Ганна Красуліна атрымала від на жыхарства і збіраецца атрымаць грамадзянства
Ганна Красуліна, прэс-сакратарка АГП, якая мае расійскае грамадзянства, атрымала від на жыхарства ў Беларусі. Яна спадзяецца, што справа пра яе высылку закончаная.
Пра гэта Ганна Красуліна паведаміла ў сваім фэйсбуку.
"Атрымала від на жыхарства ў РБ. Так што справа пра маю высылку закончаная. Дзякуй, сябры! Наступны этап — падам на грамадзянства", — напісала прэс-сакратарка Аб’яднанай грамадзянмкай партыі.
Ганна Красуліна даўно жыве ў Беларусі, у яе тут сям’я — муж і дзеці, у якіх беларускае грамадзянства. Напрыканцы мінулага года УУС запатрабавала выслаць Ганну Красуліну з Беларусі на год. Падставай для высылкі УУС называла адміністрацыйныя штрафы за ўдзел прэс-сакратаркі АГП у дзвюх несанкцыянаваных вулічных акцыях, а таксама праезд без квітка ў грамадскім транспарце.
Суд Маскоўскага раёна 19 снежня задаволіў скаргу прэс-сакратара АГП Ганны Красулінай на рашэнне пра высылку і адмяніў пастанову УУС аб высылцы.