота «Радыё Свабода»

Сяргей Дубавец прапануе чытачам разглядаць «Нашу Ніву» як самы сапраўдны беларускі эпас, якога так не хапае нам, беларусам, каб адчуваць сабе паўнавартаснай нацыяй.
«Адна з дэфініцыяў кажа: эпас — найбольш поўная і дакладная мадэль гістарычнай самаацэнкі народу. Другая дадае: у часы заняпаду эпас абуджае нацыянальную самасьвядомасьць і спрыяе фармаваньню нацыі. Увогуле існуе шмат розных азначэньняў нацыянальнага эпасу, і ўсе яны прыдатныя для «НН». Найважнейшае — у эпасе і праз стагодзьдзі мы знаходзім адказы на запыты дня сёньняшняга».
Але тут жа аўтар адзначае: «Нашу Ніву» дасьледнікі як эпас не разглядалі. Газета сабе й газета, хоць і вельмі важную ролю адыграла. То яе дробнабуржуазным выданьнем у сталінскія часы называлі, то рэвалюцыйна-дэмакратычным — пасьля, у часы рэабілітацыі. Так і жылі з недаацэненай культурнай зьявай, з аднаго боку, і бяз так патрэбнае цэнтральнае зьявы культуры — з другога».

«Нашаніўцы»: Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Аляксандар Уласаў

«Нашаніўцы»: Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Аляксандар Уласаў

Першыя беларускія газеты «Наша Доля» і «Наша Ніва» з’явіліся пасля Маніфеста цара Мікалая II ад 17 кастрычніка 1905 года. Маніфест, у сваю чаргу, стаў вынікам выбуху рэвалюцыі 1905 года і абвяшчаў пэўную ступень свабоды слова, у тым ліку дазваляў з’яўленне друку на нацыянальных мовах. Браты Антон і Іван Луцкевічы хутка скарысталіся такой магчымасцю і стварылі газету «Наша Доля».
«Наша Доля» адрознівалася вельмі рашучым рэвалюцыйным запалам і хутка была забаронена. На змену ёй і прыйшла «Наша Ніва», якая істотна пераглядзела падыход да вырашэння праблем беларускага народа і была скіравана не на распаўсюджванне нянавісці, але на пошук шляхоў фарміравання беларускай нацыі. Сяргей Дубавец сфармуляваў асноўныя прынцыпы гэтага новага падыходу:
«Аўтарытарны рэжым нельга перамагчы тады, калі ты заб’еш цара альбо падымеш бунт і пасееш усеагульную дэструкцыю. Таму што галоўнае апірышча рэжыму — народная цемната, якая ад кінутай табою бомбы не прасьвятлее. Вось чаму інструмэнтам змаганьня з аўтарытарызмам павінна стаць не рэвалюцыя, а — пабудова сучаснае нацыі. … Іншымі словамі, інтэлектуалы і арыстакраты духу Луцкевічы мелі выбар: бунтаваць народ супраць уладаў ці будаваць нацыю, якая ўжо сама не захоча аўтарытарнага рэжыму. Шукаючы адказу на запыты дня сёньняшняга, я часам міжволі згадваю гэтую цытату і думаю, ці не падказвае феномен «НН» нам сёньняшнім пэўны шлях з той сытуацыі, у якой мы апынуліся».
І яшчэ некалькі істотных адрозненняў «Нашай Долі» ад «Нашай Нівы» — як пераемніка, паводле Сяргей Дубаўца:
«Пакінуўшы радыкальную «Нашу Долю», браты-заснавальнікі кардынальна зьмянілі ня толькі свае тактычныя й стратэгічныя пляны. Гэта была зьмена сьветапогляду і ўсёй жыцьцёвай праграмы. Яны перасталі быць рэвалюцыянерамі-бамбістамі з адпаведнай гэтаму кшталту тэорыяй і практыкай, а ператварыліся ў будаўнікоў, у муляраў метафізікі, у архітэктараў будучага нацыянальнага палацу. «НН» сапраўды выглядала больш асьцярожнай у параўнаньні з «Нашай Доляй». Але гэтая зьнешняя асьцярожнасьць не была простай асьцярогаю, гэта і была іншая праграма. У параўнаньні з бамбісцкай гэта была праграма жыцьця…
Для «НН» пачатку стагодзьдзя не надаюцца сучасныя вызначэньні «апазыцыйнай» альбо «недзяржаўнай» ці нават «незалежнай» газэты. Яна стаяла на пазыцыях патэнцыйнае беларускае дзяржавы і кансалідавала для гэтай дзяржавы беларускую нацыю — служыла цалкам выразным мэтам і патрэбам канкрэтнага народу. У адрозьненьне ад «Нашай Долі», «НН» не вяла агонь на паражэньне існага палітычнага рэжыму. Яе крытыка і прапаганда «супраць» мела дэталізаванага адрасата. Скажам, пэўны дэпутат або чыноўнік, пэўнае грамадзкае таварыства або пэўная газэта вядуць лінію супраць нашых сацыяльных і нацыянальных інтарэсаў, і мы пра гэта распавядаем. Але шмат болей мы распавядаем пра тых, хто дзейнічае на нашу нацыянальную і сацыяльную карысьць. Увогуле «за» на газэтнай плошчы займае нашмат больш мейсца, чым «супраць». З улікам таго, што «супраць» мы выказваемся ня толькі на палітычныя тэмы, але й супраць п’янства, антысанітарыі, невуцтва...».
Такім чынам, у «Нашай Нівы» з’явілася звышзадача. Сяргей Дубавец: «Практычна ўсё, што рабілася, рабілася з нуля. Пры гэтым не стаяла мэта — стварыць газэту. Газэта павінна была стварыць Беларусь — краіну і сучасную нацыю».


Пра заснавальнікаў «Нашай Нівы» першы галоўны рэдактар адроджанай газеты піша: «Зьяўляюцца браты Луцкевічы, якія пачынаюць свой персанальны, аўтарскі праэкт — Беларусь. І як геній паэта падказвае яму жывучыя ідэі, так і ім іх геній падказаў іхную паэму пад назваю «НН». … Відавочна, насельнікі Заходняй Беларусі глядзелі на Івана Луцкевіча як на асобу нумар адзін сваёй найноўшай гісторыі. Для іх гэта быў стваральнік дзяржавы — як Пілсудзкі ў Польшчы ці Ленін у СССР. І тут няма перабольшаньня. Калі ў 1918 годзе лідэры Першага Усебеларускага кангрэсу ў Менску схіляліся ў бок абвяшчэньня аўтаноміі ў складзе Расеі, на кангрэсе зьявіліся браты Луцкевічы і адназначна сьцьвердзілі — поўная незалежнасьць!».
Іван Луцкевіч памёр у 1919 годзе. Яго брат Антон пісаў у сваіх успамінах: «У Татрах — у Закапаным — памёр Бацька Беларускага Адраджэньня Іван Луцкевіч. Там скромны драўляны крыж адзначае магілу Таго, хто ўсё жыцьцё сваё аддаў на служэньне Беларускаму Народу, хто так поўна, да канца згарэў за Беларускую Ідэю».
Антон Луцкевіч быў арыштаваны бальшавікамі, якія прыйшлі ў Вільню ў 1939 годзе, і памёр у ГУЛАГу.


Прайшлі дзясяткі гадоў, але «Наша Ніва», як усялякі сапраўдны эпас, прайшла выпрабаванне часам і ў 1991 годзе адрадзілася ў Вільні пад рэдакцыяй Сяргея Дубаўца. Вось як ён узгадвае першы перыяд працы над «НН»:
«Калі ў 1991-м годзе мы з сябрамі пераехалі ў Вільню, каб пачаць тут рабіць адноўленую газэту, я таксама ня ведаў, што гэта такое — «Наша Ніва», як ня мог і ацаніць таго, што ў нас атрымлівалася. Магу толькі з пэўнасьцю сказаць, што гэта была безаглядна натхнёная творчасьць. Цяпер я разумею, што мы спрабавалі патрапіць у гэты самы рытм спрадвечнае нацыянальнае кардыяграмы і дыхаць у тахт. Нічога не рабілася паводле нейкага вызначанага абавязку, над намі не дамінавалі законы жанру або палітычная кан’юнктура, нічога не было руцінай... І гэта не была газэта».
Бальшавіцкія жорны не далі братам Луцкевічам выкануць сваю звышзадачу — станаўленне беларускай нацыі, і таму асноўныя мэты перад Сяргеем Дубаўцом засталіся ўсё тыя ж. Падаецца, «братам-заснавальнікам» газеты пашчасціла з асобай таго, хто ўзяўся за яе адраджэнне. Паводле Сяргея Дубаўца, «станаўленьне адбываецца зусім не ў палітычнай сферы, а недзе ў роднай хаце пад матчынаю апекай, з кніжкай у руках, з першым запалым у душу вершам...».
«Наша Ніва» заўсёды існавала насуперак, але цяпер яна перажывае ці не самыя цяжкія часы ў сваёй гісторыі. 
Рэдакцыя «Новага Часу» віншуе «Нашу Ніву» са 117-годдзем і жадае росквіту насуперак усяму.